Не кранаючы, па сутнасці, паэтычную форму, Л. Галубовіч значна ўзмацніў змест; узмацніў за кошт павышэння ціску паэтычнай атмасферы i павелічэння тэмпературы думкі, за кошт узмацнення пульсацыі пачуццяў у радках. Вынікам гэтага стала кніга «Таемнасць агню» (1984) i некалькі пазнейшых вершаваных падборак паэта ў часопісах i газетах.
«Бурная» станоўчая рэакцыя крытыкі i чытацкай аўдыторыі на першы зборнік Л. Галубовіча спачатку толькі радавала. Сапраўды, зборнік вылучаўся (і не губляўся) індывідуальна на фоне беларускай паэзіі, а патэнцыяльныя магчымасці аўтара давалі падставы спадзявацца i на далейшы плён.
Але нечакана бурнае ўспрыманне творчасці паэта ўвогуле пачало замінаць нармальным ацэнкам яго канкрэтных твораў, i той жа зборнік «Таемнасць агню» пад гул авацый так i не быў, па сутнасці, прафесійна ўсебакова разгледжаны. У выніку, замест таго, каб спакойна, без перашкод працаваць у паэзіі, гарманічна развіваць свае бясспрэчныя здольнасці, малады паэт вымушаны быў змагацца са славай альбо кінуцца ёй у абдымкі, бо не заўважаць яе ён не мог ні па ўласцівасцях чыста ўнутраных, ні па прычынах чыста знешніх. Пасля аднаго паэтычнага вечара, дзе нават самому Леаніду Галубовічу было, відаць, ніякавата ад незлічоных усхваляваных слоў, кампліментаў i публічна прадэкламаваных маладымі паэтэсамі вершаў-прысвячэнняў, увогуле здзіўляешся, як мог ён потым пісаць добрыя творы i захаваць хоць нейкі драбок самакрытычнасці i дастатковай незадаволенасці зробленым.
Скончым, аднак, наш экскурс у недалёкае мінулае i праканстатуем сумны факт: з усіх нядаўніх публікацый Л. Галубовіча лепшаю з'яўляецца падборка вершаў у «Голасе Радзімы», выбраная Яўгеніяй Янішчыц з «Таемнасці агню». Зусім слабенькія, на ўзроўні сярэдняга пачаткоўца, вершы ў «Чырвонай змене»: снег, каханне, зіма, вясна, зноў каханне. Падборкі ў «Полымі», «Беларусі», «ЛіМе» — значна лепшыя, але побач з моцнымі, глыбокімі творамі («Воля», «Дарожная элегія», «Канец лютага») суседнічаюць творы легкаважныя, «эфектныя», зусім не вартыя таленту паэта. Куды больш, аднак, непакоіць не з'яўленне ў Леаніда Галубовіча слабых твораў, чаго не ўдалося пазбегнуць ніводнаму аўтару, а тое, што амаль кожны трэці твор прысвечаны паэзіі, разуменню яе Л. Галубовічам i яго месцу ў ёй, у кожным трэцім творы прамільгне перад вамі вобраз паэта альбо праслізне слоўца «геніяльнасць». Не заўсёды такія вершы слабыя, часам i наадварот, але сама тэндэнцыя — сімптаматычная i неяк насцярожвае, адсвечвае другаснасцю i часовай зацыкленасцю праблематыкі.
Вось, напрыклад, верш «Сустрэча» —напісаны, трэба думаць, пра каханне і памяць, пра няўмольнасць часу i перамогу паўсядзённых чалавечых клопатаў над вечнымі пачуццямі. Пакінем на сумленні аўтара глыбакадумны «наватарскі» пачатак верша («Як было гэта ўсё даўно?! Як даўно гэта ўсё было?!») i лірычна зробленую канцоўку («Толькі памяць аб светлым леце з намі блудзіць па белым свеце»), хоць заўважым, што памяці больш прыстойна блукаць, а не паводзіць сябе, як блудніца.
Звернемся непасрэдна да сэнсавага ядра верша, да сустрэчы з жанчынай, i ўважліва прыслухаемся да інтанацыі твора, прыгледзімся да манеры выяўлення.
Самаіронія, іронія да іншых; але Пушкін — не Пушкін, а Сяргей Ясенін — аўтар, акрамя ўсяго астатняга, паэмы «Анна Снегіна» — неяк у гэтым вершы маладога паэта выразна адчуваецца: i ў манеры трымацца, i ў інтанацыі, i нават у самой сітуацыі, па сутнасці.
