Прафсаюз лічыць памылковым нежаданьне АРА заключыць дамову й просіць цягам трох дзён даць станоўчы адказ на згаданыя пункты; у выпадку адмовы прафсаюз ня зможа палагодзіць сытуацыю нармальным шляхам.
Тады ж, у траўні, кіраўнік Менскай акругі пераслаў ліст у Маскву з кароткім камэнтаром: заявы пра супрацоўнікаў, якія галадаюць, — яўнае перабольшаньне[52], заробкі пэрсаналу цалкам сувымерныя зь мясцовымі даходамі. Дачыненьні ўнутры АРА нармальныя, скаргаў на аплату не паступала, і ўсё пытаньне інсьпіраванае прафсаюзам[53].
Паводле пагадненьня ў Рызе, АРА ня мусіла заключаць пагадненьні з савецкімі прафсаюзамі: усе канфлікты трэба было вырашаць з афіцыйнымі ўладамі. Афіцыйныя ўлады на месцах, аднак, добра памяталі ўнутрыпартыйную палітычную барацьбу з нагоды прафсаюзаў, якая цягнулася ўвесь папярэдні год і скончылася сакрушальнай паразай часткі найвышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Трэба было быць асьцярожным — амэрыканцы зьедуць, а прафсаюзы застануцца.
Упаўнаважаны ўраду Мар’ян Стакоўскі прапанаваў Чарлзу Ўілабі тое самае, што й прафсаюз: звольніць Сьміта, забараніць яму прыходзіць у кантору, амэрыканскаму боку напісаць ліст з афіцыйнымі прабачэньнямі.
Ўілабі паведамляў у Маскву:
Я патлумачыў Стакоўскаму, што ня маю паўнамоцтваў звальняць супрацоўнікаў, а забарона Сьміту зьяўляцца ў офісе выглядала б менавіта як звальненьне. Што да прабачэньня, дык каб Стакоўскі сам быў на месцы Сьміта, пад гарачую руку ён зрабіў бы тое самае.
Мінала гадзіна за гадзінай, а Ўілабі й Вілі ўсё яшчэ не выходзілі з кабінэта ўпаўнаважанага. Ўілабі цьвёрда трымаўся аднаго пункту: ніякіх перамоваў з прафсаюзамі, гутарка можа ісьці толькі з прадстаўнікамі ўраду. Урэшце бакі пайшлі на кампраміс: Ўілабі пагадзіўся зрабіць запыт наконт пераводу Сьміта зь Менску, а Стакоўскі пагадзіўся прыняць ад Ўілабі ўсе дакумэнты страйкоўцаў разам зь пісьмовым тлумачэньнем, што АРА не прызнае прафсаюзаў.
Ўілабі выканаў абяцаньне — паслаў запыт наконт пераводу Сьміта й дадаў свой камэнтар:
З асабістых і афіцыйных прычынаў я не хацеў бы, каб Сьміта пераводзілі зь Менску. Я ўпэўнены, што яго ня варта высылаць з Расеі. Ён набыў каштоўны досьвед у складавай працы й арганізацыі харчаваньня дзяцей у Арэнбургу. Гэты досьвед быў для мяне каштоўны. Я прызнаю, што ягонае далейшае знаходжаньне тут можа прывесьці да працягу рознагалосьсяў паміж намі й прафсаюзам, паміж чальцамі прафсаюзу й Сьмітам. Не зважаючы на гэта, я хачу паспрабаваць.
Перад тым як адаслаць ліст, Ўілабі паказаў яго Сьміту. Допіс сканчаўся просьбай дазволіць Сьміту самому прыехаць у Маскву для тлумачэньняў.
Аднак увечары таго ж дня кіраўнік акругі надрукаваў яшчэ адзін ліст у Маскву, які пазначыў «канфідэнцыйнае». У ім Ўілабі пісаў, што праблему можна было б палагодзіць на самым пачатку, калі б не адбыўся другі інцыдэнт са Сьмітам, пакуль ішлі перамовы са Стакоўскім. Гэта аслабіла пазыцыю АРА:
Я спадзяюся, што вы як найхутчэй пераведзяце Сьміта зь Менску. Гэтай рэкамэндацыі няма ў маім афіцыйным паведамленьні. Вы разумееце чаму. Ён нагэтулькі не давярае цяпер расейцам, што ня можа ўстрымацца, каб увесь час не дэманстраваць гэтага. Я баюся, што гэта прывядзе да мноства такіх сутычак, як сёньняшняя.
