— Жонка.— гаворыць гандляр,— нехта там ёсць. Я не магу тут памыліцца. То, мусіць, даўні, вельмі даўні кліент — той, што ўмее так пранікліва прамаўляць да сэрца...
— Што ў цябе? — кажа кабета, кідаючы на хвілю работу і прыціскаючы вязанне да грудзей.— Нікога там няма, на вуліцы пуста, усіх нашых кліентаў мы забяспечылі; нам можна на некалькі дзён зачыніць краму і крыху перадыхнуць.
— Але ж я сяджу тут, на скрыні,— крычу я да іх, і нячулыя слёзы халоднай зімы засцілаюць мне вочы.— Прашу вас, паглядзіце ўгару, і вы адразу мяне ўбачыце. Мне трэба ўсяго адзін шуфель, а калі насыплеце два, дык шчасцю майму не будзе мяжы. Вы ж усім астатнім насыпалі... Ах, я ўжо чуў, як ён, вугаль, грукоча ў маёй скрыні!
— Іду, іду,— кажа гандляр і хоча на сваіх кароткіх нагах узлезці па сходах, ды жонка ўжо стаіць побач і трымае яго за руку, кажучы:
— Стой, куды? А будзеш упарціцца, дык я сама паднімуся. Успомні, як сёння ноччу кашляў. А з-за гешэфту, хай сабе і ўяўнага, ты забываешся на жонку і дзіця і нішчыш свае лёгкія. Я сама пайду.
— Тады назаві яму ўсе гатункі, што ёсць у нашых сховах, а колькі які каштуе, я табе скажу пасля.
— Добра,— адказвае жанчына і паднімаецца ў завулак. Зразумела, тут яна адразу бачыць мяне.
— Пані гаспадыня,— кажу я.— Вітаю ад душы. Адзін шуфель вугалю — проста сюды, у скрыню; я завязу дадому сам; адзін шуфель — няхай самага дрэннага... Вядома, я за ўсё заплачу, толькі не цяпер, не цяпер.
Гэтыя два словы — нібыта спеў званоў: «не цяпер», і як яны бянтэжаць розум, блытаючыся з вячэрнімі званамі, што акурат чуюцца з блізкай званіцы.
— Ну, дык чаго яму трэба? — падае голас гандляр.
— Ды так, нічога,— адказвае кабета.— Нічога там няма, нічога мне не відаць і не чутно; толькі вось б’е шэсць, і нам трэба зачыняцца. Сцюжа, напрамілы Бог,— заўтра ў нас, гледзячы па ўсім, будзе яшчэ шмат працы.
Яна нічога не бачыць, нічога не чуе, але ўсё-такі адвязвае свой хвартух і спрабуе хвартухом прагнаць мяне прэч. На жаль, ёй гэта ўдаецца. У маёй скрыні ўсе якасці шпаркага скакуна: сілы супраціўляцца няма, яна занадта легкая, і ад жаночага хвартуха яе ногі ўзлятаюць у паветра.
— Злюка! — крычу я кабеціне, адыходзячы ад яе, але ў тую самую хвілю, калі яна, ужо вяртаючыся ў сваю краму, трохі пагардліва і трохі задаволена махае рукою ў паветры.— ...ты, злюка! Я прасіў адзін шуфель самага дрэннага, а ты не дала.— I з гэтымі словамі я ўзношуся да ледзяных гор і знікаю на векі вечныя.
1917(?)
З ПАСМЯРОТНА АПУБЛІКАВАНЫХ ТВОРАЎ
Мост
Я быў здранцвелы і халодны; быў мостам. Я вісеў над прорваю. З гэтага боку трымалі ўкручаныя пальцы ног, з другога трымалі рукі; я моцна ўгрызся ў крохкую гліну. Крысы майго сурдута развяваліся па баках. Глыбока ўнізе шумеў ледзяны ручай, поўны стронгаў. Ніводзін турыст не заблукаў на гэтую недаступную вышыню, мост не быў яшчэ пазначаны на карце. Вось гэтак я вісеў і чакаў, мусіў чакаць. Адзін раз пабудаваны мост, калі не абрынецца, не перастае быць мостам.
Аднойчы пад вечар — ці то быў першы, ці тысячны, не ведаю — мае думкі бязладна кружлялі. Летнім надвячоркам, калі шум ручая рабіўся ўсё змрачнейшы, я ўчуў мужчынскія крокі! Да мяне, да мяне. Выцягніся, мосце; будзь гатовая, бэлька без парэнчаў, утрымай таго, каго табе даверылі. Выпраў незаўважна няўпэўненасць яго хады; калі ж ён захістаецца, дай яму пазнаць сябе і, як горны бог, скінь яго на зямлю.
