Сёння да нас у капальню спускаліся самыя галоўныя інжынеры. Дырэкцыя выдала заданне пракласці новыя штольні, і вось прыйшлі інжынеры, каб зрабіць самыя папярэднія замеры. Якія гэтыя людзі маладыя і прытым такія розныя! Яны развіваліся свабодна, кожны па-свойму, і іхняя выразна акрэсленая існасць выяўляецца ўжо ў маладыя гады.
Адзін, чорнавалосы, жвавы, усюды дастае сваім паглядам.
Другі, з нататнікам у руках, на хаду робіць запісы, азіраецца, параўноўвае, натуе.
Трэці, засунуўшы рукі ў кішэні камізэлькі — гэтак, што ўся вопратка яго абцягвае,— ходзіць выпрастаны; захоўвае годнасць; толькі ў пастаянным закусванні губ выяўляецца яго нецярплівая, няўрымслівая маладосць.
Чацвёрты дае трэцяму тлумачэнні, якіх той не патрабуе; меншы за яго, бегаючы збоку, нібы спакуснік, ён, здаецца, жаліцца на ўсё, што тут можна ўбачыць.
Пяты — раптам, мажліва, самы высокі — не церпіць ніякага суправаджэння; ён то ўперадзе, то ззаду; грамадства сувымярае з ім свае крокі; ён бледны і слабы; адказнасць спусташыла яго вочы; часта ў задуменні ён прыціскае далонь да лба.
Шосты і сёмы ходзяць крыху згорбіўшыся, галава шчыльна да галавы, поплеч, даверліва размаўляючы паміж сабою; калі б гэта была не наша вугальная капальня і не наша працоўнае месца ў найглыбейшай штольні, дык можна было б паверыць, што гэтыя кашчавыя, безбародыя, кірпаносыя спадары — звычайныя маладыя духоўныя пастыры. Адзін часцей за ўсё смяецца, муркаючы, нібы той кот, сабе пад нос; другі, таксама ўсміхаючыся, гаворыць і адначасна вольнай рукой падмахвае сабе ў такт. Якія ўпэўненыя ў сваёй пасадзе павінны быць гэтыя людзі, ды якія заслугі перад нашай капальняй яны паспелі ўжо займець, нягледзячы на свой малады ўзрост, каб магчы вось тут, пры гэткай важнай нагодзе, перад вачыма свайго шэфа, так бездакорна займацца адно сваімі справамі альбо, прынамсі, справамі, не звязанымі з патрэбамі гэтага моманту. Альбо ці павінна быць мажлівым тое, што яны, нягледзячы на ўвесь той смех ды тую няўважлівасць, вельмі добра прыкмячаюць тое, што трэба? Пра такіх спадароў ніхто не наважваецца выказваць пэўныя меркаванні.
З іншага боку, аднак, не выклікае ніякага сумневу, што, напрыклад, восьмы інжынер непараўнальна больш, чым астатнія, знаходзіцца пры справе. Ён павінен сам да ўсяго дакрануцца, усё памацаць і абстукаць малаточкам, які ён дастае з кішэні, дзе малаток ляжыць увесь час. Сяды-тады ён, нягледзячы на сваю элегантную вопратку, укленчвае проста ў брудзе, абстуквае зямлю пад нагамі, а пасля, на хаду, сцены альбо столь у сябе над галавою. Аднаго разу ён лёг, выцягнуўшыся на ўвесь рост, і ціха там ляжаў; мы ўжо былі падумалі, што здарылася няшчасце; але потым, крыху пайграўшы цягліцамі свайго прыгожага цела, ён рэзка ўстаў. Значыцца, ён зноўку рабіў толькі дослед. Нам здаецца, што мы ўжо ведаем нашую капальню ды яе камяні, але нам незразумела, што гэты інжынер увесь час тут гэтак вывучае.
Дзевяты пхае перад сабою нешта накшталт дзіцячага вазка, у якім ляжаць вымяральныя прылады. Надзвычай каштоўныя прылады, глыбока ўпакаваныя ў вату. Гэты вазок, уласна кажучы, павінен быў бы пхаць служка, але рабіць гэта яму не даверылі; тут патрэбны быў інжынер; ды, як відаць, ён робіць гэта з ахвотаю. Ён, напэўна, тут самы маладзейшы; мажліва, ён не разбіраецца ва ўсіх тых прыладах, але яго позірк увесь час скіраваны на іх; праз гэта для яго ледзь не ўзнікае небяспека ўткнуцца вазком у сцяну.
