— Жанчынкі, дос вам есць і піць. Давайце якую песню…
— Ну, дык пачынай, — загамнілі кабеты.
Але пачаць Марына не адважылася. Знпйшліся смялейшыя. А яна ахвотна падцягвала. Падпяваў, размахваючы відэльцам, нібы дырыжор, і Бравусаў. Ён любаваўся Марынай і яго душа спявала. А Марына расчырванелася, сінія вочы, бы валошкі ў жыце, свяціліся ад радасці. Як позняя кветка перад маразамі, расцвіла жанчына на схіле гаротнага, самотнага жыцця.
Марына часта спявала пад радыё, а іншы раз на двары мармытала сабе пад нос нейкую песеньку, бывала, што і кружылася пад музыку ў танцы, адна, калі Бравусава не было ў хаце. У яе выспела вялікае жаданне: кожны дзень рабіць святам, радавацца кожнаму імгненню жыцця. У яе было такое адчванне, нібы яна другі раз нарадзілася на свет. Сарамлівасць не дазваляла ёй раскрыцца перад мужам, але ён паступова пачаў разумець сваю другую жонку, і як мог, як умеў спрыяў ейнаму настрою на радасць.
— Хвакцічаскі, Марынка, ета правільна, — паўтараў ён любімае выслоўе: — З радасцю мы перажывем радыяцыю. А калі будзем хныкаць. Ды плакаць. То яна даканае нас.
Бравусаў радаваўся, што яшчэ можа прылашчыць жонку, што з ёй, з Марынай, зведаў нязнаную раней асалоду ад блізкасці з любімай жанчынай. А колькі ў яе было ласкі і пяшчоты! Пасля лазні Марына гатова была цалаваць мужа ўсяго з галавы да ног. І ён толькі на згоне жыцця зведаў, што такое мужчынскі аргазм: раней ён лічыў, што гэтае пачуццё могуць реражываць адно жанчыны, дый то вельмі рэдка.
Уранні, пасля ночы кахання, Марына аж свяцілася ад радасці, пякла дранікі, Бравусаў даставаў пляшку тапалёўкі — дзесьці вычыта, што вельмі карысная настойка гарэлкі на таполевых почках. Выпівала з дзесятак кропель і Марына, а гаспадар куляў поўную чарку, з асалодаю паўтараў словы Якуба Коласа:
— А нашча чарачку кульнуць, усё адно, што ў рай зірнуць…
Марына не пярэчыла, але сама поўнай чаркі не выпівала ніколі, ні ў якім застоллі. Ушчувала і Бравусава, бо той у кампаніі часцяком перабіраў норму.
— Калі будзеш куляць па поўнай чарцы, той жонка табе неўзабаве не спатрэбіцца. Як і палова падушкі. Будзеш спаць адзін. А як палову чаркі кульнеш. дык і на жонку не забудзешся.
Бравусаву жончыны ўшчуванні былі , як мёдам па душы: значыць, яна хоча спаць з ім, дзяліць падушку напал. І ён пачаў стрымліваць сябе ў застоллі, болей налягаў на закусь, чымся на пітво. Жанкі пачалі ставіць яго ў прыклад сваім мужыкам-выпівохам, якія не ведаюць ніякай меры, гатовы заліцца гарэлкаю.
Марына апошнім часам упадабала адзначаць Новы год. Усёй душой ёй хацелася верыць праўдзівасці народнай прыкметы: калі весела сустрэнеш Новы год, дык увесь год будзе вясёлы і шчаслівы. Таму яна рыхтавалася да навагодняга свята з вялікім хваляваннем. У райцэнтры накупляла цацак, рознакаляровых шарыкаў, зайцоў, птушак. Зноў жа адной з прычын гэтага было тое, што ў дзяцінстве пра святочную елку-прыгажуню Марынка Сахута магла толькі марыць. І вось цяпер яе мара збылася. Але пад елку не магла яна класці падарункі для сваіх дзяцей, унукаў, — бо не мела іх. Гэта была яе незагойная рана, якая смылела заўсёды, адно прыціхла ў апошнія гады: радасць кахання прыглушыла застарэлы боль адзіноты.
Моцна ўзрушылі Марыну гібель Сырадоева, самагубства Косці Вароніна, таму гэты Новы год ёй хацелася сустрэць асабліва ўрачыста, каб у наступным годзе нічога падобнага перажыць не давялося. Вядома ж, яна сказала пра сваё жаданне мужу.
— Хвакцічаскі, ета правільна. Новы год варта сустракаць па-людску, весела. Невядома, колькі іх засталося ў нашым чысленніку, — міжволі ўздыхнуў Бравусаў. — Можа, запросім Мамуту з Юзяй? Ці, можа, да сына ў Белую Гару пойдзем. Уранні вернемся. Прагуляемся троху.
