Пасля выпітай чаркі балела галава, злёгку нудзіла, і айцец Антоні, пацёршы скроні, выйшаў на падворак.
На двары было цёпла і вільготна. Падсветленае згасальным сонцам паветра ружавела, дрыжэла ўваччу, і старая таполя, што стаяла пасярод двара і яшчэ ўчора была панылай і голай, пакрылася зялёным вэлюмам. Айцец Антоні скасіў вочы і да храбусцення ў суставах пацягнуўся.
— Любата! — вырвалася з грудзіны, і водгуллем вокліча святарскай душы стаўся глухі і няўцямны зык. Гэта выў на царкоўным цвінтары самотны Кузік. Айцец Антоні спахмурнеў, але тут жа страсянуў галавою.
«Што гэта я… пусціў у душу грахоўную маркоту, калі душа павінна весяліцца», — айцец Антоні падняў угору вочы, перахрысціўся на ружовыя аблокі, і сэрца ягонае крануў лёгкі халадок — ад адчування, што калісьці, у іншым жыцці, ён пабачыць жывога Тузіка, і ягоны ўлюбёнец тыцнецца яму ў далонь халодным носам, а яшчэ падумаў, што пабачыць родную маці і тую дзяўчыну, якую страшэнна кахаў і з-за якой ледзь не кінуў семінарыю, і, апанаваны такімі думкамі, прачытаў — ад пачатку да канца — сваю ўлюбёную Восьмую Песню. Гэта яна гучала ў царкве, калі туды лезлі кудлатыя недарэкі.
«Всю низложив смерти державу Сын Твой, Дево, Своим воскресением, яко Бог Крепкий совознесе нас и обожи…»
Кава апоўначы
Рыгор Мікалаевіч — малады, збольшага непітушчы кандыдат навук — выбег з ваннага пакоя і, пакідаючы на падлозе сляды мокрых ног, падбег да шафы. Высунуўшы шуфляду, дзе ляжала ніжняя бялізна, ён выцягнуў адтуль трыкатажныя трусы фірмы «Pumа», нацягнуў на жылістыя клубы і заклапочана спахмурнеў: жоўтая пляма на трусах так і не адмылася. Памацаўшы пляму дрыготкім пальцам, кандыдат скрывіўся і ўжо без ранейшага імпэту стаў насоўваць праз галаву выхадную кашулю. У галаве тым часам віравалі лічбы: сорак тысяч трэба будзе аддаць за шампан, пяцьдзясят тысяч за ружы, яшчэ дванаццаць тысяч «пацягнуць» новыя шкарпэткі: старыя ўсе скрозь прадзерліся. Агулам — сто дзве тысячы. Як для яго — вялікія грошы.
— У-ф-ф! — выдыхнуў Рыгор і тут жа застыў, зачараваны. Яму ўявіліся важкія дзявочыя грудзі, прымроіліся гладкія, шырока рассунутыя калені, вуха крануў гарачы Зінчын шэпт, і кандыдат, забыўшыся на грошы, захоплена пацёр спацелыя далоні.
Рыгор быў старым кавалерам і ўжо не першы год марыў аб жаніцьбе. Знайсці ў сталым веку годную жонку наогул цяжка, а тут яшчэ прыродная сціпласць, няўпэўненасць у сабе, малыя заробкі… Карацей, злядашчаў Рыгор без жонкі. І вось, акурат сёння, з халасцяцкай слязінай у сэрцы, сустракаў кандыдат сваё трыццацігоддзе. Адранку — была такая інстытуцкая завядзёнка — прынёс на кафедру пару пляшак віна, кіло памаранчаў, яшчэ нейкя закусь і, у час сяброўскай бяседы, пачуў ад калег шмат добрых слоў на свой адрас. «Адно кепска, Рыгор Мікалаевіч, — выгукнула пры канцы застолля загадчыца кафедры Еўдакея Ферапонтаўна, — не маеш ты спадарожніцы жыцця». Распалавініўшы памаранчу, загадчыца выцерла рукі аб насоўку і жартам прамовіла: «А вунь, Зіначка Якуніна… чым не пара? Маладая, энергічная… кандыдацкую піша…»
Пасля такіх словаў Зіначка Якуніна густа пачырванела і абдарыла Рыгора Мікалаевіча шматабяцальнай усмешкай.
Гэтая самая Зіначка працавала на суседняй кафедры і патрапіла на застолле выпадкова — прынесла нейкія паперы і, вядома ж, мусіла выпіць за здароўе юбіляра. Дагэтуль Рыгор не звяртаў на Зіначку аніякай увагі: была яна на пяць гадоў старэйшай, на два пальцы вышэйшай і нос мела кірпаты. Але тут штосьці зварухнулася пад сэрцам, і юбіляр, паправіўшы скасабочаны гальштук, убачыў, што Зіначка Якуніна прывабная жанчына і да таго ж — пра гэта яму гучным шэптам паведаміла Еўдакея Ферапонтаўна — мае ўласную двухпакаёвую кватэру.
