— Вось гляджу на месяц, на зоркі, — парушыў цішыню ночы Мамута.— Якая гэта бездань — неба! І зямля — таксама бездань. І душа чалавечая — хіба не бездань? Колькі ў ёй усяго! І добрага, і благога, і таемнага, і нязведанага…
— Ой, Петрачок ты мой, не забірайся гэтак высака. Ажно ў космас. Лепей думаць пра зямное, — Юзя ўзяла яго пад руку, мацней прыхінулася, быццам баялася, што стары летуценнік узляціць у неба.
Што ж, зямное — дык зямное. Ён ускінуў ёй на плечы крысо пінжака, абняў. Так, абняўшыся, быццам жаніх і нявеста, яны ішлі па бязлюднай, пустыннай вясковай вуліцы.
— А ведаеш, пра што я падумала? — і не чакаючы адказу, Юзя гаварыла далей: — Мы ўжо некалі пра гэта гаманілі. Але ўсё роўна думаецца. Спаленая вёска ў вайну потым адрадзілася. А Чарнобыль, мусіць, яе спапяліў нябачным агнём назаўсёды. А можа, адродзіцца? Такая вакол прыгажосць! Бесядзь, лес, зямля ўрадлівая. Толькі б жыць і жыць…
— Можа, і адродзіцца. Але дужа няскора… Жаль только жить в эту пору прекрасную уж не придется…
— Ну што ты так сумна? — перапыніла Юзя.— Будзем жыць! Нездарма я сюды прыехала. Сталіцу кінула. Гаспадарку завядзем. Свой мядок ёсць. Будзе казінае малачко. Пальзіцельнае. Як Бравуаў кажа. І грыбоў назапасім. І суседзі ёсць. Песні будзем спяваць. На зло Чарнобылю!
— Ты — малайчына, Юзя. Грэх цябе не любіць ,— Мамута пацалаваў яе ў халаднаватую шчаку.
— А я цябе люблю здавён-даўна. І назаўсёды.
Юзя павярнулася, ашчаперыла Мамуту за галаву і ўпілася ў вусны. Нібы рабіла гэта апошні раз.
Серабрыста-белы месяц усё вышэй уздымаўся над Бесяддзю.
19 верасня, Мінск. Старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі абраны 56-гадовы Станіслаў Шушкевіч. Для перамогі яму спатрэбіліся два дні барацьбы і тры туры галасавання.
20 верасня, Кабул. Лідэры “пешаварскай сямёркі” патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Наджыбулы.
22 верасня, Тбілісі. Тут адбыліся жорсткія сутычкі прыхільнікаў прэзідэнта Гамсахурдзія з сіламі апазіцыі.
24 верасня. Парыж..Газета “Монд” надрукавала інтэрв'ю прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы, у якім ён заявіў: Еўропа падманула мяне — не дала абяцанай дапамогі.
VІ
Па даўняй звычцы штораніцы Георгій Акапян абыходзіў тэрыторыю завода. Ён хацеў на свае вочы пабачыць, што дзе зроблена, каб на планёрцы слухаць тлумачэнні намесніка, галоўнага інжынера, прараба, іхнія апраўданні, а потым паказаць, што ён усё ведае. І вось гэтай хмарнай, золкай раніцай Акапян выцягнуў з ніжняй шуфляды шафы, якая стаяла ў прыёмнай, свае гумовікі і пачаў абувацца. Сакратаркі яшчэ не было, яна так рана не прыходзіла. Усцягнуў боты, невысокія, карычневыя — ён не любіў чорнага колеру, — заправіў у халявы джынсы.
На дварэ тугі вільготны вецер шаргануў у твар, ледзь не сарваў з галавы берэт. Георгій нацягнуў яго ніжэй, зашпіліў на ўсе гузікі куртку. Зірнуў на неба, шукаючы прасвету ў хмарах і раптам стаў як укапаны: на высознай трубе, якая ўзвышалася над цэхам абпальвання клінкеру, трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг. Хто ж яго туды усцягнуў, варухнулася думка, гэта ж смеласць трэба мець. І загадваць не давялося. Дабраліся і да нас бэнээфаўцы. І зняць не маеш права. Днямі чытаў у газеце, што бел-чырвона-белы сцяг ужо залунаў над Магілёўскім гарсаветам.