— У сына, пэўна, будзе свая кампанія. Маладыя, усе граматныя. Сучасныя. А мы з табой ужо старыя. Можа, я пагавару з Юзяй? Ці мы да іх, ці яны да нас.
— Добра. Запрашай іх. А калі яны захочуць, каб мы прыйшлі, то сходзім. Мы ўсё-ткі маладзейшыя. Кабанчыка заколем. А другога пазней. Праз пару месяцаў. Пеўніка засяку. А то яны б’юцца. Не падзеляць чубатак, — рагатнуў Бравусаў.
Апошнім часам Марына пасябравала з Юзяй і цяпер зразумела, што ў яе няма сябровак. Яны ўсе павыходзілі замуж, параз’ехаліся, разляцеліся па свеце, адзінае ў яе было апірышча — бацькі і браты. Бацькоў ужо няма, брат застаўся адзін, ды і той далёка. Марына неадкладна правяла перамовы. Юзя з радасцю адгукнулася на прапанову — сустрэць Новы год разам, але запрасіла суседзяў да сябе.
Бравусаў, пачуўшы пра гэта, задаволена ўсміхнуўся:
— Ну што?! Хвакцічаскі, усё так, як я і прадбачыў.
— Ты ж у мяне мудры, — ласкава пацалавала Марына мужа, радасная ад прадчування свята.
Пасля візіта Марыны закіпела работа ў доме Мамутаў. Юзя рыхтавалася варыць халоднае, ці, як у Хатынічах казалі, — сцюдзень. Гаспадар вырашыў схадзіць на ферму, купіць там у ларку пляшку гарэлкі, высечы невялікую елачку — лес там чысцейшы ад радыяцыі. Ларок працуе толькі да абеду, таму выбраўся ў дарогу пасля сняданку, засунуў у кішэню зялёную сетку, за пояс маленькую сякерку. Пайсці заманулася паўз Бесядзь, хоць гэты шлях даўжэйшы на добрую вярсту. Калі праз вёску будзе кіламетры са тры да фермы, то паўз ракі — чатыры з гакам.
Выбраў гэты шлях таму, што даўно не меў ладнай праходкі, усё тупаў па двары, па хаце, а хацелася падыхаць свежым марозным паветрам, мабыць, і нукліды ў замерзлай зямлі сядзяць і не рыпаюцца. Дый снегам іх прысыпала. Праўда, снегу вобмаль, затое льга ісці куды заўгодна. Сёння можна, а заўтра ўсхопіцца завея і замяце ўсе дарогі і сцежкі. А сцежак гэтых усё меней вакол вёскі: няма каму хадзіць ды ездзіць.
Гэтая балючая думка нібы апякла Мамуту, калі ішоў міма зачыненай крамы: там не было знаць ніводнага чалавечага следа. Адно збродлівыя сабакі наслядзілі. А яшчэ кальнула думка-згадка, як восенню сорак трэцяга пачаў тут навучальны год — школа стаяла побач з крамай. Працаваў разам з Ганнай Мікітаўнай, сарамлівай дзяўчынай, якая да вайны скончыла дзесяць класаў. Вучылі ў дзве змены, дзеці-пераросткі. У першым класе сядзелі поплеч каму сем гадкоў. А каму дзесяць, а то й болей. І дзятвы ж было поўна! А яшчэ развярэдзіла сэрца думка-стрэмка: пасля вайны напалову спаленыя Хатынічы адрадзіліся, новая школа васьмігодка звінела галасамі. А пасля Чарнобылю, відаць, вёска не ўваскрэсне. Калі і ажыве, то вельмі няскора. Ён, Мамута, не дачакаецца.
Выйшаў на высокі бераг Бесядзі. Краявід з гэтай гары некалі уразіў Мамуту з экрана тэлевізара — у перадачы пра родны кут Аркадзя Куляшова. І рабіў тую перадачу яго вучань Пятро Махавікоў. Настаўнік ужо ведаў, што Пятро перайшоў у выдавецтва на пасаду галоўнага рэдактара. А другі яго вучань Андрэй Сахута няпер галоўны ляснічы лясгаса. Мамута заўсёды радаваўся поспехамі сваіх гадаванцаў. Значыць, недарэмна еў настаўніцкі хлеб. Колькі ягоных вучняў разляцеліся па ўсяму Саюзу.
