Чорнаю хусткай апусцілася на зямлю калядная ноч. Дзікія слівы цягнулі ўвышкі свае каравыя лапы. На неба ўзышлі зоры-зорніцы — божыя памочніцы. Пад адзіным на дзве вёскі ліхтаром ззяў мільёнамі бітых шкельцаў снежны неруш. Белы дол стаіўся ў чаканні цуду. Паўсюднае бязлюддзе і цішыня аж да звону ў вушах зрабіліся звыклымі і даўно нікога не насцярожвалі.
На пачатку дваццаць першага стагоддзя, ідучы след у след, таптала каляіну на бальшаку, што яднаў Лужок і Засценак, калядная чарада. У Лужку засталося пяць жылых хат, у Засценку вокны свяціліся ў чатырох. А калядоўшчыкі ішлі і ішлі, парушаючы заўсёдную маўклівасць наваколля, няхай сабе ўжо і без зоркі, але ўсё яшчэ са спрадвечным спадзяваннем перакупіць у бога жывёлу, багата накалядаваць, як мае быць выпіць, пагуляць і пад’есці.
Першым, упэўнена раскідаючы снег валёнкамі, рушыў жвавы дробненькі Казачок. У параўнанні з астатнімі, асабліва здаля, ён глядзеўся падлеткам. Шырачэзныя спарціўкі з лампасамі, плюшаўка на тры памеры большая, бы на плоце матляецца, вусы падмаляваныя вугельчыкам — з-пад шапкі-кубанкі «бывай 90-я» зыркае вачыма на белы свет ссохлая ў трэску кабета гадоў пяцідзесяці, жыхарка Лужкоў Валя Чацвяртушка. А дзе ж ты будзеш поўная, дагледжаная і заўжды цвярозая, калі ўся работа на адны рукі! Такую ўжо долю пакінула ў спадчыну маці разам з мянушкаю. Як есці і піць дык усе, а як рабіць — дык толькі Валя. Яна і ў гародзе, яна і на ферме, яна і з кароваю, яна і ў ягады, яна прыбраць, наварыць і памыць. Але ж колькі не высільвайся — тваражок, смятанка і мяса ўмомант разыходзяцца, за сталом застаецца пярлоўка, смажаная на крамным тлушчы бульба ды таннае віно. Не хочаш — не пі, вып’юць іншыя, а ты так і застанешся са сваёю стомаю і слязьмі сам-насам.
Жыццё ідзе сваім ходам, тое-сёе ў ім перайначваецца, а палёгкі няма. Зачынілі ферму — грошай не стала зусім, магчымасці выручыць паўлітру якога пойла за дарэмны камбікорм ці збожжа таксама. Пакрысе звялася яе сямеечка, застаўся толькі мужык. Па маладосці такі ўжо ваяўнічы быў, такі заядлы, як вып’е — адразу біцца кідаецца, а пасля па яго міліцыя едзе. Цяперака ўжо нікуды не лезе, толькі ляжыць на ложку і стогне з тае пары, як з апошняй адседкі вярнуўся. Спярша сухоты ў яго прызнавалі, пасля і ногі адняло. Ізноўку ўсё на адны Валіны рукі. Добра Андрэйка, нябожчыка Лёнькі Лупатага пасынак, калі-нікалі памагае. Сірата пры жывой матцы, каб яе зямля не насіла, прайдзісветку прыблудную! Вось і сёння зайшоў у госці ды шчэ са сваімі ста грамамі, ля печы пагрэўся, пад’еў трохі і чуе: «Сёння ж Багатая Каляда, то хадзем у Засценак калядаваць. Яны тамака багатыя — усе пенсію палучаюць! Ды і карову ў Бога перакупіць трэба, каб не хварэла і ацялілася ўдала. Адзявай кажух на той бок — казлом будзеш». Ну, казлом дык казлом, Андрэйка і не думаў Валі пярэчыць, хаця ні пра якое калядаванне ніколі не чуў. Сцяміў толькі адно — яго клічуць на пагулянку, дзе кладуць каўбасу ў торбу, даюць выпіць. А мо і маладзіца якая да каго гасцяваць прыедзе, тады ён адразу пойдзе ў прымы, бо ў горадзе ўсе багатыя, на машынах ездзяць і ў печы паліць не трэба.
