А 3-й гадзіне раніцы агенты Беларускай Рэспублікі ўвайшлі ў пакой загадчыка мэдычных складоў, які быў нашым перакладчыкам падчас допыту ў гатэлі, арыштавалі яго й заявілі, што знайшлі ў пары ягоных штаноў ля ложка партманэт доктара Герца, у якім была 21 тэлефонная картка доктара Герца. Загадчык цяпер у турме ЧК.
Амэрыканцы не паверылі ў хуткі арышт сапраўднага злачынцы й настойвалі на камісіі з Масквы. Разьлік быў на тое, што сталічнае начальства прымусіць мясцовае хаця б вярнуць скрадзеныя рэчы. Спадзевы аказаліся марныя.
Так разьвітаўся Менск зь першым кіраўніком акругі АРА ў Беларусі Доналдам Гардзі[50].
10
Страйк у АРА: памылка Сэдрыка Сьміта
Гонар жанчыны. — Пабілі шафёра. — Ультыматум прафсаюзаў. — Сьпяваюць «Інтэрнацыянал». — Штрэйкбрэхеры будуць галадаць. — Газэтная кампанія. — Канфідэнцыйная прыпіска. — Сьміт зьяжджае
Толькі-толькі скончыўся першы месяц працы ў Менску новага кіраўніка акругі Чарлза Ўілабі, калі выбухнуў скандал, у якім зьмяшаліся ў адно жанчыны, палітыка й клясавая барацьба. З газэтных старонак у Менску скандал перакінуўся ў Маскву, і ягонае рэха дакацілася да амэрыканскай прэсы. Загалоўкі паўсюль былі аднолькавыя: страйк у АРА.
25 лістапада 1922 газэты «Савецкая Беларусь» і «Звезда» надрукавалі карэспандэнцыю пра падзеі ў менскай канторы АРА. Паведамленьне ў «Звезде», падпісанае псэўданімам Праўдзін, заняло чвэрць газэтнай паласы.
Страйкоўцы патрабуюць пакараньня асобы, што дазволіла сабе ўжыць мэтады кулачнай расправы, якія дапушчальныя ў краінах, дзе ва ўладзе не знаходзяцца бальшавікі. Але даўно выйшлі з моды там, дзе ва ўладзе знаходзяцца бальшавікі, гэтак нелюбімыя панам Сьмітам.
Новы намесьнік кіраўніка акругі Сэдрык Сьміт, які за некалькі тыдняў перад тым прыбыў у Менск з Самары, бальшавікоў не любіў. Ён таксама не выносіў, калі пры ім абражалі жанчын. Напярэдадні ў новым доме, куды з гатэлю перасяліліся супрацоўнікі акругі, са згоды Чарлза Ўілабі адна госьця атрымала дазвол пераначаваць у вольным пакоі. Ўілабі мусіў апраўдвацца перад начальствам у Маскве:
Менск — горад, дзе поўна чутак. У суседніх пакоях жыў абслуговы пэрсанал, і я ведаў, што мясцовыя супрацоўнікі мусяць усё дакладваць камэнданту. Але спадзяваўся, што поўная адкрытасьць гасьцяваньня сама сабою засьцеражэ ад плётак.
Наступнай раніцай шафёр Ігнат Падбярозка пачаў расказваць пра начную оргію з удзелам трох амэрыканцаў. Ўілабі запрасіў шафёра для тлумачэньняў; той спаслаўся на аповед прыбіральшчыцы. Падбярозка некалькі гадоў працаваў у Амэрыцы, гаварыў па-ангельску, але ня надта добра. Ўілабі папрасіў яго прыйсьці зь перакладчыкам, але, на няшчасьце, па дарозе іх сустрэў Сьміт.