Георгій Акапян акінуў вокам змрочныя грувасткія карабкі мёртвых цэхаў, у іхніх пустых вокнах не свяцілася ніводнага агеньчыка. І сцяг над мёртвымі пабудовамі быў адзіным, так бы мовіць, светлым аб’ектам. А ўнізе на тэрыторыі завода ўзвышаліся гарбатыя, нібы спіны вялізных, казачных мастадонтаў, гурбы зямлі, гліны, між імі цьмяна паблісквалі лужы. У адну з іх ледзь не ўсунуўся Георгій.
Тым часам развіднела, сям-там чуліся галасы рабочых, сярдзіта гурчалі, быццам незадаволеныя, што іх пабудзілі, маторы машын. Каля бульдозера корпаўся чалавек. Акапян падышоў да яго, павітаўся.
— Хрэновыя справы, Георгій Сяргеевіч. Саляры кот наплакаў... Няма на чым рабіць. І зарплаты няма. Калі будзе? А то хлеба няма за што купіць. Ё-маё, што ета за жысць такая!
— На наступным тыдні будзе зарплата. Учора даў тэлеграму Кебічу. Старшыні Савета Міністраў. Абяцаў...
— Ну, ета яшчэ не хвакт, што грошы будуць. Абяцанка — цацанка... Або яшчэ кажуць: абяцанне рот не раздзярэ. А сянні ўжо трынаццатага верасня. Во, рэзка пахаладала. Бульбу трэба выбіраць, — гундосіў асіплым голасам бульдазерыст, сталага веку мужчына, з сівымі скронямі, з чырвоным абветраным тварам. — Планаваў на выхадныя... Ну, бульбу капаць. А тут перадаюць , што будзе дождж. Можа б, сянні вырвацца, га? Усё адно грошы не плаціце.
— Трэба прыбіраць тэрыторыю. Хутка пуск завода. А бульбу можна выкапаць і праз тыдзень, — важна адказаў Акапян.
— Етая прыборка нідзе не дзенецца. А бульбу можа марозік прыхапіць. Тут вам не Каўказ. У нас халадней.
— А пры чым тут Каўказ? Я нарадзіўся на Беларусі, на Магілёўшчыне. Бацька партызаніў тут. А пасля вайны раён падымаў. Так што няма чаго мне Каўказам тыкаць, — узарваўся Акапян.
— Я не тыкаю. Я сказаў , што ў нас іншае надвор’е. І няма чаго крычаць, — хмурна зірнуў бульдазерыст, сціскаючы бруднай спяцоўкаю вялізны гаечны ключ.
Акапян ведаў бульдазерыста, не раз бачыў яго на падпітку, і жыў ён у суседнім доме.
Новым мікрараёнам, у якім атрымалі кватэры завадчане, былыя вяскоўцы ў сваёй большасці, Акапян мог ганарыцца. Гэта ён выбіваў фонды, матэрыялы, дняваў і начаваў на будоўлі жытла, бо разумеў, што кватэраю можна прывязаць тут маладога, дый сталага спецыяліста. Жылых дамоў набудавалі, а завод стаіць мёртвы, хоць ён ужо тры гады павінен даваць прадукцыю. Спярша пуск сарваў Чарнобыль, а цяпер тармозіць суцэльнае безгалоўе, якое пануе ва ўсёй вялікай савецкай краіне.
Вярнуўся ён у кабінет з дрэнным настроем. Зноў зашчымела сэрца, мусіў узяць таблетку нітрагліцэрыну. Кепска пачынаецца дзень, сумна падумаў ён. У гэты час пранізліва азваўся тэлефон.
— Ну што ты ўсё скардзішся, Георгій Сяргеевіч? — пазнаў ён голас намесніка міністра. — Няўжо ты не разумееш сітуацыю? Ну, няма зараз грошай. Ты думаеш, даў тэлеграму — і ўсё вырашылася? Ні храна... Спіхнулі на мяне. Даручылі перадаць: можаш даваць людзям адпачынак без аплаты. Хай бульбу ўбіраюць. Зіма наперадзе.