Надта бедным на радасці і забавы выдаліся ягонае дзяцінства і маладосць.
Гадоў з васьмі гадаваўся ў дуркаватым інтэрнаце. Тамака краў з тумбачак круглыя пячэнікі, большыя хлопцы білі, а бараніць не было каму. Маці падзелася некуды, як яшчэ малы быў, а знайшлася, калі ў восьмым класе вучыўся, забрала і павезла ў Расію да цыгана. У цыгана ён даглядаў быдла, а матка — цыганятаў. Аднаго разу яна пайшла ў горад на кірмаш і зноўку знікла. А праз год напісала ліст: маўляў, прыязджай, сынку, да мяне, я выйшла замуж у вёску за добрага чалавека. Андрэйка назбіраў грошай на дарогу і дызелямі з перасадкамі, баючыся, каб міліцыя не забрала, бо ў свае дзевятнаццаць так і не прыдбаў пашпарта, дабраўся да Лужка. Новы айчым меў хату і каня, хаця й любіў выпіць, але гультаём не быў: улетку пасвіў калгасныя цяляты, разам з Андрэйкам пераворваў соткі тутэйшым дачнікам, збіраўся вясною купіць парася. Толькі не пашчасціла. Пайшоў летась Андрэйка ў мястэчка ў заработкі — калоць дровы адной бабцы. Атрымаў грошы, загуляў з Насцяю — другая хата злева як на пошту ісці. Вярнуўся дадому дзён праз пяць — ні айчыма, ні маці, ні грошай на парася! Лёнька Лупаты ўгарэў, бо спаў выпіўшы, а юшка была зачыненай, грошы скралі невядома калі, маці кудысь падзелася, хавалі айчыма ўжо без яе. Людзі здагадваліся — усё гэта невыпадкова, але дакладна сказаць, калі прапалі грошы, хто зачыніў юшку і дзе зараз жонка нябожчыка, ці жывая яна наогул, не мог ніхто — жылыя хаты стаяць далёка адна ад адной, вяскоўцаў засталося, як той казаў, паўтары калекі: хто глухі, хто сляпы, хто п’яны. Лёнькава сястра забрала каня, а хату прадала на лазню. То ж і яе бацькаўшчына! Андрэйку без дакументаў і сталай працы нічога не засталося, як перабрацца ў кінутую халупу і жыць там, перабіваючыся выпадковымі заробкамі. Хацеў у прымы прыстаць, але ў Лужку маладзіц не было, а Насця з мястэчка кішэні пачысціла і за парог выкінула.
Зараз у прадчуванні дармовай ежы і асабістага шчасця ды шчэ ў цёплым кажуху ён выбег на вуліцу і адразу сустрэўся са Сцёпішыным сынам, які ўчора быў п’яны, добры ды вясёлы і нават падарыў ваенныя штаны, а сёння — сумны, цвярозы і ўвесь калаціўся. Усё, што старая маці прыхавала на свята, ён выразаў яшчэ зранку і зараз сноўдаўся па вуліцы з адзінай марай — пахмяліцца. У маладосці служыў у войску на звыштэрміновай, загадваў складам, потым ездзіў па шабашках, апошні год вартаваў дзіцячы садок. Калі выгналі і адгэтуль, жонка страціла цярпенне. Сцёпішын сын мусіў вярнуцца ў Лужок і вось ужо месяц сядзеў на матчынам карку. Прапанову пакалядаваць ён прыняў ахвотна, бо дзе ж ты знойдзеш паўлітру на цёмнай зімовай вуліцы.