Мінула ноч. Загадчыкі дзіцячых дамоў, сталовак для ўцекачоў, лекары й адрасаты амэрыканскіх пасылак дарма прыйшлі наступнай раніцай — склады АРА былі замкнёныя. Супрацоўнікі зьявіліся на працу, але прафсаюзныя кіраўнікі пільнавалі, каб ніхто ня ўзяўся выдаваць прадукты. Страйк працягваўся.
Ўілабі патэлефанаваў Стакоўскаму. Той хутка зьявіўся й папрасіў дазволу правесьці сход супрацоўнікаў на тэрыторыі канторы. На гэты раз Стакоўскі сказаў тое, што марна спрабавалі давесьці амэрыканцы: паводле пагадненьня з савецкім урадам АРА не прызнае прафсаюзаў і права на страйк. Усе канфлікты павінны вырашацца паміж ім як упаўнаважаным ураду і Ўілабі. Стакоўскі зьвярнуўся да старшыні прафсаюзу з прапановай накіраваць супрацоўнікаў на рабочыя месцы.
Газэта «Савецкая Беларусь» 26 лістапада паведаміла:
Упаўнаважаны Стакоўскі ў кароткай прамове абмаляваў свае перамовы з адміністрацыяй АРА. Упаўнаважаны канторы АРА па Беларусі сп. Ўілабі пагадзіўся задаволіць усе нашы патрабаваньні.
Хаця ніводнае патрабаваньне не было выканана, камуністычныя прафсаюзы, якія з клясавай рашучасьцю пастанавілі не выдаваць прадуктовыя амэрыканскія пасылкі сіротам, шпіталям і прытулкам, з прадстаўніком улады спрачацца ня сталі. Праз 24 гадзіны пасьля пачатку страйк быў спынены.
Праз тры дні, 29 лістапада, Сэдрык Сьміт выехаў зь Менску.
4 сьнежня ў Маскве савецкі ўпаўнаважаны Карл Ландэр выклікаў намесьніка кіраўніка АРА Сырыла Кўіна й запатрабаваў тлумачэньняў. Той выклаў пазыцыю амэрыканцаў: Сьміт ударыў шафёра ў выніку надзвычай правакацыйных паводзінаў апошняга. Адначасова Кўін паслаў рэзкую вымову Ўілабі за дазвол пабочнай асобе заначаваць у будынку для амэрыканскага пэрсаналу. Ўілабі прызнаў віну.
Ландэр ня быў задаволены амэрыканскім адказам і патрабаваў новых і новых тлумачэньняў. Перапіска, якая мусіла дэманстраваць адстойваньне правоў савецкага чальца прафсаюзу, цягнулася да канца 1922 году.
Сэдрык Сьміт у Менск больш не вярнуўся — яго паслалі на працу ў Арэнбурскую вобласьць. Кіраўніцтва АРА да канца стаяла на баку Сьміта. Ужо пасьля завяршэньня апэрацыяў у Расеі дырэктар АРА Ўільям Гаскел напісаў свайму былому супрацоўніку ліст, які выходзіў за рамкі звычайных падзяк і характарыстык:
Мой дарагі сп. Сьміт!
Маю вялікае задавальненьне выказаць вам сваю ўдзячную ацэнку вашай выдатнай працы ў АРА ў Арэнбургу й Менску. Падчас усёй вашай працы я атрымліваў толькі самыя прыхільныя паведамленьні аб вашай энэргіі й здольнасьцях. Толькі дзякуючы ляяльнай і адданай працы такіх амэрыканцаў як вы, нам удалося выканаць нашыя задачы ў Расеі. Упэўнены, што набыты досьвед будзе каштоўным для вас у будучыні. Спадзяюся, што вы без сумневу зьвернецеся да мяне ў любы час, калі я змагу быць карысным і даць вам рэкамэндацыю што да вашага характару і здольнасьцяў.