Дачыненьні між Падбярозкам і Сьмітам былі досыць напружаныя. Аднойчы Сьміт перадаў шафёру заданьне на выезд. Той толькі скончыў разгрузку свайго аўтамабіля й паслаў Сьміта к чортавай матары, заявіўшы, што нікуды болей не паедзе. Сьміт у адказ недыпляматычна паабяцаў набіць шафёру пысу, калі той яшчэ хоць раз так яму адкажа. Падбярозка напісаў пісьмовую скаргу, але справа далей за словы не пайшла. На рэзкае пытаньне Сьміта пра чуткі Падбярозка заявіў, што нічога нікому не казаў. Гутарка не зацягнулася. Разьюшаны Сьміт закаціў поўху, потым другую. Шафёр схаваўся пад стол. Калі Сьміт паспрабаваў выцягнуць яго, той вырваўся й кінуўся да прафсаюзнага начальства.
У гэты ж дзень Ўілабі атрымаў пратэст ад Саюзу дзяржаўных і прыватных службоўцаў:
Саюз лічыць, што выпадкі зьбіцьця гаспадаром свайго працаўніка нецярпімыя, асабліва на тэрыторыі РСФСР, і таму лічыць неабходным зьвярнуць вашую ўвагу на наступныя патрабаваньні:
1. Запатрабаваць ад сп. Сьміта публічна папрасіць прабачэньня ў Падбярозкі.
2. Звольніць сп. Сьміта з працы ў АРА.
3. Пагадзіцца на перадачу справы ў суд.
4. Саюз таксама лічыць, што сп. Сьміт ня можа надалей знаходзіцца на тэрыторыі РСФСР.
Мы шлём вам нашыя мінімальныя патрабаваньні ў сувязі з агідным інцыдэнтам, і з гэтай нагоды Саюз заяўляе катэгарычны пратэст супраць такіх некультурных паводзінаў афіцыйнай асобы АРА. Такія выпадкі могуць здарацца ў самых беззаконных і буржуазных краінах. Спадзяемся, што ў вашай асобе Саюз атрымае поўную падтрымку сваіх справядлівых і законных патрабаваньняў. Таксама дазвольце паведаміць, што мы будзем настойваць на гэтых патрабаваньнях усімі сродкамі, даступнымі Саюзу, у тым ліку абвяшчэньнем страйку пратэсту, які будзе працягвацца аж да задавальненьня нашых патрабаваньняў.
У той дзень у канторы АРА ўпершыню прагучалі пагрозьлівыя радкі рэвалюцыйнага гімну: «Паўстань, пракляцьцем катаваны! Паўстань, хто з голаду век пух!» Удзельнікі сходу аднадушна прагаласавалі за спыненьне выдачы харчу й лекаў апухлым з голаду й ад хваробаў і стоячы прасьпявалі «Інтэрнацыянал»[51].
25 лістапада газэта «Звезда» паведаміла:
Страйк прызначаны на заўтра, на першую гадзіну дня. Раніца даецца адміністрацыі АРА на выкананьне чатырох умоваў прафсаюзу савецкіх працаўнікоў.
Чарлз Ўілабі прыняў дэлегацыю прафсаюзу, але адмовіўся ня толькі выканаць іх патрабаваньні, але нават абмяркоўваць канфлікт. Было заяўлена, што ўсе праблемы АРА вырашае вылучна з прадстаўніком ураду Мар’янам Стакоўскім. Да абеду ніводнае з патрабаваньняў не было задаволена.
Ўілабі пісаў у штаб-кватэру ў Маскву:
Сход быў тыпова савецкі. Больш за 60 % супрацоўнікаў выступалі супраць страйку й лічылі, што справу павінен вырашыць Стакоўскі са мной разам. Прафсаюзныя функцыянэры знаходзіліся ва ўсіх куткох і дапільноўвалі, каб усе галасавалі. Старшыня сходу патлумачыў, што той, хто галасуе супраць страйку, ёсьць ворагам працоўнага ўраду — штрэйкбрэхерам, і заслугоўвае страціць працу й галадаць. Бальшыня супрацоўнікаў — жанчыны. На іх было лёгка паўплываць, і яны прагаласавалі за страйк.