Люба прыехала адведаць цётку акурат на Каляды. Вядома, парадчыць у хаце і мыць бялізну ў святыя вечары нельга, але ісці па ваду ёй усё ж давялося, ад такога даручэння цёткі ніяк не адмажашся. Калядную чараду яна заўважыла ўжо ля калодзежа. Набрала вады ў вядро і ўглядалася ў цені, што нетаропка паўзлі па пустой цёмнай вуліцы. Валю Чацвяртушку і прыблуднага Андрэя пазнала адразу, а вось высокага мужчыну ў скуранцы і андатравай шапцы — не. Калі ў жніўні яна апошні раз прыязджала ў Лужок, тут такіх не было. Параўняліся, павіталіся.
— А гэта ж во Сцёпішын сын — Коля! — радасна прамовіла Чацвяртушка, апярэдзіўшы традыцыйнае «нешта я вас не знаю».
— Харошы дзядзька, мне ваенныя штаны падарыў! — пахваліўся Андрэйка. — Мы ў Засценак калядаваць ідзём.
— Дык вы, можа, і сам ваенны? — пацікавілася Любка.
— Было дзела… — з гонарам адказаў чалавек у скуранцы.
— Можа, і мне з вамі прайсціся? — у Любкі ад захаплення аж вочы загарэліся. Шчасце, здавалася, само ішло ў рукі. Праз якія пяць хвілін яна ўжо ўстроілася як мае быць і выскачыла з хаты.
Калядны строй Любкі ўяўляў сабою нешта сярэдняе паміж цыганкай і маці Божай: хустка з махрамі, доўгая спадніца, кажушок і скрутак з анучаў у руках — дзіця значыць. Гэткая калядоўшчыца спрадвеку была тут у кожнай каляднай чарадзе. Вобраз дзіўным чынам пасаваў Любе, пры жаданні яна магла выдаць сябе за каго заўгодна. Бо была настолькі хітрай кабетай, што, здаецца, перахітрыла ўсіх, апроч сябе.
Двухпакаёўку пасля мужавай смерці ў свякрові адваявала? Адваявала! Увесь свой век рабіць рабіла, але на пуп асабліва не брала. Хіба дурніца якая на будоўлі ўкалваць ці за станком стаяць? Не. То буфетчыцай у санаторыі прыладзіцца, то камендантам у інтэрнаце. Хай сабе заробак і невялікі, затое ў чыстым, у цёплым, маеш прыбытак і блат. Не горай як у людзей, і дываны ёсць на сценках, і лебедзі крышталёвыя ў серванце. Сын кажа: «Выкінь, мамка, усё гэтае шлунне з моды выйшла». Але што ён разумее, малады шчэ. Грэх яму на маці крыўдзіцца. Ад войска яго адмазала? Адмазала. А якую нявесту яму ўсватала! Бацька яе над усім энерганаглядам начальнік, дый сама маладзіца не бяды — золатам паабвешаная. А што не паступіў нікуды — дык не страшна. Захочуць — вывучаць, пры такім цесцю хутка ўгару пойдзе, не прападзе. Час і пра сябе ўрэшце падумаць. Вось каб знайсці мужа, лепш адстаўнога ваеннага з харошай пенсіяй! Тады можна было б і зусім у вус не дзьмуць. Кінуць працу, палежваць сабе, серыялы глядзець, а там і ўнукі пойдуць, сыну дапамога спатрэбіцца. «Зрабіла б рамонт, футра б купіла новае, як у медсястры Алачкі…» Любка вырашыла дзейнічаць: у сваёй дзіцячай бальніцы, дзе працавала апошнія гады сястрой-гаспадыняй, узяла адпачынак і пачала хадзіць на танцы «Для тых, хто малады душой» у рэстаран. Толькі сапраўдныя палкоўнікі нешта не трапляліся, хаця яна рабіла ўсё магчымае — купіла новую спадніцу, а пры знаёмстве заўжды называлася дзіцячым доктарам.