Пасля бяседы Рыгор праводзіў Зіначку дахаты. Яны ішлі па шумных вуліцах, бязладна гаманілі, і з кожным крокам у душы Рыгоравай расло, убіралася ў сілу пачуццё хмельнай радасці з дамешкам восеньскага суму. Сум навявала бязважкая павучынка, што трымцела ў валасах спадарожніцы. Павучынка спрабавала зляцець у свой недалёкі вырай, але здолела гэта зрабіць толькі на парозе Зінчынага дом. Рыгор зняў яе, пусціў па ветры, і Зіначка, ачараваная такім абыходжаннем, ледзь чутна пралепятала: «Дык, можа, зойдзем да мяне? Пачастую вас кавай…»
Прапанова прагучала знянацку, і ў Рыгора ад нечаканасці нават закружылася галава. «Трусы падзертыя… памыцца трэба… кветку якую ўзяць…» — завіравалі ў галаве бязладныя думкі, і кандыдат, пералічыўшы квадраты вокнаў у Зінчыным пад’ездзе, у сваю чаргу шапялява прамармытаў: «А можна… увечары?»
Жанчына з радасцю кіўнула, і яны развіталіся на доўгія дзве гадзіны.
А дзявятай вечара, пад гукі музычнай застаўкі тэлепраграмы «Панарама» — у адной з кватэраў тэлевізар працаваў на поўную гучнасць, — кандыдат увайшоў у прыцемны пад’езд, падняўся на другі паверх і застыў перад браніраванымі дзвярыма. Перакінуўшы з левай рукі ў правую букет жоўтых ружаў (хацеў узяць чырвоных, ды не было ў продажы), Рыгор з шумам перавёў дых, памкнуўся націснуць гузік званка, ды дзверы з рыпам адчыніліся і на парозе паўстала гаспадыня кватэры. Была яна ў белай празрыстай сукенцы і з чырвоным бантам у валасах.
— А вось і мы! — гукнуў кандыдат, злавіўшы вокам смочкі грудзей, што прабіваліся праз сукенку, і элегантным рухам — дзвюма рукамі — перадаў даме кветкі.
— Ой, Рыгор Мікалаевіч… ну навошта такія выдаткі? — з інтанацыяй лёгкай панікі прамовіла жанчына, прыціснула да твару бутоны і, увабраўшы носам паветра, прашаптала: — Божухна, які пах!
Рыгор Мікалаевіч пераступіў парог, другім разам перавёў дых і толькі тады згадаў, што прыйшоў на спатканне ў туфлях на босую нагу. Шкарпэткі ён набыў па дарозе, ды забыўся нацягнуць, і цяпер застыў ля дзвярэй, чакаючы, калі гаспадыня сыдзе з калідора. Тая, аднак, не сыходзіла.
— Ну што ж вы, Рыгор Мікалаевіч, не саромейцеся. Будзьце як дома. Вось вам тапкі, — гаспадыня кватэры нагнулася, яшчэ раз прашаптала: — Які пах! — падсунула да Рыгоравых ног мяккія жаночыя тэпці.
Госць муляўся ля ўвахода, і гаспадыня, па-свойму зразумеўшы сітуацыю, адчыніла прыбіральню…
«Лажануўся», — падумаў Рыгор, нацягваючы шкарпэткі і, каб пераканаць гаспадыню, што яго прыперла ўсяго толькі па малой патрэбе, спусціў ваду і выслізнуў з прыбіральні.
— Калі б вы ведалі — як я люблю жоўтыя ружы! — Зіначка завіхалася недзе ў кухні, і Рыгор, дастаўшы з поліэтыленавай торбы бутэльку шампану, агледзеўся. Пасярод пакоя стаяў сервіраваны на дзве персоны стол. На стале гарэлі васкоўкі, і палахлівыя вогнікі цьмяна бліскалі на металёвым цэптэраўскім посудзе, на ножках высокіх фужэраў, на баку пузатай бутэлькі. «Cаmus» — мільганулі ўваччу залацістыя літары, і Рыгор, уздыхнуўшы, прысуседзіў да пляшкі дарагога французскага каньяку бутэльку таннага айчыннага шампану.
Наступнай хвілінай госць з юрлівай асалодай назіраў, як гаспадыня ўкараноўвала стол букетам апырсканых вадою ружаў. Пад сукенкай Зінчынай былі толькі ажурныя трусікі, і Рыгор, пабачыўшы гэта, няўлоўным рухам правёў рукой па тым месцы, дзе паўставаў з небыцця апрэлы дручок.
Ад выпітага кружылася галава і злёгку зыбалася падлога.
— Еўдакея Ферапонтаўна шмат пра вас казала, — гаспадыня кватэры каторым ужо разам наблізіла твар да ружаў.
— А што канкрэтна? — госць у сваю чаргу паднёс да носа фужэр, удыхнуў шакаладны пах каньяку.
Замест адказу жанчына апусціла вочы, прыкусіла ніжнюю губу, і Рыгор зразумеў, што Зіначка забегла сёння на кафедру не выпадкова.
Госць, з адчуваннем лёгкай перавагі (сам ён абараніўся яшчэ пазалетась), змяніў тэму гаворкі:
— Ну, а як кандыдацкая?
— Засталося стылістыку паправіць… — адказала Зіначка, і Рыгор падскочыў у крэсле.