Але тут ёсць яшчэ адзін інжынер, што ідзе побач з вазком ды засцерагае яго. Гэты, відавочна, дасканала разбіраецца ва ўсёй тэхніцы і выглядае так, што быццам бы ён і ёсць яе сапраўдны захавальнік. Час ад часу, не спыняючы вазка, ён выцягвае з якой-небудзь прылады нейкую частку, аглядае яе, раскручвае або ўкручвае, трасе або пастуквае па ёй, прыстаўляе да вуха або прыслухоўваецца, потым, нарэшце, часцей за ўсё калі вазок спыняецца, з вялікай асцярожнасцю кладзе маленькі, амаль нябачны здалёк прадмет назад, у вазок. У звычках гэтага інжынера ёсць крыху тыранства, але гэтае тыранства — толькі ў імя гэтай тэхнікі. Ужо за дзесяць крокаў ад вазка, падпарадкоўваючыся маўкліваму ўказанню пальцам, мы павінны адыходзіцца ўбок, саступаць дарогу нават там, дзе няма куды саступаць.
За гэтымі двума спадарамі ідзе нічым не заняты служка. Інжынеры — што зусім натуральна для высокаадукаваных людзей — ужо даўно забыліся на ўсялякую пыху; затое служка, здаецца, усю яе сканцэнтраваў у сабе. Адна рука за спінаю, другая пагладжвае залатыя гузікі спераду або абмацвае тонкае сукно ліўрэі; вось гэтак ідучы, ён раздае то налева, то направа кіўкі галавою, быццам бы мы яго павіталі, а ён нам адказвае; альбо нібыта ён мяркуе, што мы павіталіся, але ён са сваёй вышыні не можа таго спраўдзіць. Натуральна, што мы яго і не віталі, ды ягоны пагляд змушае паверыць, што гэта нешта такое надзвычайнае — быць служкам у канцылярыі дырэкцыі капальні. Хоць мы і смяёмся яму ў спіну, але, паколькі нават удар грымотаў не прымусіў бы яго павярнуцца назад, ён усё ж застаецца ў нашым усведамленні як нешта таемна-незразумелае.
Сёння працуецца куды як слабей; занадта вялікі быў перапынак; такі візіт адганяе ўсе думкі аб працы. Занадта яно прываблівае — глядзець у спіны спадарам інжынерам, якія знікаюць у цемры штольні. Ды і нашая змена ўжо хутка заканчваецца: мы не зможам паназіраць за іх вяртаннем.
1917
СУСЕДНЯЯ ВЁСКА
Мой дзядуля любіў гаварыць: «Жыццё наўздзіў кароткае. Цяпер, калі ўспамінаю пра яго, усё сціскаецца ды збягаецца — гэтак, што я, напрыклад, ледзьве магу ўцяміць, як малады чалавек можа наважыцца конна паехаць у суседнюю акругу і не баяцца, што, не беручы нават пад увагу магчымыя нешчаслівыя выпадкі, ужо і часу звычайнага жыцця, якое працякае шчасліва, зусім не хопіць на гэткую паездку вярхом».