Ён прыйшоў, абстукаў мяне жалезным аканечнікам свайго кійка, потым узняў крысы майго сурдута і расправіў іх на мне. Канец кійка ён усунуў у мае кусцістыя валасы і надоўга пакінуў яго там, дзіка азіраючыся наўкола. Але пасля — мне якраз здавалася, што ён ужо за гарамі ды за лясамі — ён скочыў абедзвюма нагамі акурат на сярэдзіну майго цела. Я здрыгануўся ад нечаканага болю і нічога не ведаў. Хто гэта быў? Дзіця? Сон? Разбойнік? Самазабойца? Спакуснік? Вынішчальнік? Я адвярнуўся, каб яго ўбачыць. Мост перакульваецца! Не паспеўшы яшчэ адвярнуцца, я ўжо абрынуўся і быў ужо разгублены і насаджаны на вострыя каменьчыкі, што так спакойна ўзіраліся ў мяне з шалёна-бурлівай вады.
1917(?)
СТУК У БРАМУ
Гэта было ўлетку, спякотным днём. Ідучы дамоў разам з сястрою, мы якраз праміналі нечую вялізную браму. Не ведаю — ці то каб трохі пасваволіць, ці то з рассеянасці,— але сястра ляпнула кулаком па палавінцы брамы, а можа, толькі пагразіла кулаком і ніякага стуку не было. Сто крокаў далей, там, дзе прасёлак рабіў крук улева, пачыналася вёска. Якая — мы не ведалі, але калі прайшлі паўз першую хату, насустрач нам выйшлі людзі: яны махалі нам рукамі — прыязна альбо з перасцярогаю,— самі напалоханыя, прыціснутыя цяжарам страху. Яны ўсё паказвалі на двор, паўз які мы былі прайшлі, і нагадвалі пра той стук у браму. Маўляў, гаспадары будуць скардзіцца на нас у суд, зараз пачнецца следства. Ды я заставаўся вельмі спакойны і сказаў сястры, каб яна надта не палохалася. Яна ж, відаць, зусім і не стукала па той браме, а калі й стукала, дык ніхто на свеце давесці гэтага не здолее. Я паспрабаваў растлумачыць усё тым людзям — яны слухалі мяне, але нічога не казалі. Пасля ўсё ж выказаліся: вінаваціць за гэты ўчынак будуць не толькі маю сястру, але і мяне самога — як яе брата. Я, усміхаючыся, згодна заківаў галавою. Тут мы ўсе разам азірнуліся і паглядзелі на той самы двор, як глядзяць на далёкія клубы дыму, чакаючы, што вось-вось пыхне полымя. Так яно і было: неўзабаве мы ўбачылі, як праз шырока расчыненую браму праехалі коннікі. Клубом узвіўся пыл, пад ім схавалася амаль усё — толькі блішчалі вострыя аканечнікі дзідаў. I не паспеў яшчэ той ланцуг знікнуць увесь за брамаю, як, здаецца, коннікі ўжо завярнулі назад і былі па дарозе ў наш бок. Я сказаў сястры, каб яна сышла куды-небудзь, прыхавалася: маўляў, сам з імі разбяруся. Яна не схацела пакідаць мяне аднаго. Тады я сказаў, што ёй трэба хоць бы пераадзецца, памяняць сукенку, каб выглядаць перад тымі панамі больш выгодна. Урэшце яна згадзілася і неўзабаве рушыла ў няблізкую дарогу дадому. Тым часам коннікі ўжо пад’ехалі да мяне і яшчэ на хаду спыталіся пра сястру. «Пакуль што яе няма,— адказаў я спалохана,— але пазней яна прыйдзе». Яны выслухалі мяне амаль абыякава: ім, здаецца, было важна тое, што яны знайшлі мяне. Камандавалі тут найбольш двое паноў: суддзя, малады і рухавы мужчына, а таксама ягоны ціхманы памочнік, якога называлі Асманам. Мне было загадана ісці ў хату. Нізка схіліўшы галаву, соўгаючы пальцамі сюды-туды па шлейках, я паволі рушыў з месца. Мне ўсё яшчэ трохі верылася, што будзе даволі аднаго слова, каб мяне, гараджаніна, пусцілі (можа, нават з пашанотаю) гэтыя вяскоўцы. Але не паспеў я пераступіць парога ў хату, як суддзя, які быў праціснуўся туды раней і ўжо чакаў мяне, сказаў: «Мне шкада гэтага чалавека». Не варта было й сумнявацца, што ён, кажучы гэта, меў на ўвазе не маё цяперашняе становішча, а тое, што мяне яшчэ чакала. Хаціна, дзе я апынуўся, была больш падобная да турэмнае цэлі, чым да сялянскай хаты. Вялізныя каменныя пліты, цёмная і зусім голая сцяна, умураванае ў яе жалезнае кальцо, недзе ўсярэдзіне — збудаванне, якое нагадвала ці то нары, ці то аперацыйны стол.
Ці заставалася ў мяне магчымасць дыхаць яшчэ якім-небудзь паветрам, не турэмным? Нялёгкае пытанне — ці, хутчэй, гэта было б пытаннем, калі б я меўся яшчэ спадзявацца выйсці на волю.
