Кінуўшы жырафіцца, нібы раптам музыка скончыла ся, мурын абваліў Марыю Андрэеўну Брызіну на лаву, абвіўся вакол яе прасмоленым канатам — і яны пачалі цалавацца.
Брызін набраў нумар мабільнага тэлефона любімай дачкі. Не перапыняючы інтымнага працэсу, Маша залезла адной рукой у сумачку і дастала тэлефон. Брызін чакаў, чакаў, чакаў, а яна паволі, паволі, паволі падносіла тэ лефон да вуха — і нарэшце рыбінай выкруцілася з прас моленых канатных сецяў.
— Ты чаго так доўга не адказваеш?
— Занятая.
— Чым?
— З мурынам цалуюся.
— Дзе?
— У скверы.
— Гэта не найлепшае месца.
— Чаму?.. Нармальнае. Сёння цёпла, мурын не мерзне.
— А гэта не найлепшы жарт.
— Бо не жарт, таму і не найлепшы.
— Дык ты не жартуеш?
— Не.
— А інстытут?
— Прагуляла.
— З мурынам?
— З мурынам. Але ў яго такія белыя зубы — ты б не стрываў, каб не выбіць.
— І ты пры ім так не жартуеш?
— Дык ён жа мурын…
— Маша!
— Што?
— Кінь свае жарцікі! Дурныя нейкія!
— Усё, кінула.
— І каб я такога не чуў болей!
— Чаго?..
— Таго!
— Чаго таго?.. Ты чаго злуешся?.. Памагчы чым-небудзь?
— Не.
— А чаго звоніш?