— Ну а за што яны завяліся? — запытаўся міліцыянт, які стаяў поруч і штосьці пісаў у нататніку.
— Ды той, дурнаваты, крыкнуў штосьці па-хахляцку, а маленькаму… ну, задрыпу таму, што за мной стаяў, гэта не спадабалася…
— А што ён крыкнуў? Пастарайцеся згадаць. Гэта вельмі важна. Можа, што пра майдан ці пра выбары?
— Ды не… я якраз з сястрой размаўляла, і сказала, што пасля парыльні кілаграм вагі скінула. А той хахол загарлаў, што гэта пот з арганізму выйшаў.
— Усё абшукаў — нідзе няма, — гукнулі знянацку з прымыльніка.
— Аббяжы вакол лазні, можа, дзе, голыя, у кустах сядзяць, — загадаў міліцыянт, піхнуўшы ў кішэнь нататнік, — і ў «хуткую» патэлефануй. Хай прыедуць, паглядзяць таго… кантужанага.
Макар вылез са спрату і на цырлах, сабраўшы ў прыгаршчы машонку, заляцеў у прымыльнік. Недаростак, дзякаваць богу, ачуняў: сядзеў на лаве, а перад ім, прыпаўшы на калена, завіхаўся лазеншчык з медычнай пляшачкай у руках. У паветры да свербу ў носе пахла нашатырам.
Шафка была расчынена, і вопратка валялася на падлозе. Няйначай, кучаравы небарака раскідаў, як збіраўся ў пастарунак.
Макар з цяжкасцю нацягнуў штаны, нахіліўся, каб падняць кашулю, ды так і замёр нерухомы. За тры метры ад яго стаяў пляшак і дрогкімі рукамі спрабаваў надзець трусы. На плешака было страшна глядзець: ён быў мокры ад макаўкі да пятак, дарэшты ссінелы, і яго ўсяго калаціла. І дрыжыкі былі нейкія дзіўныя: лыткі, чэрава, лысая галава і ліловы азадак тузаліся, дрыжэлі, пульсавалі ў нейкім дзікім разнабоі, а з расквашанага носа і пабітай макаўкі ценькімі струменьчыкамі збягала юха. Пляшак, відаць, хаваўся ў кантраснай ванне. Вада там ледзяная, таму і скарчанеў, як цуцык.
Макар падышоў да акалелага небаракі, дапамог насунуць кашулю. Кроў з пабітай макаўкі пайшла як мае быць, таму давялося адарваць кавалак газеты, што ляжала, прыціснутая мокрымі нагамі, на падлозе, прыляпіць да раны.
… Міліцэйскай машыны каля лазні ўжо не было. Зірнуўшы на «хуткую дапамогу», што калывалася на выбоінах, Макар паляпаў па сцёгнах, шукаючы цыгарэты, і толькі тады заўважыў, што надзеў чужыя порткі. Ён дастаў пачак, працягнуў скалеламу гаротніку. Той памкнуўся вылушчыць цыгарэту, але пальцы зусім не гнуліся, і Макар сам уставіў цыгарэціну ў пасінелыя вусны, пстрыкнуў перад разбітым носам запальнічкай. Змагаючыся з дрыжыкамі, гаротнік зацягнуўся цыгарэтным дымам, і на змарнелым твары ягоным нарадзілася журботная ўсмешка.
Тузік і Кузік
Прадказанне, як вядома, справа рызыкоўная. Вось і матухна Пелагея штогоду кажа: «На габрэйскую Пасху халадэча, а на нашу — Божая цяплынь». А што маем? Чысты чацвер падаспеў, а ў паветры белыя мухі кружляюць, і Тузік з Кузікам — два ўвішныя, невядомай пароды, дварнякі, — не могуць угрэцца і сядзяць у сваёй будцы.
Дварнякі вартуюць будматэрыялы — дзесяць кубоў адфугаваных дошак, гару сілікатнай цэглы ды тузін мяхоў з вапнаю. Учора, поруч з будкай, ляжалі таксама лісты дэкаратыўнай фанеры, але з ночы цесляры, што тут завіхаюцца, занеслі іх у царкву і цяпер безупынна лупяць малаткамі, збіваючы «царскія брамы».
Тузік і Кузік яшчэ зусім маладыя псіны. На мінулыя Пакровы іх, гарэзлівых шчанюкоў, падкінулі ў двор айца Антонія, і матухна Пелагея — жанчына дарэшты чуллівая, — прытуліла гарэзаў у хлеўчыку, кінуўшы ў кут старую ватоўку і наліўшы ў бляшанку цёплага казінага малака. Завітаўшы наступнага ранку ў хлеўчык і пабачыўшы, як руды, з белымі «гамашамі» на пярэдніх лапах шчанюк тузае за вушы чарнявага, з белай «манішкай» на грудзіне сябрука, матухна Пелагея ахрысціла аднаго з іх Тузікам, а другога — Атлантавым. Надта ж падобны быў чарнявы шчанюк з «манішкай» на опернага спевака, якога колісь паказвалі па тэлевізіі і якога матухна любіла за густы бас і мужнае аблічча. Айцец Антоні, аднак, з другім імем не пагадзіўся. «Не варта псінам даваць чалавечых імёнаў», — мовіў, спехам перахрысціўшыся, і прапанаваў назваць шчанюка Кузікам.
На тлустых святарскіх харчах сабакі хуценька раслі і, што дзіўна, амаль не брахалі. І толькі адранку, пачуўшы, як гаспадар спрабуе непракерханы голас, з адчайным дзяўканнем кідаліся да парога гаспадаравай хаты. Блазнюкам здавалася, што гаспадара нехта душыць і ён лямантуе аб дапамозе.
— М-митропол-литу М-минском-му и Сл-луцком-му-у… — зычна цягнуў айцец Антоні, гэтак жа зычна керхаў, і матухна Пелагея, ступіўшы на ганак, дакорліва прамаўляла:
— Ну чаго, чаго ўсхадзіліся?..
У руках матухна несла слоік з малаком, і шчанюкі задаволена вілялі хвастамі — малако ім падабалася і дзяўкаць такою хвіляю нават самаму зласліваму сабаку не выпадала.
Тры месяцы гойсалі Тузік і Кузік па двары, а неўзабаве ім знайшлася праца: вартаваць недабудаваную царкву, дакладней, атачоны дашчаным плотам цвінтар, на якім ляжалі піламатэрыялы ды розны будаўнічы хломазд. Напачатку сабак пасадзілі на доўгія ланцугі, але ў першы ж вечар Тузік з Кузікам так у іх заблыталіся, што адзін з ланцугоў давялося перапілоўваць, а Тузіку яшчэ і прыпякаць ёдам да крыві намуляную лапу. Ад той пары сабакі вартавалі цвінтар без ланцуга і ставіліся да сваёй працы з усёй адказнасцю. Вось і мінулай суботы давялося Тузіку хапануць за калашынне прапара Патрыкеева. Прапар той прымачыць у хаце загадчыцы мясцовай крамы і трэці год запар будуе ля хаты лазню. «Ну што, гвардзейцы віславухія… службу несяце?» — стоена гукнуў Патрыкееў, завітаўшы а дванаццатай гадзіне ночы на цвінтар. Сабакам такі жарт не надта спадабаўся. Яны пацягнулі насамі, а ўнюхаўшы агідны пах вермута, якім быў працяты кадравы вайсковец, пакінулі віляць хвастамі і наструніліся. «Брус які ўзяць, ці што?» — прамармытаў, загаворваючы сабачыя зубы, начны госць, і не паспеў ускінуць на плячук даўжэзны брус, як Тузік схапіў яго за калашынне форменных штаноў. Сабакі заліліся брэхам, іх падтрымалі спакрэвічы з усяго пасёлка, і прапар паўпрысядкам, з мацюкамі на вуснах, пабег упрочкі, галавой адчыніўшы непадатныя весніцы.
Весніцы, дарэчы, на цвінтары адмысловыя: да іх прыбітыя спружыны, таму яны адчыняюцца з цяжкасцю. Зрабілі гэта, каб сабакі не давалі рады выскачыць на вуліцу. Ды тыя, з разгону, іх лёгка адчыняюць.
А яшчэ Тузік з Кузікам любяць ганяцца за жоўта-блакітнымі «жыгулямі», на якіх ездзіць даішнік Вазняк. Міліцыянт штодня прыязджае на абед да маці, старой Вазнячыхі, і сабакі, яшчэ здаля пабачыўшы міліцэйскую «канарэйку», бягуць ёй насустрач, а потым аж да самай Вазнячысінай хаты зацята брэшуць у выхлапную трубу.
З усімі астатнімі жыхарамі пасёлка сабакі жывуць дружна. Нават з Вазнячысіным катом, які часцяком завітвае на цвінтар і грэецца на дошках, пазіраючы на свет круглявымі, не раўнуючы як працяты сонцам агрэст, зіркадламі. Тузік гыркае на ката толькі тады, калі вусаты свавольнік пнецца, на паўсагнутых лапах, да бляшанак, у якія матухна Пелагея налівае малако.
Дзесьці на другім канцы псёлка гудзе машына. Кузік, чыя галава тырчыць з будкі, прыўзнімае правае вуха, слухае — ці не Вазняк едзе? — і салодка, на поўную губу, пазяхае. Звычайна ад самага ранку на цвінтар забягае матухна Пелагея. Прыносіць малака, яшчэ якога едзіва… Сёння ж гаспадыня затрымліваецца, і Кузік раз-пораз наструньвае слых і з нецярплівасцю пазірае на весніцы.
Тым часам ляскатанне малаткоў на імгненне аціхае, і з царквы выкульваецца каржакаваты дзядзька ў шэрай бейсболцы — брыгадзір цесляроў.
— Ой, бля-а… — зморана выдыхае брыгадзір і абедзвюма далонямі абабівае з нагавіцаў пілавінне. Потым нахіляе галаву ды лезе рукой за каршэнь — пілавінне ўбілася і туды.
— Ну, дзе твой… айцец Ануфры? — пытаецца за брыгадзіравай спінай чарнявы дзяцюк, таксама абабіваючы нагавіцы і засяроджана міргаючы прыцярушанымі вачыма.
— Антоні… — папраўляе брыгадзір, дастаючы з пакамечанага пачка напаўпустую цыгарэту.
— Калі не прынясе — далібог памру, — гукае чарнявы і, мружачы прыцярушанае вока, цягне руку да брыгадзіравага пачка.
Мужчыны ўдыхаюць едкі дым, засяроджана сплёўваюць тытунёвыя крошкі.