Грошы з мізэрных адпускных разышліся, палкоўнік так і не з’явіўся побач, а дзень народзінаў свацці набліжаўся з кожным днём. Сваты — людзі забяспечаныя, тут настойкай «Журавіны на каньяку» і скрадзеным бальнічным рушніком не абыдзешся. Давялося ехаць да цёткі ў Лужок, каб разжыцца грашыма хаця б на падарунак, тым больш — Каляды, цётка не прымусіць рабіць работу.
А раптам хоць цяпер пашанцуе? Любка не адыходзілася ад Сцёпішынага сына ні на крок. «Ага, апрануты не абы-як — значыць, ёсць грошы. Высокі, здаровы, па ўсім відаць ваенная выпраўка». Жанчына імкнулася спадабацца, нахвальвала сябе як магла:
— Ды я сабе цану ведаю, раблю дзіцячым доктарам, у мяне знаёмствы ўсюды, сват — у горадзе чалавек не апошні…
Мужчына слухаў моўчкі. «Негаваркі, мусіць, сур’ёзны, не хамло якое», — узрадавалася Любка і працягвала сакатаць без упынку.
Сцёпішын сын па-ранейшаму ніяк на рэагаваў. Ногі не хацелі варушыцца, рукі ў кішэнях калаціліся. «Пахмяліцца, пахмяліцца», — пульсавала ў скронях. З кожным крокам ён усё больш шкадаваў аб сваім рашэнні перціся ў Засценак на ноч гледзячы. «Лепей бы маці патрос як след, чым звязвацца з боўдзіламі, што не бачылі прыгажэйшага за пеўнеў хвост і не елі смачнейшага за яешню. Чацвяртушка ўвесь свой век задрыпай ходзіць, у гаўне корпаецца, пра прыблуду то й казаць няма чаго, па ўсім відно — дурнаваты. Яшчэ й балбатуха гэтая навязалася. „Я сабе цану знаю, я сабе цану знаю“ …Тры капейкі твая цана на старыя грошы. З кім зраўняўся? У мяне ж бацька загадчыкам пошты быў. Я ж на самой Кубані служыў! Увесь склад мой быў! Такімі дзяламі варочаў! І сыты быў і п’яны, праўда, потым ледзь адмазаўся, ну то справа даўняя… І па шабашках ездзіў, грошы пачкамі кідаў. Джынсы і красоўкі самы першы з усёй радні купіў. У Бабруйску прыду на танцы — роўных няма!»
Чэзлы Казак, бязрогі Казёл, Цыганская Мадонна і Чалавек у скуранцы падыходзілі да самай вялікай засцянкоўскай хаты. Калядная ноч нібы замёрла, толькі рыпеў снег пад нагамі і фанабэрыстае «Ды я ж у белым халаціку пахаджваю, ды ў мяне ж наварана…» раз-пораз абуджала зімовую цішу…
У двух вокнах хаты гарэла святло. Колішняя гаспадыня — настаўніца Гуляевічыха — ужо гады два як памерла. Сёлета засталіся на зіму пільнаваць нажытае і гадаваць курэй дачка Марыя з мужам Сяргеем. Зараз Марыя распальвала грубку, Сяргей тупаў з кута ў кут і бурчэў:
— Хопіць там кешкацца. Давай правіць Багатую Каляду!
— Паспееш, бачыш, занятая. Спраўны надта языком балбатаць…
— Маці мая, хоць бедная была, а хавала мне ў сена каляду — чацвяртушку самагонкі і каўбасу, калі малы быў, — не здаваўся Сяргей. — Ідзі збірай на стол. Нясі халадзец з кладоўкі…
— Сам нясі, рукі не ў срацы! — не сцярпела жонка. Нетаропкую сямейную гутарку перапыніў нечаканы стук у шыбу.
— Жонка, паглядзі, каго там чорт нясе, а я ў кладоўку за халадцом.
— Во, дзіва, чуеш, лужкоўскія калядаваць прыйшлі! Чацвяртушка ў казака ўбралася, Андрэй дурнаваты, а з імі — нейкі здаровы незнаёмы мужык увесь у чорным!
— Адчыні.
— Хочаш, каб я ім тваю паўлітру аддала — адчыню.