А цяпер вось і Саюза няма. Настанік-гісторык Мамута лічыў сябе патрыётам Беларусі, але незалежнасць успрыняў як нешта неабавязковае. А чым кепска было ў вялікай дзяржаве? Ну, каб трохі болей свабоды, каб сваё роднае — мова , гісторыя, песні болей шанавалася. Ён быў дзіцем Савецкага Саюза, вучыўся ў савецкай школе, у савецкім інстытуце. Слаўную гісторыю Вялікага Княства Ліоўскага ён пачаў адкрываць толькі зараз з публікацый пра “Пагоню” і бел-чыровна-белы сцяг. І часам яму рабілася сорамна: як слаба, павярхоўна выкладаў ён гісторыю роднай Беларусі . Пра “Пагоню” раней і не гаварыў. Бо ў падручніках пра яе не было ні слова.
Мамута крочыў па ўзгор'і, і тут апрача сабачых, іншых слядоў не было. Дайшоў да кузні, узрадаваўся, нібы Рабінзон: убачыў чалавечыя сляды. Тут недалёка жыў Апанас Шкурдзюк з жонкай Палажкай. Яшчэ адна сям'я ўпартых вяскоўцаў. Апанас трымае каня, мае вялізную чараду гусей, пра нейкія там нукліды і слухаць не хочп. “Раз хверма блізка, дык мы ядзім тое, што і гараджане”. І сапраўды, лагічна. І Палажка не старэе. Увішна тэпае па гаспадарцы. Адно рот зусім бяззубы. Некалі праз яе заварылася каша са Свідэрскім, якая скончылася трагедыяй. Тады, напрадвесні 1953-га старшыні сельсавета Свідэрскаму амаль штодня тэлефанавалі з раёна, падганялі выконваць план збору падаткаў. І вось разам з фінагентам Іванам Сырадоевым, харчовым агентам Парфірам Драздовым завіталі да Шкурдзюкоў. Патрабавалі, каб здаў мяса, сплаціў нядоімку за мінулы год, хацелі забраць парсючка. Палажка кінулася не даваць, паказала старшыні “дулю”. Раз'юшаны Свідэрскі адштурхнуў Палажку, яна выцялася брывом аб калёсы, якія рамантаваў Апанас, рассекла брыво да крыві. Шкурдзюкі падалі ў суд. Начальства, якое падганяла Свідэрскага, не адважылася бараніць свайго вернага служку. Сталіна ўжо не было. Набіраў сілу іншы вецер. Яшчэ да суда Свідэрскага выключылі з партыі, ён перастаў хадзіць на працу ў сельсавет. У яго адабралі наган. Крыўда, роспач, бездапаможнасць выядалі душу. А яшчэ нянавісць аднавяскоўцаў, штодзённыя дакоры жонкі давялі да вар'яцтва — асіраціў шасцёра дзяцей. Круглых сірот узялі ў дзіцячы дом. Гэта ўжо сорак гадоў наўзабве будзе, падумаў Мамута, як ляціць час! А Свідэрскі яшчэ мог бы жыуь, дачакаўся б унукаў, праўнукаў… Мацаваў савецкую ўладу, а яна сканала, пайшла ў нябыт. Выходзіць дарэмна
чалавек вылузваўся са скуры.
Бесядзь тут вільнула далей ад вёскі, нібы хінулася да лесу. Некалі паўз берага была добра ўкатаная дарога: ішлі і ехалі людзі на паром. Даўно няма парому, зарасла й дарога. Густая, як воўна, рудаватая трава, прыцярушаная снегам, бы тырсою-пілавіннем, ляжала роўным дываном. І нідзе ніякіх слядоў.Выбліснула сонца, усё навокал заззяла чысцінёю, а кусты алешніку ля ракі зіхатлівымі срэбранымі іскрынкамі. Мамута залюбаваўся наваколлем. Адагнаў гнятлівыя згадкі пра Свідэрскага, не хацелася думаць і пра нядаўнюю трагедыю Сырадоева і Косці Вароніна. Адагнаў і спрадвечнае балючае пытанне: чаму гэтак шмат на свеце бяды?!
Каля Шамаўскага ручая Мамута трохі прыстоіў. Быццам перадыхнуў, хоць ішоў нетаропка, потым сігануў цераз ручай, які не замерз, не скарыўся марозу — вада капцілася быццам па ледзяным жолабе, — і ўзяў курс на блішчастую ваданапорную вежу. Нізкае сонца зырка асвятляла наваколле. Падалося, што сонца свеціць весялей, бо з кожным днём яно будзе падымацца вышэй і, нібы нованароджанае, усё цяплець і весялець.
Праз гадзіну Пётр Еўдакімавіч Мамута вяртаўся дамоў Ішоў праз вёчску, у адной руцэ нёс невысокую пухнаценькую елачку, у другой — зялёную сетку з пакупкамі, заказанымі Юзяй.