ІМПЕРАТАРСКАЕ ПАСЛАННЕ
Імператар — гэтак кажуць — паслаў табе, асобнаму, вартаму жалю падданаму, ценю, які дробязна ўцёк у найдалейшую далеч,— якраз табе са сваёй смяротнай пасцелі імператар накіраваў сваё пасланне. Пасланцу ён загадаў укленчыць каля ложка і прашаптаў сваё пасланне яму проста ў вуха; ён быў так зацікаўлены ў тым пасланні, што запатрабаваў, каб пасланец паўторна пераказаў яго яму ў вуха. Кіўнуўшы галавою, імператар пацвердзіў, што пераказана было слушна. I перад усімі сведкамі сваёй смерці — усе сцены-перашкоды зносяцца, а на шырокіх вонкавых сходах, якія вядуць угару, колам стаяць найвышэйшыя асобы імперыі,— перад імі ўсімі ён адправіў свайго пасланца. Пасланец адразу ж рушыў у дарогу; і вось ён, каржакаваты, нястомны чалавек, выцягваючы па чарзе то адну, то другую руку, цярэбіць сабе дарогу цераз натоўп; калі яго затрымліваюць, ён паказвае сабе на грудзі, дзе нанесены знак Сонца, і яму ўдаецца прасоўвацца наперад лягчэй, чым каму-кольвечы іншаму. Ды натоўп такі вялікі; котлішчы гэтых людзей цягнуцца да бясконцасці. Калі б перад ім адкрылася вольная прастора, як бы ён паляцеў, і, відаць, неўзабаве ты пачуў бы выдатны гук ад стуку ягоных кулакоў па тваіх дзвярах. Але замест гэтага: якія марныя яго намаганні; ён усё яшчэ шчэміцца цераз пакоі самага ўнутранага палаца; яму іх ніколі не адолець; і калі б яму гэта ўдалося, нічога б не атрымалася: ён мусіў бы прабівацца па сходах уніз; а калі б яму ўдалося, з таго ўсё адно нічога не атрымалася б: ён павінен быў бы прабівацца ўніз па сходах; а калі б яму тое ўдалося, усё адно б нічога не выйшла: трэба было б перасякаць двары, а пасля іх — другі палац з пакоямі, размешчанымі па перыметры; а потым ізноў розныя лесвіцы ды двары, і яшчэ адзін палац — і гэтак далей, праз тысячагоддзі. А калі б ён нарэшце — ды гэта ніколі, ніколі не можа адбыцца,— калі б ён нарэшце вырваўся з самай апошняй знешняй брамы, толькі тады б перад ім паўстаў горад з рэзідэнцыяй, цэнтр сусвету, насыпаны даверху ягонымі ападкамі. Ніхто і ніколі не прабярэцца сюды — і, найперш, з пасланнем ад нябожчыка.
...Але ж ты сядзіш каля свайго акна і летуценіш пра яго, калі надыходзіць вечар.
1917
КЛОПАТ БАЦЬКІ СЯМ'І
Адны кажуць, што слова «Адрадак» славянскага паходжання, і спрабуюць на падставе гэтага давесці, як гэтае слова ўтворана. Іншыя сцвярджаюць, што яно нямецкае, толькі што ўзнікла пад славянскім уплывам. Няпэўнасць абодвух тлумачэнняў дазваляе, аднак, досыць справядліва канстатаваць, што ніводнае з іх не адпавядае рэчаіснасці, бо і праўда ж, з дапамогай ніводнага не ўяўляецца магчымым выявіць нейкі пэўны сэнс гэтага слова.
Натуральна, што ніхто і не стаў бы займацца гэткімі доследамі, каб у сапраўднасці не існавала істоты з імем Адрадак. Яна выглядае найперш як пляскатая зоркападобная шпуля з ніткамі; здаецца, што яна напраўду абцягнутая ніткамі; але гэта маглі б быць толькі кавалкі абарваных, старых, звязаных вузельчыкамі, збітых у лямец нітак самых розных гатункаў і колераў. Ды гэта не проста шпуля; з сярэдзіны зоркі выходзіць маленькая папярэчная палачка, а ў правым куце да гэтай палачкі далучаецца яшчэ адна. З дапамогай той, другой палачкі, з аднаго боку, і аднаго з промняў зоркі, што на другім баку, уся істота можа стаяць вертыкальна, нібы на дзвюх нагах.
Можна было б паспрабаваць абгрунтаваць думку, што гэтае стварэнне даўней мела нейкую мэтазгодную форму, ды цяпер проста пераламілася. Але здаецца, што гэта не так; прынамсі, няма прыкмет таго; анідзе не відаць пачаткаў або месцаў паломаў, якія б сведчылі пра штосьці падобнае; усё стварэнне, здаецца, збудаванае нелагічна, але своеасабліва завершанае. Зрэшты, расказаць пра гэта больш падрабязна няма ніякай мажлівасці, бо Адрадак надзвычай рухомы і яго немагчыма злавіць.