Імя Падбярозкі ня раз сустракаецца ў дакумэнтах АРА. Аднойчы ён забыўся паставіць свой аўтамабіль на ручны тормаз, той пакаціўся й пашкодзіў аўтамабіль Наркамасьветы, і АРА мусіла плаціць за рамонт. Ігнат Падбярозка ад пачатку працы меў дазвол на выезд за мяжу ды польскую візу, і яго пасылалі перавозіць амэрыканцаў празь беларускую мяжу на цягнік у Стоўпцы. 15 сьнежня 1922 Падбярозка звольніўся зь менскай канторы АРА.
Ці значыцца гэтае прозьвішча таксама ў сьпісах супрацоўнікаў ГПУ — невядома[54].
11
Інспэктарка Румянцава супраць наркама Мар’ясіна: часовая перамога
Пагрозы ў друку. — Ўілабі пратэстуе. — Нелегальныя інспэкцыі. — Бруд, вошы й дзеці. — Сыстэма ацэнак працуе. — Тры небясьпечныя жанчыны. — Справа прынцыпу. — Сакрэтны цыркуляр
1 сьнежня 1922 Мар’ян Стакоўскі надрукаваў у газэтах афіцыйнае папярэджаньне:
Апошнім часам па розных дзяржаўных установах бадзяюцца нейкія індывідуўмы, якія абвяшчаюць сябе кантралёрамі АРА. Папярэджваю, што права кантролю маюць толькі асобы з мандатам за маім подпісам. Тыя, хто ня мае мандатаў, як шантажысты павінны неадкладна затрымлівацца й перадавацца міліцыі.
Толькі-толькі скончыўся канфлікт з камуністычным прафсаюзам, усё яшчэ цягнулася сьледзтва ў справе дзіўнага рабаваньня ў гатэлі «Савецкі», аб’ём апэрацыяў АРА ад пачатку восені імкліва павялічваўся, і Ўілабі, які працаваў усяго два месяцы, быў зусім не зацікаўлены ў канфрантацыі з упаўнаважаным. Без узаемадзеяньня з уладай было немагчыма эфэктыўна выканаць задачы АРА. Але таксама немагчыма было адступіцца ад цэнтральнага прынцыпу Гувэра: АРА сама вызначае, як і хто атрымлівае амэрыканскую дапамогу.
[52] Апроч заробку, мясцовыя супрацоўнікі АРА бясплатна атрымлівалі адну амэрыканскую харчовую пасылку на месяц. У Менскай акрузе ў 1922–1923 было выдадзена такім чынам больш за 58 тон харчоў на суму 5786 даляраў.
[53] Прафсаюзная актыўнасьць была невыпадковая: пасьля таго, як бальшавіцкі ўрад дзеля выжываньня мусіў пайсьці на саступкі й дазволіць крыху свабоды ў эканоміцы, прафсаюзы атрымалі новае заданьне — абараняць клясавыя інтарэсы пралетарыяту ад НЭПманскай буржуазіі. Пачалі, аднак, не з адстойваньня інтарэсаў чальцоў саюзу, а з уласнай чысткі. З чэрвеня па жнівень 1922 у Беларусі праходзіла кампанія «добраахвотнага ўступленьня» ў прафсаюзы, у выніку чаго колькасьць чальцоў зьменшылася з 49 да 40 тысяч. Затое, як афіцыйна сьцьвярджалі, «умацавалася іх клясавая аднастайнасьць».
[54] Загад ГПУ «Аб бягучым моманце й задачах органаў ГПУ па барацьбе з контрарэвалюцыяй» ад 10 сакавіка 1922 ставіў наступныя задачы: «Органы ГПУ тых раёнаў, дзе працуе АРА, павінны асаблівую ўвагу зьвярнуць на яе дзейнасьць, выяўляючы шпіянаж, сувязі з контрарэвалюцыйнымі групоўкамі, гуртаваньне белагвардзейскіх элемэнтаў, высмоктваньне золата й каштоўнасьцяў, а таксама ўсе тыя факты, нават з прыватнага жыцьця асобных дзеячоў АРА, якія маглі б у патрэбны момант служыць матэрыялам дыскрэдытацыі для адпаведных паліткампаніяў».