Мы ўсе на пальцы Бога.
- Ты геній! - крычаў Шкляр егеру Максімаву, які час ад часу Богу тэлефанаваў.
У леснічоўцы вісеў на сцяне тэлефон. Звычайны вулічны аўтамат, які Максімаў прыцягнуў па п’янцы з Мурманску, вырваўшы яго з тэлефоннай будкі на вакзале. Тэлефон ні да чаго не быў падключаны - тут не было да чаго яго падключыць. Егер Максімаў кідаў у шчыліну манетапрыёмніка дзве капейкі, круціў дыск, набіраў нумар і слухаў бясконцае маўчанне, што плыло над Божым шляхам, над лесам і ракой, над леснічоўкай… Гадзінамі слухаў…
- Пагаварылі, - казаў ён, чапляючы трубку і забіраючы дзве капейкі. - Плаціць, Бог сказаў, не трэба.
"Нешта было яшчэ да Сусвету… - слухаючы маўчанне Максімава, ціха казаў Шкляр. - І пытаў егера: - Як ты думаеш: што магло быць да Бога?.."
Гэтага Максімаў не ведаў. І запісваў тое, што казаў Шкляр, характар якога не замінаў яму быць паэтам. Сапраўдным, хоць тыя, хто Шкляру зайздросціў, пісалі, што ўсе ягоныя вершы - для рубрыкі "На рэках і азёрах" у часопісах па лясной і воднай гаспадарцы.
"Пігмеі! - стоячы над парогам Умбы, вяшчаў паэт Шкляр, перакананы, што егер Максімаў за ім гэта запіша. - Тут я дацягваюся канцом вуды да Гамера! А яны там нават да мяне дацягнуцца не могуць".
"І не дацягнуцца, - падліваў ялею Максімаў. - Нават са шведскім спінінгам ніхто з іх блешню далей за цябе не кіне".
Егер Максімаў, чалавек, які тэлефанаваў Богу, не мог не паважаць у Шкляры паэта. Чалавека, Богам пазначанага. Але яшчэ больш егер Максімаў паважаў у Шкляры рыбака. "Ён смецця не бярэ, - з павагай казаў Максімаў. - Толькі рыбу".
Калі на Умбе кажуць пра рыбу, гэта значыць пра сёмгу. Ну, яшчэ пра кумжу. Што не сёмга ці не кумжа - не рыба. Шчупак, язь, сіг, акунь…
Усе егеры па ўсёй Умбе ведалі, як Шкляр упраўляецца са спінінгам. Пры кароткім, ледзь заўважным замаху блешня далятала да другога берага любой ракі.
Шкляр і пісаў гэтак, як блешню кідаў. З кароткім, які няведама скуль у ім браўся, замахам, і з высокім палётам верша. Няхай не кожнага, але ж і не кожная блешня далятае да другога берага.
Яны, Шкляр і Максімаў, паэт і егер, часта гаварылі пра "другі бераг". Можа, таму, што Умба - гэта Край Зямлі, як назвалі сваю раку саамы. Там, за краем зямлі і пачынаецца той бераг, на які рана ці позна кожны ступае, пераплыўшы сваю раку. І што, і хто нас там чакае?..
Невядома.
"Ну і добра, што невядома, - казаў Шкляр. - Бо невядомае - усё, што захочаш, а вядомае толькі адно".
Егер Максімаў думаў, што на тым беразе чакае Бог. Паэт Шкляр ведаў, што Ніхто і Нічога, але не казаў пра тое егеру Максімаву. Ён чытаў яму вершы.
Я видел паклю и кресало
В руках у матери больной,
Но только небо потрясало
Меня своею глубиной.
Мир окружала тьма ночная,
И небо надо мной текло,
И бился ум, изнемогая,
Как бьется бабочка в стекло.
- Неяк дзіўна пра маці… - уздыхаў егер Максімаў, і паэт Шкляр згодна ківаў: "Так, дзіўнавата. Як наша адзінота да самых зор…"
"Ты чаму п’еш?.." - спытаў ён у адной з такіх задушэўных размоў Максімава, і той паспавядаўся яму. Прызнаўся, што п’е праз грэх на душы. Праз віну перад маці. "Я ў Мурмане быў, калі яна захварэла. Мне суседка тэлеграму даслала, што маці захварэла моцна, што яе трэба ў шпіталь. А ў мяне ў Мурмане… Ну, важная справа. Намеснікам у інспекцыю праз адну кралю, якую я на кручок узяў і ў якой бацька начальнік, могуць прызначыць. Ты ж ведаеш, што такое інспекцыя. Гэта... У нас гэта ўсё. А калі і краля з кручка, і справа сарвалася, я запіў. Маці памерла, мяне шукалі, я ў яе адзін. Не знайшлі. Можа, яна і са мной, і ў шпіталі б памерла, але... Чужыя людзі пахавалі. Яна памірала, а я з краляй... Яе хавалі, а я з інспекцыяй... Якая краля, якая інспекцыя?.. Калі маці… Дык вось тут, - сціскаў Максімаў грудзі заветранымі, задубелымі рукамі, паказваючы, як баліць. - Дасюль. І ўсё мацней. Ужо й выпіваю - не лягчэе..."
Егер Максімаў паважаў паэта Шкляра - і паэт Шкляр паважаў егера Максімава. І абодва хацелі зрабіць адзін аднаму што-небудзь прыемнае. Таму аднойчы, калі Максімаў затужыў, а затужыўшы, выпіў, каб не тужыць, у леснічоўцы зазваніў тэлефон-аўтамат. Віктар, ведаючы, што тэлефон зазвоніць, бо ўчора яны са Шклярам сустрэлі недалёка ад леснічоўкі вайсковых сувязістаў і за дзве пляшкі гарэлкі пра ўсё з імі дамовіліся, зняў трубку і расштурхаў захмялелага егера: "Гэта цябе". - "Хто?.. Хто мяне?.." - "Не ведаю. Кажа, што Бог".
Максімаў узяў трубку. "Гэта егер Максімаў?" - спытаў Бог. - "Так. Егер Максімаў". - "Я ведаю пра твой грэх перад маці, Максімаў. Гэта цяжкі грэх, але ты выкупіў яго сваімі пакутамі. І я дарую табе грэх гэты, плыві да другога берага спакойна".
Тэлефон змоўк, Максімаў выскачыў з леснічоўкі, але сувязісты са Шклярам схаваліся на другім беразе - і нідзе не было Нікога і Нічога, толькі Паўночнае ззянне пералівалася, цякло між берагамі. "І ў гэтым ззянні, - распавядаў пасля Максімаў, - плыла рыбіна, і на ёй сядзеў Бог". А Шкляр пытаў: "З тэлефонам?.."
Дзіўна, але ў той дзень, у які вылавіў Віктар сваю рыбу, у ноч таго дня, прагавораную з Алегам каля вогнішча на беразе бязлюднай паўночнай ракі пад плынню ззяючых усімі фарбамі свету нябёсаў, яму таксама ўбачылася нешта падобнае. І рыбіна, на якой плыў Бог, была ягонай.