А першай гадзіне дня ўсе амэрыканскія склады й кантора ў Менску былі зачыненыя. Людзям, якія прыйшлі па пасылкі й лекі, тлумачылі, што тут ідзе барацьба супраць эксплюататараў, і калі АРА адновіць працу — невядома. Многія прыяжджалі па дапамогу здалёк і не маглі заставацца нанач, у шпіталёх чакалі на лекі, многія дзіцячыя дамы існавалі вылучна на араўскім рацыёне. Прафсаюзнае начальства адсылала самых нецярплівых да амэрыканцаў — яны ва ўсім вінаватыя.
Чарлз Ўілабі й Фрэнк Вілі неадкладна адправіліся на вуліцу Ўрыцкага, дзе ў доме № 3 месьцілася кантора ўпаўнаважанага Мар’яна Стакоўскага. Пачатак перамоваў атрымаўся ня надта ўдалы. Не пасьпелі бакі прыступіць да справы, як у дзьверы пастукалі: у АРА новы канфлікт, Сьміт выставіў за дзьверы аднаго з кіраўнікоў мясцовага прафсаюзу. Той занёс у дом, дзе жылі амэрыканцы, ключы й інструмэнты, пачаў спрачацца са Сьмітам, які раззлаваўся й выгнаў гаваркога актывіста.
Цягам пяці гадзінаў Ўілабі й Вілі вялі перамовы са Стакоўскім. Упаўнаважаны заявіў, што ня мае паўнамоцтваў спыніць страйк, але паспрабуе зрабіць што зможа. Для гэтага трэба прапанаваць прафсаюзу нейкія саступкі.
Упершыню прапанова заключыць дамову між беларускімі прафсаюзамі й АРА паступіла кіраўніку акругі яшчэ ў траўні. Дамова складалася з 34 пунктаў, якія рэгулявалі працу пэрсаналу ў савецкіх установах. Прафсаюзы заяўлялі, што мясцовы пэрсанал галадае, і патрэбавалі ня міласьціны, а сапраўднага заробку, аплаты хваробаў і дэкрэтных адпачынкаў, гарантаваных месячных адпачынкаў з поўнай аплатай і кампэнсацыі за звышурочную працу.
Аўтары ліста таксама патрабавалі прызнаньня абавязковымі ўсіх інструкцыяў і пастановаў у галіне працы, якія выдае ўрад і прафсаюзы. Ліст заканчваўся папярэджаньнем:
[50] У 1962 Гардзі будзе ў турысцкай паездцы па СССР, наведае Ленінград, Маскву, Крым, Кіеў, але ў Менск не заедзе.
[51] АРА мела пэўны досьвед дачыненьняў са страйкоўцамі. Першы інцыдэнт адбыўся адразу пасьля прыбыцьця самай першай партыі дапамогі. Сухагруз «Фэнікс» даставіў у петраградзкі порт 700 тон харчу. Грузчыкі пачалі знарок ірваць мяхі й адсыпаць сабе муку, рыс і цукар. Спробы спыніць рабаўніцтва й затрымаць рабочых на выхадзе з порту прывялі да страйку. Прадстаўнік уладаў заявіў, што ня можа паўплываць на пралетарыяў. Пазьней ставілі асаблівыя ўмовы й прэтэндавалі на амэрыканскі харч розныя групы — ад камуністычных прафсаюзаў да арганізаваных артэляў, чыгуначнікі не хацелі дастаўляць грузы, а пэрсанал дзіцячых дамоў і шпіталёў патрабаваў сабе частку рацыёнаў і адзеньня. АРА ацэньвала такія заявы як шантаж і цьвёрда стаяла на сваім праве ўсё разьмяркоўваць самастойна ў адпаведнасьці са сваімі задачамі.