- Шафа яшчэ даваенная, - крутнуў галавой Ян у адзін, у другі бок. - Самаробная. Кніжная паліца таксама самаробка. Акардэон. Ну, ён і так твой, я граць не ўмею. Стол, чатыры зэдлі і канапа. Можаш забіраць.
Ян, не спяшаючы ўдавацца ў Віктаравы "выкрутасы", звычайна прасіў: "Давай спярша пра рэальнае". А рэальнымі ў хаце былі шафа з выпаленай на левай дзверцы ластаўкай, акардэон, ложак, кніжная паліца, стол, чатыры зэдлі і канапа, на якой Віктар апошні раз і застаў маці, калі заехаў да бацькоў па дарозе ў Вільню… А перад тым прыляцела да яго ў сне вось гэтая, якая на дзверцы шафы выпаленая, ластаўка.
- Я не пра тое, Ян. Я пра цябе, які ёсць у мяне, і пра мяне, які ёсць у цябе. Пра нас з табой, якія былі ў бацькоў. Дык вось ці ёсць? І ці былі?
Брат паглядзеў на яго амаль пакутліва.
- Калі ты пра бацьку...
- Якога мы пахавалі не там, дзе ён хацеў! Пахавалі супраць ягонай волі, каб...
Ян не даў яму дагаварыць, нервова ўскочыў:
- Каб пакласці побач з маці! Каб ён не ляжаў у пустым стэпе над Волгай! Каб нам не ездзіць...
- Каб нам не мець лішніх клопатаў!
- Няхай так! Каб ён не ляжаў у пустым стэпе над Волгай - і каб нам не ездзіць да яго за тысячу вёрст, не мець лішніх клопатаў! Яны табе патрэбныя? Мне - не!.. А калі ты пра маці, дык пра яе я ўсё чуў. Ты казаў на памінках. Нават не казаў! Прамаўляў!..
- У дзяцінстве, ранкам прачнуўшыся, - прамаўляў ён на памінках, - я амаль заўсёды знаходзіў свае чаравікі - кожны паасобку - у розных кутах. Дзед казаў: "З табой дамавік гуляе". Хоць ведаў, што звычка ў мяне такая: кідаць, кладучыся, чаравікі абы-куды. І прыкмета аднекуль узялася: ісці ў адным чаравіку - скарачаць зямны шлях маці. Колькі крокаў ступіў - на столькі дзён скараціў. Таму, абуўшы адзін чаравік, я скакаў да другога на адной назе, але колькі я на адной назе ні скакаў - маці ўсё адно памерла.
Мы не можам ніяк, нічога і нікога ўратаваць?..
Хіба нельга было ўзяць адзін чаравік і басанож падысці да другога?.. Можна было. Але такое простае вырашэнне праблемы жыцця і смерці ніводнага разу не прыйшло мне ў галаву.
- Ты прамаўляў пра сябе! - выгаворваў яму Ян. - Нібы ты памёр! А памерла маці!
- Маці памерла, бо я ў Вільню з’ехаў! А пасля не павёз яе ў Мінск!
- Дык пра гэта б і казаў! Што не павёз. А то дамавік, дзед, чаравікі... Глядзелі на цябе, як... Думаеш, нехта зразумеў?
- Я казаў табе!
- Ён мне казаў! Для чаго ты мне казаў гэта? Каб я цябе суцешыў?.. Ну, калі хочаш, я таксама не павёз бы. Бо сапраўды лекаванне адно і тое. І насамрэч магла ў дарозе памерці. Вось што б ты тады рабіў?.. Я ў цябе першы спытаў бы: ты чаго яе ў Мінск папёр, калі дактары забаранялі?
Так. Ян спытаў бы.
- Дык невядома, што было б, Ян! Можа, не памерла б… Жывая была б! Цяпер шанец у тым, што магло быць, а не ў тым, што ёсць. Разумееш? У тым, што ёсць, шанцаў ніякіх! Бо яе няма. Хоць, можа, магла быць…
Ян не вытрываў:
- Можа! Невядома! Ты дастаў! - і вось тут Віктар сарваўся.
За час паміж смерцю маці і бацькі адчуванне віны яшчэ болей абвастрылася, бо ўвесь гэты час ён быў не дарэшты шчырым не толькі перад Янам - перад сабой, перад Богам, бо калі нават да споведзі пайшоў, не сказаў святару тое, што не дагаварыў Яну, калі памерла маці, і пра што цяпер, калі пахавалі бацьку, стаў казаць, крычаць за памінальным сталом, заікаючыся паўзамі, бо казаць было нялёгка:
- Не толькі таму, што дактары!.. Што лекаванне аднолькавае!.. У Вільні кніга мая выйшла… я на прэзентацыю ехаў. І калі маці даглядаць, усё зрываецца… А там сустрэча! З прадстаўніком выдавецтва! Не абы-якога, а такога, выдацца ў якім - гонар! Сусветна вядомага!.. Яны кнігай маёй праз літоўцаў зацікавілася… Дамову склалі - толькі падпісаць! З перакладам на ангельскую! А гэта… Гэта такі шанец!.. І маці як адчула, ты ж ведаеш, яна заўсёды ўсё адчувала… "Едзь, - кажа. - Чым ты мне тут дапаможаш?.." Нібы яна нешта іншае сказаць магла… Не магла ж яна сказаць: "Яшчэ будзе ў цябе процьма кніг, прэзентацый, перакладаў!.. А мяне - не будзе…" І самае страшнае… самае страшнае, што нават… што калі б нават так і сказала…
Ён змоўк.
Ян схадзіў на кухню, прынёс рушнік, прыкрыў ім пляму на абрусе… Цяжка сеў:
- Выкрутасы гэта.
- Не.
- Выкрутасы! Бо навошта ты гэта сказаў? Хто ў цябе пытаўся?.. Я пытаўся?
- Не.