Ён затрымліваецца то на гарышчы, то ў лесвічнай клетцы, то на калідорах, то ў сенцах. Часам яго не відаць цэлымі месяцамі; напэўна, ён тады перасяляецца ў іншыя дамы, але абавязкова і непазбежна вяртаецца потым у наш дом. Часам, калі выходзіш з дзвярэй і якраз там, унізе, абапіраешся аб парэнчы сходаў, табе хочацца з ім загаварыць. Натуральна, цяжкіх пытанняў яму не задаеш, а ставішся да яго — на гэта падбівае ўжо тое, што ён зусім маленькі — як да дзіцяці. «Як жа цябе завуць?» — пытаешся ты ў яго. «Адрадак»,— кажа ён. «А дзе ты жывеш?» — «Месца жыхарства не вызначанае»,— гаворыць ён і смяецца, але гэта такі смех, які можна выціснуць з сябе, калі не маеш унутры лёгкіх: ён гучыць, нібы шоргат апалага лісця. Гэтым размова звычайна скончваецца. Зрэшты, нават гэтых адказаў не заўсёды атрымаеш: часцяком ён маўчыць, нібы драўляная рэч, на якую ён і выглядае.
Дарэмна я пытаюся ў сябе, што будзе з ім. Ці можа ён памерці? Усё смяротнае некалі мела пэўную мэту існавання, нейкім чынам дзеіла — і праз гэта знасілася; у дачыненні ж да Адрадака гэта не так. Дык што ён цяпер будзе гэтак, цягнучы за сабою кавалак ніткі, скочвацца па сходах перад нагамі маіх дзяцей і дзяцей маіх дзяцей? Ён жа, відавочна, нікому не замінае; але калі я сабе ўяўляю, што ён перажыве і мяне, я амаль адчуваю фізічны боль.
1917
АДЗІНАЦЦАЦЬ СЫНОЎ
У мяне адзінаццаць сыноў.
Першы вонкава зусім не паглядны, але сур'ёзны ды разумны; нягледзячы на тое, што я люблю яго гэтаксама, як усіх іншых дзяцей, надта высока я ўсё ж яго не цаню. Ягонае мысленне здаецца мне задужа простым. Ён не глядзіць ні направа, ні налева, ні ўдалеч; у сваім крузе думак ён увесь час бегае па коле або, дакладнёй, скручваецца ў кола.
Другі — прыгожы, зграбны, з добрай фігураю; калі ён трымае стойку фехтавальшчыка, глядзець на яго — адно захапленне. I ён таксама разумны, але, апроч таго, пабачыў свет, і таму здаецца, што нават прырода на радзіме з ім размаўляе больш даверліва, чым з тымі, што заўсёды сядзелі дома. Але, вядома, гэтую перавагу ён мае не дзякуючы і не найперш дзякуючы сваім падарожжам: яна належыць хутчэй да тых рыс гэтага дзіцяці, якія немагчыма імітаваць, што, напрыклад, прызнае кожны, хто прагне паўтараць за ім майстэрскі скок у ваду, які складаецца з некалькіх перакульванняў у паветры і якім, тым не менш, ён проста шалена добра авалодаў. Смеласці і жадання хапае аж да самага краю трампліна, але там, замест каб скочыць, імітавальнік раптам сядае і, просячы прабачэння, падымае рукі. Ды, нягледзячы на ўсё гэта (я ж, уласна, павінен быць шчаслівы, што маю гэткае дзіця), мае стаўленне да яго не назавеш незамутненым. Яго левае вока крыху меншае за правае і часта міргае, напэўна, гэта адно невялікая хіба, якая, вядома ж, робіць яго твар нават болей мужным, чым ён быў бы без яе; і ніхто, на фоне яго непрыступнай замкненасці, не зробіць крытычнай заўвагі наконт таго міргання вока. Я, ягоны бацька, раблю гэта. Натуральна, што не гэты фізічны недахоп робіць мне балюча, а нейкае, з ім звязанае, дробнае непастаянства яго духу, нейкая атрута, што плавае ў ягонай крыві; нейкая няздольнасць дасягнуць відавочнай толькі мне асновы ягонага жыцця. З іншага боку, аднак, менавіта гэта робіць з яго майго сапраўднага сына, бо тая ягоная хіба — гэта адначасна хіба ўсёй нашай сям'і; а ў гэтага сына яна выявілася аж занадта яскрава.