Ён пабыў пару дзён у Смаргоні, маці стала лягчэй, на трэці дзень яна паднялася - і Віктар адлучыўся ў Мінск. Без асаблівай патрэбы: пабачыць Бараду, Бура, Каралевіча, Стральца, пасядзець з імі, выпіць, зняць нервовую напругу, у якой апошнім часам жыў. Напруга не знялася: патэлефанавала санітарка, якой даў ён грошы, каб прыглядвала за маці: "Віктар Паўлавіч, калі хочаце ўбачыць Анастасію Іванаўну жывой, паспяшайце".
Вось што шчабятала ластаўка… Яму пасля ў вушах гэта шчабяталася і шчабяталася: "Калі хочаце ўбачыць жывой, калі хочаце ўбачыць жывой…"
Пакуль знайшоў брата на працы, пакуль брата з працы адпускалі, пакуль даехалі…
Не паспелі.
У шпітальнай палаце стаялі шэсць жалезных ложкаў, і на пяці ложках ляжалі хворыя жанчыны, а шосты быў пусты, зусім пусты, з яго нават матрац знялі, скрозь драцяную сетку віднелася пафарбаваная драўляная падлога, пад ложкам нявытаптаная, таму нібыта гусцей пафарбаваная, чым пасярод палаты, дзе яны застылі, дапытліва пазіраючы на хворых старых жанчын, у якіх не было пра што пытацца, бо ўсё відавочна. Але Віктар усё ж спытаўся: "А дзе Анастасія Іванаўна?.." І пяцёра хворых старых жанчын неяк паспешліва, адна перад адной, ён ніколі не забудзе гэты хворы, старэчы хор, на розныя галасы прапяялі, прамармыталі: "Памерла... памерла... памерла... памерла... памерла..."
Маці ляжала ў трупярні адна - голая на высокай кушэтцы. Зрадзела-пасівелыя валасы, абветраны, снегам шэрпаны і сонцам палены твар, спрацаваныя, у вузлах і зморшчынах рукі, стаптаныя на падэшвах, стрэсканыя ногі і - ад грудзей па калені - гладкае-гладкае, белае-белае, маладое-маладое, яшчэ цёплае цела. Недагладжанае, недапешчанае, недалашчанае.
Яны купілі ёй самую прыгожую, якую толькі знайшлі ў краме, сукенку. Пры жыцці пра такую яна і не марыла.
Пры жыцці, калі ён пытаў: "Што падараваць табе на дзень народзінаў?" - кожны раз адказвала: "А ты дай мне якую капейчыну, я сама сабе куплю што-небудзь..." І купляла парсючкоў. Каб вазіць яму і брату кілбасы, вяндліну. Цягала і цягала ў Мінск тое мяса разам з трохлітровікамі марынаваных гуркоў, памідораў. Прыязджала з такімі клункамі, што не падняць. Калі яны казалі ёй, каб не гарбела, не цягала, бо ўсё ў крамах ёсць, слухала, галавой ківаючы: "Ёсць - і дзякуй Богу..."
Аднойчы, не паддаўшыся на яе хітрыкі з капейчынай, за якую сама сабе яна што-небудзь купіць, яны купілі ёй футра. Назаўтра, калі справілі дзень яе народзінаў і з’ехалі, яна пайшла на кірмаш, прадала футра і купіла парсючкоў.
Днём ёй не было калі, а ўвечары, пакуль вочы бачылі, яна чытала. Беларускія кнігі, расейскія, польскія. Яе здзіўляла, што людзі ўсё пішуць і пішуць, калі ўжо ёсць Святое пісанне, - і ёй цікава было: што ж яшчэ нехта можа прыдумаць, апроч таго, што прыдумаў Бог?
Траціну жыцця прарабіла яна бухгалтаркай у канторы машынна-трактарнай станцыі і расказвала спачатку Віктару, а пасля ягонаму малодшаму брату Яну казку пра чарцяня з іменем Бухгалтар, якое прыдумала бухгалтэрыю.
Маці моцна стамлялася на працы, казала, што хацела б іншую знайсці, такую, каб можна было хоць паўгадзінкі адной пабыць, ціха пасядзець. Але дзе ж ціха пабудзеш-пасядзіш?.. Там, дзе грошы, заўсёды людзі. А вось там, дзе кнігі, людзі не заўсёды. І маці бегла, калі сканчалася праца, не адразу дахаты, бо там таксама ціха не пасядзіш, - дасць табе бацька, які палітыкай дастане, ціха пасядзець! - а ў клуб, у бібліятэку, якая была працай яе сяброўкі Стэфы, і сяброўка Стэфа была адзінай жанчынай у свеце, якой маці зайздросціла: у бібліятэцы машынна-трактарнай станцыі амаль ніколі людзей не было. І калі бацька, які браў яго на паляванне, хацеў, каб ён лепш за ўсіх страляў, дык маці, калі клікала яго з выгана, дзе ён з хлопцамі, гуляючы ў пікара, палкамі бляшанкі мясіў: "Віця! Віця! Да цёткі Стэфы!.." - хацела, каб ён болей за ўсіх чытаў. І ў гэтым палягала розніца паміж імі, а не ў тым, што маці была беларуска, а бацька рускі. Калі б было наадварот: ён беларус, а яна руская, - то ўсё адно ён бы вучыў сына страляць, а яна чытаць.
