- Нічога з Індыяй і пазней не станецца. Сёння я збіраўся крэўскія рукапісы прагледзець.
- А што з тваімі рукапісамі стацца можа?
- Усё, што заўгодна. Згубіццца могуць. Згарэць.
- Рукапісы не гараць. Зрэшты, у цябе ёсць пара гадзін. Ідзі ў свой кабінет, глядзі. І не псіхуй.
"Што гэта я сапраўды?.." - дастаў ён з валізы тэчку з рукапісамі, прайшоў у пакой, адведзеным яму пад кабінет, сеў за стол - следам увайшла Ганна з паперкай, што дала ёй маці.
- А хто напісаў гэтую замову?
- Ніхто.
- Як гэта ніхто? Нехта ж напісаў, калі яна напісаная.
- Ну, народ…
- Народ… Народ у плацкартным вагоне. "Люби меня, как я тебя, и будем вечно мы друзья". А тут: "Вы, замочкі, адмыкайцеся, царскія вароты, адчыняйцеся…" - І яна, не пытаючыся, ці не замінае яму, легла на канапу ў кабінеце, бо і канапа, і кабінет, як і ўсё ў гэтым доме, і ён разам з усім належалі ёй. - "Гара, разыдзіся, камень, раскаціся… Вада, разліся, дубок, развейся…" Маці сказала, каб на памяць вывучыла.
Ён узяўся за рукапісы.
Шэра-кардонная тэчка з рукапісамі была старая, зашмальцаваная, з адным адарваным матузком, замест якога Віктар, пракалоўшы дзірачку ў кардоне, прывязаў шнурок. Даўным-даўно гэтую тэчку прынесла з бухгалтэрыі маці. На вокладцы тэчкі было напісана "І959. 2 квартал".
У другім квартале 1959 года, вясной, у красавіку ён пазнаёміўся з Лёляй. На танцах у раённым Доме культуры. Лёля была дачкой вайскоўца, маёра. Яна хадзіла ў балетную студыю, вучылася ў рускай школе і смяялася, калі Віктар чытаў ёй беларускія вершы. Казала: "Вы, як амерыканскія індзейцы".
Тады ён і напісаў сваю першую паэму, для якой маці прынесла тэчку "І959. 2 квартал".
Паэма была рамантычная. Пра каханне паэта, якім пагарджае прыгожая, але пустагаловая лялька. Маці, калі чытала, плакала.
Ён плакаў разам з ёй: "Яна яшчэ пашкадуе!.."
Маці гладзіла яго па галаве: "Вядома, пашкадуе… Яшчэ як…"
Як чыста ў ім было. Як скрозь слёзы светла…
Цяпер цёмна - хоць ты плач.
У тым, што адбылося ў Крэве, нешта яго бянтэжыла. Не тое, што ўбачыў ён, што паказаў яму ў замку штукар Вензель. Яго бянтэжыла тое, што ён глядзеў гэта нібы не ўпершыню.
"Замочкі, адмыкайцеся…"
Віктар адгарнуў вокладку, здзіўлена ўтаропіўся ў першую старонку рукапісу. Ён не помніў, калі і як з’явіўся, адкуль узяўся напісаны на ёй тэкст.
Ганна круцілася на канапе. Мармытала замову на зачацце. Ён падышоў:
- На, пачытай…
- Я не люблю чытаць рукапісы. І пішаш ты так, што не разабраць. Надрукуеш - прачытаю.
- Я не ведаю, ці буду друкаваць.
- Чаму?
- Бо не ведаю, ці маё гэта.
Яна прыпаднялася, узяла рукапіс.
- Як гэта, ці тваё? Тваёй рукой напісана.