Літаратурная крытыка — справа ў вялікай ступені суб'ектыўная, асабліва ў падборы цытат i выкарыстанні тых ці іншых вершаў для ацэнкі творчасці паэта на пэўным этапе. Безумоўна, калі б мы ўзялі для разгляду такія нядаўнія вершы Л. Галубовіча, як «Дарожная элегія», «Канец лютага», «Паэзія, ці станеш ты працягам...», альбо ўсяго толькі верш «Воля» — просты, па-дзіцячы мудры, вывераны як законамі жыцця,_так i законам! мастацтва, — высновы нашы былі б зусім іншыя, дыяметральна супрацьлеглыя i самыя што ні ёсць аптымістычныя. Вось толькі ці былі б яны карысныя для паэта Леаніда Галубовіча?..
Шмат публікуецца Адам Глобус, i шмат гадоў чытачы чакалі, калі нарэшце з'явіцца яго першая кніга, якая дазволіла б атрымаць дастаткова цэласнае ўяўленне пра творчасць гэтага арыгінальнага паэта. Чакаў кнігі i сам А. Глобус, але i яго паэтычныя падборкі вылучаюцца прадуманасцю кампаноўкі вершаў, кожная з ix прыадчыняе перад намі нечаканую ўласцівасць яго таленту.
Урбаністычнасць у яго вершах суседнічае з этнаграфічнасцю, міфалагізм узмацняецца прадметнай i фарбавай сімволікай, структурная герметычнасць узрываецца калі-нікалі камунікатыўнай адкрытасцю, а далікатная, паўтанальная ўскладнёнасць назіранняў чаргуецца з яркімі, адназначна кідкімі фарбамі наўмыснага мастацкага прымітывізму. У Адама Глобуса выпрацавалася свая, апазнавальна-выразная манера выяўлення, але з шырокім дыяпазонам варыянтаў, што ратуе ад павярхоўнай зададзенасці i аднастайнасці. Як пластычна i выразна, напрыклад, малюецца вецер у аднайменным вершы, сціслым i інфарматыўна кампактным:
Праўда, трапляюцца ў яго вершы відавочна недапрацаваныя, сырыя: «Парасоны», «Займеннікі», i калі першы з ix увогуле не выклікае ніякай цікавасці, то ідэя другога твора (небяспека пратэзацыі i штучнасці чалавечага шчасця, чалавечых пачуццяў) — цікавая i паэтычна дзейсная, вось толькі цяжка дабрацца да яе i да трох наступных строф праз першую «калекапратэзную» страфу — кангламерат верша i лекцыйнага паведамлення:
Але прываблівае ў гэтым паэце яго прага да самаўдасканалення i самаасэнсавання, заўсёдныя пошукі i эксперымент, i ці не таму так шпарка развіваецца яго талент?
Вось i ў традыцыйна-пачуццёвага паэта Алеся Пісьмянкова заўважаецца той самы няспынны пошук, хаця i зусім у іншым кірунку. Не ўсе яго вершы пазбаўлены ўласных шаблонаў i агульных недахопаў, але такія, як «Ён жыў, любіў i верыў», «Прасіць мне рана пакаяння...», «Дупло», прыадчынілі нам новыя ўласцівасці яго таленту, ды i напісаны ў традыцыйнай манеры верш «Мой сад у снезе па калена» заслугоўвае права быць прызнаным за лепшы песенны тэкст апошніх гадоў, калі ім зацікавіцца кампазітар з добрым густам.
Верш А. Пісьмянкова «Дума Вітаўта» — адзін з цікавейшых гістарычных вершаў маладых паэтаў, хаця ў творчым падыходзе да мінулага, у канцэптуальнасці i сэнсавай заглыбленасці яго пераўзыходзіць верш «Ружаны» Сяргея Амельчука:
Міраслаў Шайбак вядомы чытачу пакуль што выключна як аўтар хоку.
Слушна пісалася пра цесную сувязь японскага хоку як спецыфічна нацыянальнай формы з глебай, на якой яна вырасла, — нацыянальным светаадчуваннем, з японскім пейзажам. Сапраўды, хоку — форма спецыфічная, але адмаўляць яе магчымасць для нашай паэзіі толькі з-за гэтага ўсё ж не варта: як паставіцца тады да працэсу ўзаемадзеяння i ўзаемапранікнення на сучасным этапе еўрапейскай i ўсходняй культур? Мы разважаем пра тое, магчыма ці немагчыма беларусу пісаць «японскія» вершы, a ў суседніх літаратурах падобнае пытанне даўно вырашана, i вось мы чытаем хоку югаслава Г. Пламена, a ў «Літаратуры i мастацтве» Алесь Разанаў пазнаёміў нас з хоку эстонскіх паэтаў.
Безумоўна, адарванае ад роднай глебы і, што галоўнае, пазбаўленае традыцыйна-звыклага да яго ўспрымання чытача, хоку шмат што страціла. У. М. Шайбака яно наблізілася фактычна да звычайнага верлібра, захаваўшы вонкава свае тры радкі i семнаццаць складоў, — значна спрасцілася як знакавая сістэма, свядома ці падсвядома аўтар адмовіўся ад супастаўлення далёкіх паміж сабой асацыятыўных радоў i супастаўляе толькі паралельна-суседнія, што аблегчыла чытачу ўспрыманне, але зрабіла сам верш празмерна інфа рматыўнаадкрыты м:
Адкажы, сасна, Колькі кветак пасохла Побач з табою?..