Бацька быў хворы на рак, сам ужо ледзьве ўставаў, і яны не казалі яму, што маці памерла, пакуль не прывезлі яе дахаты ў труне. Вывелі яго, каб развітаўся, з ягонай бакоўкі ў пакой, дзе яна ляжала, і ён схіліўся да яе і спытаў, з ёй жыццё пражыўшы: "Хто гэта?.." І Віктар назаўсёды - грудзьмі і спінай - запомніў, як працяла, наскрозь пранізала яго гэтае, здавалася б, амаль вар’яцкае пытанне.
Яны пахавалі маці ў Крэве, дзе яна нарадзілася і куды хацела вярнуцца на вечны спачын - да бацькоў, да дзядоў, да продкаў… Побач з ёю пакінулі месца для бацькі, які не змусіў маці доўга чакаць яго.
Бацькавы продкі - на беразе Волгі, там ягоныя крэўныя магілы, і ён, калі памёр, не хацеў класціся ў Крэве. Гэтак упарціўся, што, калі Віктар з Янам везлі яго ў труне на крэўскія могілкі, спыняў іх, не даваў ехаць машыне, глушыў і глушыў, як спрактыкаваны механік, матор. А перад тым ён ляжаў пад абразамі ў тым жа пакоі, у якім ляжала нядаўна ў труне маці, і Віктар, стоячы на тым жа месцы, на якім бацька развітваўся з ёю, пытаўся, над труной схіляючыся: "Хто гэта?.." І ўспамінаў, калі ўжо хавалі бацьку побач з маці ў Крэве, як схіляліся яны некалі над хуткаплыннай вадой рэчкі Крэўлянкі, адбіваліся ў ёй разам з небам і аблокамі, і маці пыталася ў яго, малога, на ягоны адбітак паказваючы: "Хто гэта?.. Ну, скажы, хто?.." - а ён кідаў у ваду, у неба з аблокамі каменьчыкі, і ў кружным рабацінні на вадзе не ставала нікога.
- Ну вось, - сказаў ён, калі па бацьку справілі хаўтуры, разышліся людзі, і яны ўдвух, браты-сіраціны, сядзелі за недаедзеным, недапітым, бо накупілі ўсяго, каб бедна не выглядала, памінальным сталом. - Нікога ў нас не засталося, Ян.
Брат не згадзіўся.
- Чаму нікога? Я ў цябе ёсць, ты ў мяне. - і Віктар спытаў, кілішкі наліваючы:
- Ты так думаеш?..
Ян хоць і звык да гэтакіх размоў з братам, але не любіў іх, называў выкрутасамі, таму і цяпер нервова кілішак адсунуў:
- Зноў выкрутасы?
Кілішак зачапіўся за нож, кульнуўся, і зеленаватая, настоеная на дзівасіле гарэлка плюхнула на абрус. Маці зараз пабегла б на кухню, схапіла б рушнік, падклала б пад абрус, "бо ад гарэлкі паліроўка на стале беліцца", а яны глядзелі, як абрус намакае, зелянее, як шырыцца мокрая пляма на ім, і нічога не рабілі, нібы ніколі болей не сядзець ім у бацькоўскай хаце за гэтым сталом, засланым белым з вышыванкай матчыным абрусам.
- Давай лепш прыкінем… - сам сабе наліў Ян, - што з хатай рабіць бу-дзем? Прадаваць?.. Я б не прадаваў. Угаспадарыўся б тут, каб пад старасць жыць было дзе.
Ён сказаў і чакаў. Дадаў, чакаючы:
- Ты ж на зямлю не вернешся.
Чаму не?..
- Вып’ем за бацькоўскую хату, - падняў кілішак Віктар. - Цяпер, Яне, яна твая. Але ў ёй іхнія галасы… Спадзяюся, ты не будзеш супраць, калі я раптам наведаюся, каб іх паслухаць?
- І галасы - выкрутасы, - сказаў Ян, і яны выпілі.
З хатай вырашылі.
- Цяпер пра іншае, - падсунуўся Віктар да брата. - Пра тое, што ў хаце.