1917
НОВЫЯ СВЯЦІЛЬНІКІ
Учора я першы раз быў у канцылярыі дырэктара. Наша начная змена абрала мяне сваім прадстаўніком, а паколькі канструкцыя і ўнутранае напаўненне нашых свяцільнікаў не былі бездакорныя, я павінен быў дамагчыся ліквідацыі гэтых дэфектаў. Мне паказалі адпаведны кабінет, я пастукаўся і зайшоў туды. Хударлявы малады чалавек з надта бледным тварам усміхнуўся мне з-за свайго вялікага пісьмовага стала. Шмат, зашмат разоў ён паківаў мне галавою. Я не ведаў, мне сядаць ці не; хоць там і стаяла вольнае крэсла, але я падумаў сабе, што, магчыма, прыйшоўшы сюды ўпершыню, адразу сядаць і не варта. I гэтак я пачаў расказваць сваю гісторыю стоячы. Ды якраз гэтай сваёй сціпласцю я, відавочна, спрычыніўся да ўзнікнення ў маладога чалавека пэўных цяжкасцей, бо, калі ён не хацеў перастаўляць сваё крэсла — а гэтага ён не хацеў,— ён мусіў увесь час паварочваць свой твар да мяне і падымаць яго ўгору. З іншага боку, аднак, пры ўсім сваім жаданні ён не мог да канца павярнуць сваю шыю і таму пад час майго аповеду глядзеў коса, напалову на столь, а я міжволі — туды, куды і ён. Калі я скончыў, ён павольна ўстаў, паляпаў мяне па плячы, прамовіў: «Так, так... так, так...» — і выпхнуў мяне ў суседні пакой, дзе нас ужо, відавочна, чакаў нейкі спадар з дзікай барадою, бо на яго стале не было відаць аніякага следу магчымае працы; якраз наадварот, расчыненыя шкляныя дзверы вялі ў невялікі сад, спрэс парослы кветкамі ды кусцікамі. Маленькай інфармацыі, некалькіх слоў, што прашаптаў яму малады чалавек, таму спадару было досыць, каб ухапіць сэнс нашых шматлікіх скаргаў. Ён адразу ж падняўся і сказаў: «Ну, мой даражэнькі...» Тут ён запнуўся; мне падалося, што ён хацеў ведаць маё імя, і я ўжо быў адкрыў рот, каб яшчэ раз прадставіцца, але ён перапыніў мяне: «Але, але. Добра, добра, я цябе дасканала ведаю... Гэтак вось... твая, або ваша, просьба, вядома ж, слушная; я ды спадары з дырэкцыі, вядома ж, апошнія, хто б тое не мог усвядоміць. Дабрабыт людзей, павер мне, нам бліжэй да сэрца, чым дабрабыт завода. А чаму б і не? Завод можна заўсёды адбудаваць нанова: на гэта патрэбныя толькі грошы; да д'ябла з тымі грашыма; а калі гіне чалавек, дык гіне менавіта чалавек; па ім застаюцца ўдава, дзеці. Ах, божачкі! Таму кожная прапанова, кожная новая гарантыя бяспекі, новая палёгка ў працы, новая зручнасць, камфорт павінны рэалізоўвацца; мы гэта вельмі вітаем. Хто з гэтым прыходзіць, той наш чалавек. Значыцца, пакінь тут свае ініцыятывы-праекты; мы іх дакладна праверым; а калі да гэтага трэба будзе далучыць якую-небудзь маленькую асляпляльную навацыю, мы таго хаваць, вядома ж, таксама не будзем; і тады, калі ўжо ўсё будзе гатова, вы атрымаеце новыя свяцільнікі. Але перадай сваім людзям — тым, што ўнізе: пакуль мы з вашае штольні не зробім салон, датуль мы не супакоімся; і пакуль вы, нарэшце, не будзеце паміраць у лакіраваных ботах, не будзеце паміраць увогуле. I гэтым самым зробленыя цудоўныя парады!
1917
СУПОЛКА НЯГОДНІКАЎ
Была колісь суполка нягоднікаў, гэта значыць то былі не нягоднікі, а проста звычайныя людзі. Яны заўсёды трымаліся разам. Калі, напрыклад, нехта з іх па-нягодніцку рабіў прыкрасць камусьці чужому, які не ўваходзіў у іх суполку — гэта значыць рабіў не нешта нягодніцкае, а тое, што робіцца звычайна, што прынята рабіць,— і пасля гэтага паспавядаўся перад суполкаю, тады яны праводзілі следства, выносілі прысуд, каралі, даравалі віну і г. д. Гэта было някепска прыдумана, інтарэсы асобы і суполкі строга захоўваліся, а спавядальніку казалі так, як ён больш-менш і жадаў пра тое чуць: «Што? Ты з-за гэтага турбуешся? Ты ж рабіў так, як гэта звычайна робіцца, дзейнічаў так, як ты мусіў дзейнічаць. Любых іншых дзеянняў ніхто не зразумеў бы. Ты проста занадта бярэш усё да галавы. Раскінь зноў мазгамі». Гэтак яны ўвесь час трымаліся разам, і пасля смерці яны не кідалі суполкі, а вялікай чарадою паднімаліся ў неба. Збоку можна было падумаць, што там была спрэс дзіцячая цнота, калі яны луналі ў паветры. Але ў паднеб'і ўсё становіцца на свае месцы — таму яны валіліся раптам долу, нібы вялізныя камлыгі.
1921