Сасна ў гэтым вершы сімвалізуе даўгавечнасць, устойлівасць, кветкі — імгненнасць, хісткасць, але з дапамогай адналінейнага рытарычнага пытання аўтар робіць акцэнт на пэўнай эгацэнтрычнасці высокага i магутнага побач з слабым i безабаронным.
Сярэднявечны японскі паэт выяўляў гэтую ідэю, безумоўна, інакш:
Як бачна, у класічным прыкладзе дакладнай акцэнтоўкі няма, думка абсалютна заглыблена, растворана ў трох вобразах, i вылучыць яе з тэксту значна цяжэй, бо тагачасным ўсходнім чытачом абстрактная думка не ўспрымалася ў адрыве ад канкрэтных, сутнасна прадметных вобразаў i паняццяў.
«Паэзія — гэта прадчуванне думкі»,—пісаў Міхаіл Прышвін. Але думка, у сваю чаргу, — элемент паэзіі. У хоку М. Шайбака думка відавочна адыгрывае ролю першаэлемента, адсюль бясспрэчная мастацкая каштоўнасць тых вершаў, дзе гэтая думка жыццяздольная, глыбокая:
Але адсюль ша i відавочная бездапаможнасць, інфармацыйная беднасць тых вершаў, дзе думка банальная i дзе яе зусім няма:
Так, ніводная форма сама па сабе не ратуе ад няўдач i памылак.
Неяк нязвычна хутка i ўпэўнена, адразу i, ёсць падставы спадзявацца, надоўга ўвайшоў ca сваімі вершамі ў кола чытацкай увагі Анатоль Сыс. Тым больш дзіўным магло здацца такое шпаркае ўваходжанне, калі ўлічыць, напрыклад, што тэматычна нядаўні дэбютант нічым на фоне маладой паэзіі не вылучаўся (Радзіма, маці, мова, гісторыя; зноў маці i зноў Радзіма):
Верш гэты, пабудаваны як унутраны дыялог, — відавочна праграмны, i не толькі для Анатоля Сыса. Сапраўды, усё амаль пачынаецца з Радзімы i амаль усе пачынаюць з яе ў сваёй творчасці, a ў нейкім плане i абавязаны так пачынаць. Але вось толькі крычаць пра гэтую любоў не варта, i А. Сыс пра яе думае, ён першапачаткова асэнсоўвае, што такое Радзіма i што такое любоў да яе, у чым яны, якія ўвогуле i якія ў ім самім; таму i не паўтараецца ён у шматгалоссі тых паэтаў, што клянуцца i шчыра клянуцца, а каму, чаму, для чаго i ў чым—не ўяўляюць, ніколі пра гэта не задумваліся.
Ёсць у вершах А. Сыса дастатковы ўзровень думкі i мера пачуцця, ёсць свая, адметная лексічная мова (трэба думаць, яна будзе з кожным годам узбагачацца), ёсць спробы міфалагічнага канструявання рэчаіснасці, паэтычнае бачанне, плённая, але не празмерная заглыбленасць у фальклор i гісторыю, адчуванне спецыфікі паэтычнага пісьма.
Услед за Алегам Мінкіным малады паэт імкнецца спалучыць у сваіх творах патрыятычны пафас з адметнымі, часам авангарднымі формамі выяўлення, i, улічваючы яго самапатрабавальнасць i вялікі аб'ём працы над удасканаленнем паэтычнай манеры, думаецца, што яго чакае на гэтым шляху плён.
Думаецца таксама, што i тэматычнае кола пазта, захаваўшы ранейшы эпіцэнтр, пашырыцца і разгорнецца. Але ўсё ж пра тое «поле бою», дзе «не адзін паэт сканаў», трэба помніць заўсёды, каб не сканаць ні ў гісторыі, ні ў паэзіі.
Дарэчы, калі нябачная прысутнасць гісторыі ў большасці вершаў А. Сыса ўзмацняе ix унутраны змест, то вершы «спецыяльна-гістарычныя» нічым, акрамя патрыятычнага настрою, пакуль не вылучаюцца («Грунвальд», «Вячэра перад Купаллем») i з мастацкага боку зусім бездапаможныя. Яны нагадваюць нейкія публіцыстычныя лозунгі, зарыфмаваныя i пакладзеныя на адзін з памераў дзеля «прыгожага» гучання i дзеля магчымасці выказацца на гэтую тэму ў друку. Празмерная патэтыка, бразганне мячамі, адсутнасць мастацкай глыбіні — характэрныя прыкметы такіх вершаў: