- А вам, - спытаў марскі пехацінец не так Віктара, як Ганну. - Вы дакуль едзеце? Да Смаленска ці да самай Масквы?.. - І калі Ганна, нават не зірнуўшы на Віктара, махнула рукой: "Налівайце!" - падняўся са шклянкай: "Люби меня, как я тебя, и будем вечно мы друзья!"
- А мы вас ведаем, вы ў Маладэчне ў нас выступалі. Пасля ў Маскве, мы па тэлевізары бачылі, - падселі да іх з бакавых месцаў мужык з кабетай, па выглядзе сямейная пара. - Наша дачка ў Маскве ў балетным тэатры. Во, - паказала фотаздымак кабета, - як схуднела. Дык мы яе падкарміць. - І мужык паставіў на стол яшчэ адну пляшку, а жонка ягоная расклала на сурвэтцы яйкі, памідоры, гуркі…
У Віктара была адна даўняя знаёмая, акторка на пенсіі, якая любіла ў цягніках чай піць і размаўляць з народам. Далёка яна не ездзіла, грошай столькі не мела, каб далёка ездзіць. Купляла квіток да першай станцыі, Барысава ці Маладэчна, заходзіла, як толькі пачыналася пасадка, у вагон, даставала мяшэчак з ядой: яйкі, соль, памідор з гурком, - раскладвала ўсё на сурвэтцы і, дачакаўшыся спадарожнікаў, замаўляла на ўсіх чай. Праваднікі звычайна лаяліся: "Яшчэ цягнік не рушыў! Які чай!" - але кожны раз яна кожнага з іх неяк угаворвала, частавала спадарожнікаў, пагаварыўшы з якімі: як завуць, хто, куды і чаго едзе? - на першай станцыі выходзіла і доўга глядзела ўслед апошняму вагону.
Неяк Віктар, ён не помніў ужо, да чаго, распавёў гэтую гісторыю Ганне, яна сказала: "Сумна. І да слёз шкада".
Але цяпер ёй было весела.
"Ой сівы конь бяжыць, на ім сіва грыва, ой спадабалася, ой спадабалася мне тая дзеўчына", - заспяваў пад Смаленскам бацька дачкі, якая схуднела ў Маскве ў балетным тэатры, а за Смаленскам марпех пачаў клеіцца да Ганны. Віктар прапанаваў яму выйсці ў тамбур, той выйшаў: "Ды ты што, мужык? Ты б хіба да такой не клеіўся? Я ж так, каб весялей было".
Каб весялей было, Ганна вярнула Віктара ў Маскву. Калі мыліся пасля цягніка, сказала: "Я ўся пахну народам. - І, прачытаўшы замову на зачацце, засцяліла ложак крэўскай посцілкай. - Давай паляжым".
Паляжалі нядоўга - зазваніў тэлефон. Тэлефанаваў Грачын. Пагаварыў з Ганнай, тая перадала трубку Віктару. "Ганна кажа, што вы ў цягніку не спалі ўсю ноч, але нічога. Пару гадзін перадыхніце - і да мяне. Я хачу з чалавекам адным цябе пазнаёміць. На перспектыву".
І скончыў размову.
І так заўсёды.
Калі хоча і што хоча пачынае - калі хоча і што хоча сканчае.
- Вось яна, рэальнасць, - раздражнёна кінуў трубку Віктар. - Запрашае, як загадвае. Нібы я служу ў яго. І чаму сёння? Чаму нельга заўтра?
- Таму што бацька хоча сёння.
Яна так гэта сказала, нібы апроч таго, што хоча яе бацька, ніхто і нічога не можа хацець, і раздражненне выплюхнула вонкі.
- Ці мала чаго ён хоча! Бацька, бацька! Хто ён, твой бацька?
- Сакратар ЦК!
- Я ведаю, што сакратар! Але хто ён? Цясляр? Будаўнік? Што ён збудаваў? Камунізм? Дзе? У 300-й секцыі?
Ганна зрабіла выгляд, нібы страшэнна здзівілася.
- Не падабаецца камунізм 300-й секцыі? Чаго ж ходзіш туды?
- Я туды хаджу? Ты мяне туды цягаеш! Каб не ты, я б і не ведаў, што ёсць такі камунізм!
Яна стала рукі ў бокі - як заўсёды перад скандалам.
- Каб не я, ты дасюль ездзіў бы толькі плацкартам, спяваў бы з п’янтосамі пра сівага каня і спаў бы ў качагарцы!
- А мне нармальна было ездзіць плацкартам з п’янтосамі! І ў качагарцы спаць файна было!
- Дык і ездзі! І спі! Але заўтра. А сёння да бацькі. Бо заўтра ён увесь дзень заняты. А нам трэба дазнацца, на якім мы свеце? Што з нашай Індыяй?
- Навошта табе Індыя, калі ёсць посцілка?
- І посцілку з сабой возьмем.
Посцілка Індыю не адмяняла.
Віктару не хацелася ехаць да Грачына не таму, што не спаў усю ноч. Праз тое, як Грачын запрасіў яго, ехаць не хацелася. Не жадаў ён бачыць Грачына, а тым больш знаёміцца на перспектыву ні з кім не жадаў.
Якая перспектыва?.. У якім-небудзь крэсле, трасучыся, што яго з-пад цябе вырвуць, усё жыццё прасядзець?
Ганна скінула рукі з клубоў: пэўна, перадумала, бо разам да бацькі ехаць, скандаліць, - і Віктар сказаў спакайней: