— Ай, ну іх! Пілі ўсе разам, а ўгарэў адзін Лупаты.
— Каб шчэ толькі Валя, можа, і пусціла б, а так — хто іх ведае. Адны мы ў гэтым канцы. Мо чуў, як у Дуброве старую абрабавалі? Страшна.
— На будучы год нізашто зімаваць не застанемся.
— Гасі святло, скажу, што спаць паўлягаліся, як папытаюць. Вось так і маці мая ў канцы пяцідзясятых калядоўшчыкаў у хату пусціла. А пасля ў райкам ананімка на яе прыйшла: маўляў, партыйная грамадзянка спраўляе рэлігійныя культы…
На ганку беспаспяхова тупала калядная чарада. Цыганка шчыльней укручвалася ў хустку, чалавек у скуранцы злаваўся:
— Нехрэн было сюды перціся.
— А давайце шыбы паб’ём! Гы-гы-гы, — прапанаваў Казёл.
— Хаця ж не дадумайся — у міліцыю заявяць. Няма чаго тутака стаяць, яшчэ тры хаты е. Пайшлі да Зайца. Харошы дзед. Аўталаўка сёння была, не можа быць, каб не ўзяў чаго ў запас.
Дзед, па прозвішчы Заяц, калісьці рабіў заатэхнікам і хоць жыў не бядней за Гуляевічаў, хатку меў невялічкую, затое за свой век купіў цэлыя два матацыклы і адзін запарожац, што цяпер стаялі радком у вялізным, бы калгаснае гумно, гаражы. Багатую Каляду стары сустракаў адзін: святла не паліў, у вакенцы блішчэў агеньчык тэлевізара. Патузалі за клямку, гаспадар пачуў надзіва хутка, пашкрэбаў у сенцы і, не папытаўшы, адразу адчыніў дзверы.
— Святы вечар, багаты вечар! Дай здаровейка таму, хто ў етым даму! — праспявала напаўзабытую калядку Чацвяртушка. — А ў нас і каза е, скакаць умее, і цыганка е, паваражыць можа. А гэта во Сцёпішын сын!
— А мае ж вы дзеткі, малайцы якія! Калядуеце. Раней Тамковічы хадзілі, але ж во з’ехалі, дык у нас няма каму. Праходзьце.
— Дайце казе сала, каб каза ўстала! — не здавалася Чацвяртушка. Але ў кухні, пазастаўленай розным старым ламаччам, падаць не было дзе. Шафа ля дзвярэй, нейкае рыззё раскладзенае на зламаных зэдліках, уздоўж сцяны пыльнымі экранамі глядзяць на Божы свет тры няспраўныя тэлевізары. Сцёпішын сын пасунуўся да стала — ледзьве не ўваліўся ў памыйнае вядро. На самым ускрайку стала — на кружку парэзанае сала, дзве бляшанкі кількі ў тамаце, жменька цукерак-смактушак, адкаркаваная бутэлька віна «Сасновы водар».
— Выпіце во за свята, закусіце, кансерва харошая, для зубоў мяккая, — гасцінна запрашаў гаспадар.
Казлу і чалавеку ў скуранцы запрашэнні былі не надта патрэбныя. Адзін урэшце пахмяліўся адразу цэлай шклянкай, другі ўмомант злупіў ладны шматок сала, калупаўся ў рэштках нейкай гарадской закаткі з літровага слоіка. Валя таксама не адставала.
— Во, вы, дзядзька, нас частуеце, а Гуляішыны нават і на парог не пусцілі!
— То вялікі грэх, калядоўшчыкаў прымаць трэба.
Любка прыгубіла віно, каб не пакрыўдзіць старога. Паветра Зайцавай хаты — чад мешаны з водарам кількі і нямытай бялізны — літаральна душыў яе.
— Закусіце во, маладзічка, цукеркай доўгаіграюшчай. Глядзіш тэлевізар, укінеш у рот — хораша! Мне ж сын тэлевізар новы прывёз… — гаманіў дзед, займеўшы побач вольныя вушы.
Цыганская Мадонна маўчала, часам дзеля прыліку ўсміхалася. Астатнія пачувалі сябе бы рыба ў вадзе, смурод не замінаў, яго нібы не заўважалі. Сцёпішын сын кульнуў яшчэ — твар адразу пачырванеў, шапка з’ехала набок, з-пад скуранкі з падзёртымі локцямі тырчэла крысо зашмальцаванага кабата, мусіць матчынага. «Дык алкаш жа! А я перад ім лістом сцялюся, што тая сямнаццатка», — чарговы раз расчаравалася Любка ў сваіх надзеях. Калядаванне адразу страціла сэнс, хоць Заяц адорваў шчодра: паклаў у торбу пляшку гарэлкі, бляшанку кансервы, на хвілінку задумаўся і, нібы вяртаючы пазычанае, аддаў Валі проста ў рукі слоік грыбоў.
Калядоўшчыкі выкаціліся з хаты, а ён, параіўшы яшчэ зайсці да Савы, зашчапіўся на клямку, патэпаў да тэлевізара. «Вось зараз вазьму пульт, ён пстрыкне і сам уключыцца», — цешыўся стары сваім набыткам, як дзіця малое. І быў бы, мусіць, шчаслівейшы, чым у маладосці, каб не кляты ўспамін-назола. Ён, пятнаццацігадовы падлетак, навучэнец першага курса сельгастэхнікума, сядзіць за сталом і пад матчыну дыктоўку піша на чыстым аркушы паперы: «Заяўляю вам, што партыйная грамадзянка Патупчык В. спраўляе рэлігійныя культы і запрашае калядоўшчыкаў у хату…» І не ў галаве яму, што даносіць на сваю першую настаўніцу Веру Гаўрылаўну.
«Ат, скуль жа я ведаў, што яна дзявочым прозвішчам пісалася, яе ж усе па мужу Гуляевічыхай клікалі, смаркач яшчэ быў, нават на танцы хадзіць саромеўся, калі і папрасіла маці, дык што? Не адмовіш. Пакуль вывучыла яго ў горадзе, колькі яна бедная намучылася! Мо пасварылася з Гуляевічыхай у краме, а тая таксама баявая была, ды ўпартая — нікому не саступіць. Што было — тое сплыло. Як меўся за мной грэх, дык адкупіў сёння — аддзячыў калядоўшчыкам шчодра», — урэшце прагнаўшы надакучлівую згадку, бы куслівую муху, стары ўкінуў у рот смактушку «Барбарыс». «Пенсія ў мяне харошая. Нічога сабе не шкадую. Купляю што хачу. Кожную аўталаўку віно бяру, каўбасы якой, цукерак доўгаіграюшчых грам дзвесце пяцьдзясят — трыста. Дай бог і памерці пры гэтым! Пуста ў Засценку. На зіму з’ехалі ўсе, у каго кватэры ў горадзе ёсць. А ў мяне няма, бо ўсе грошы ў жалеззе ўкладаў. Ну, і чорт з імі, хай хоць усе папаз’язджаюць. На старасці не весялосць, а спакой трэба».
«Ну, не пашчасціла як заўжды. Пэўна, доля такая: адной век дажываць, — разважала Любка. — А раз так — трэба вяртацца дахаты ды пашукаць грошы, што цётка на смерць прыхавала. Вазьму няшмат, хаця соценькі тры — усё адно інфляцыя з’есць». Сумная і паспакайнелая, яна не хацела разам з усімі ісці да Савы. І прычынаю такога рашэння быў не толькі Сцёпішын сын, але і кошык памідораў гатунку «Чорны прынц», скрадзены ёю ўлетку з гэтага падворка. Казалі, дачка Савы Галя кляла злодзея на ўсю вуліцу, зычыла пакласці тыя памідоры на жалобны стол. Хаця за руку Любку ніхто не злавіў, а вясковыя праклёны былі ёй да лямпачкі, ведама, сабака брэша — вецер носіць, ля знаёмага пахіленага плота яна пачувала сябе няўтульна.
— Нешта ўчадзела я, галава баліць, пайду дадому, можа, таблетку якую вазьму, — пажалілася Любка.
Трымаць яе ніхто не збіраўся:
— Ідзі, цётка, нам больш будзе! — рагатнуў Казёл.
— Нехрэн піць, раз табе віно не йдзе, — вякнуў наўздагон Чалавек у скуранцы.
Галя не чакала ад жыцця ніякіх цудаў ужо даўно. Пагадавала і папарадчыла дзяцей, два гады таму пахавала мужа. Адпрацаваўшы чвэрць стагоддзя на хімкамбінаце, сышла на льготную пенсію, каб даглядаць матулю. Старая апошнім часам аслабела, рэдка падымалася з ложка. Галя ўлетку корпалася ў гародзе, хадзіла па лесе, зімою — чысціла снег, паліла ў печы. Жанчына цешылася спакоем, часам здавалася, што нікуды яна і не з’язджала, не было ніякага горада, яна дасюль маленькая, проста маці прыхварэла, а сястра некуды пайшла з дому. Сёння яна ўтушыла чыгунок бульбы, наварыла кісяльку, пакарміла маці, ціхенька сядзела ля акна, глядзела, як скача па гародзе беленькі зайка. І раптам расчыняюцца дзверы — і на парозе з’яўляецца, нібы Піліп з канапель, цуд прыроды — Коля, Сцёпішын сын. Яе першае каханне, самы гожы хлопец у Лужках. А калісьці даўно, здавалася, ужо не ў гэтым жыцці, гадоў трыццаць таму, яна і марыць не смела пра такое шчасце. У тым далёкім жыцці Коля быў вайскоўцам-прыгажуном, сынам загадчыка пошты, а Галя сціплай школьніцай у сястрыных абносках, дачкой удавы, простай калгасніцы. Яна была закаханая ў яго, ён проста не заўважаў яе існавання, хапала смялейшых і прыгажэйшых.
У цяперашнім жыцці з’яўленне Колі з усёй лужкоўскай грамадой Галю не ўзрадавала. Пачуўшы пра вяртанне ў Лужкі Сцёпішынага сына і ягоныя выбрыкі, яна ў думках дзякавала лёсу, што ў маладосці ён не ўпадабаў яе: «Во, зараз жыву сабе спакойна і мамачку гляджу, а так бы хавала грошы і бутэлькі па ўсёй хаце і нервы свае трапала».
— Гэта ж Сцёпішын сын! У кладоўку заглядай і каўбаску даставай! — галёкала Чацвяртушка.
«Ну, нікуды ад іх не падзенешся, ні ў будні, ні ў святы. Аднаго агарод пераворваць паклічаш — цэлая капэла збяжыцца і ўсім налівай! Але ж і без іх ніяк. Плот абяцалі паставіць, дый калі з маці, крый божа, што, хто дапаможа?»