Абмінуўшы бацьку, які пасярэдзіне пакоя сядзеў на кукішках і гартаў нейкія паперы, яна пачала складаць рэчы. Але бацька не бачыў нас. Ён таксама збіраўся ў дарогу. А можа, быў ужо на шляху, дзесьці за Чаромхай перасякаў якраз дзяржаўную мяжу, бо калі маці праходзіла побач з чарговым клункам у руках, працягваў лісток паперы, апошні шматок сваіх сшыткаў, што цудам выратаваўся з пажару.
– Вось мой пашпарт, вось ён, глядзіце. А багаж? Панове мытнікі, ну які ў мяне багаж? Толькі шчасце і нічога больш. Во, тут яно і тут, і тут, – выварочваў кішэні, разгартаў полы пінжака. – Толькі шчасце, панове, бо еду туды, дзе маё месца.
Калі маці зачыняла апошнюю валізку, бацька крочыў ужо вулачкамі Высокага. Шпацыраваў каштанавай алеяй сапегаўскага парка, прыпыняўся ля заімшэлай сажалкі, перакідваўся словам з рыбакамі, кіраваўся да зруйнаванага замка. Разгартаў крапіву, што заўзята падымаецца на палацовыя сходы, і на сыходзе жыцця стаўляў след там, дзе павінен ён быў адціснуцца ў самым яго пачатку...
Тым часам у нашым Мястэчку натоўп незнаёмых людзей плыў цэнтральнай вуліцай, рассыпаўся ў завулкі паміж паасобнымі дамамі. Змятаў усё, што траплялася пад рукі. Зрываў шыльды і старыя тынкі, разбіваў вітрыны. Руплівыя рукі выносілі з рэвалюцыйнага музея чырвоныя сцягі і агітацыйныя бюлетэні. Між Ленінам і Марксам ляжаў на тратуары дзядзька Ваня. З васковага партрэта глядзеў у сакавіцкае, кудлатае неба і пытаў нямым позіркам: “А гэта што робіцца? А хто вам дазволіў?”
Людзі тапталіся па непатрэбных агітках і партрэтах, і калі б дзядзька Ваня добра выструніў вуха, пачуў бы іх размовы: “У рэвалюцыйным музеі знойдзе прыстань пачатковая школа, хай маладое пакаленне вучыць там новую гісторыю”.
За першай хваляй ішла другая. Гэты натоўп абкладаў старыя дамы новымі тынкамі, размалёўваў вітрыны экзатычнымі кветкамі і словамі, на свежа пафарбаваныя сцены вешаў новыя шыльды. У лазні пасяліў тэлекамунікацыйную фірму, у Дом партыі закінуў філіял політэхнічнага інстытута, а ў кінотэатры, спыняючы ў палове апошні сеанс, загружаліся халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны.
Над Мястэчкам стаяў пах свежай вапны, перамешаны з водарам фарбы, і быў ён мацнейшы за духмянасць соснаў і ялін.
Між натоўпам цішком прабягалі мясцовыя сталяры, адчайна шукаючы дарогу да дому. Але не маглі яе знайсці, бо ўсе вуліцы змянілі свае імёны, а час паскараў крок і даводзіў людзей да пазіцыі маленькага жучка, што, згубіўшы арыентацыю ў бліжэйшым наваколлі, хаатычна круціцца наўкол сваёй бліскучапанцырнай восі. І сталяры бралі напрамак на адзіны, пакуль нязменны арыентацыйны пункт у Мястэчку. На фабрычны комін. Як апошнія струменьчыкі адыходзячай зімы, сплывалі да фабрычнай брамы і там спыняліся. Брама сустракала іх непранікальнай, непахіснай сцяной, і вартавалі яе незнаёмыя вахцёры. І зноў сталяры адступалі назад, і беглі да Дому партыі, на ляту, у думках, складаючы кіпячыя літаніі скаргаў і пратэстаў, але там не было ўжо каму іх слухаць.
Вечарам, калі мы з маці ішлі на вакзал, усё супакоілася, і Мястэчка рыхтавалася спаць. Згасалі вокны і зачыняліся дзверы ў сённяшні дзень і ва ўсе ранейшыя дні, месяцы, гады – у той час, за які не нарадзіўся тут ні адзін геній, але не прыйшоў на свет таксама ні адзін дарэшты злы чалавек, за каго трэба было б саромецца доўга, цэлым чарговым жыццём.
На панадворку бабкі Сонькі час забіваў у зямлю камяні новых фундаментаў, выціраў сляды, прыкрываў усё травой і, стомлены працай, спыняўся на хвіліну.
* * *
У далёкай будучыні, калі гэтай маленькай краінай зацікавяцца археолагі і раскапаюць старыя фундаменты, разграбуць зарослыя травой сцежкі, зазірнуць у студню з недапітай вадой, яны занясуць у свае вучоныя кніжкі фантастычныя гісторыі: пра эпідэмію чумы, што раптоўна змяла ў нябыт жыццё, пра магічную моц планет, якія, склаўшыся ў непаўторную канфігурацыю, перавялі людзей з аднаго месца ў другое, пра лакальную вайну, без пераможцаў і пераможаных. Бо ўсе загінулі.
Падрыхтаванае на падставе: Андрасюк Міхась, Белы конь. Аповесць, — Беласток: Беларускае літаратурнае аб’яднанне Белавежа, 2006.
ISBN 83-85918-41-8
У чарговы раз, ужо спакойна і не спяшаючыся, перачытваю андрасюковага “Белага каня”. Не падобны гэты “конь” ні да папярэдняй “фірмы”, а ні тым больш да “гравітацыі”. На тытульнай старонцы надпіс – “аповесць”, які сам Міхась спачатку абвяргаў. Дарэмна, гэта сапраўды аповесць, а нават сага аднае сям’і, аднаго рода. Цікавая, часам сумная, часам смешная. Момантамі прымітыўна абмежаваная, а ў цэласці глыбока жыццёвая. Гаворачы пра прымітывізм, маю на ўвазе не майстэрства пісьменніка, толькі думкі, пачуцці герояў аповесці. Чаму “сага”? Бо пачынаецца ад першых, ад раданачальнікаў (у іх асабістай інтэрпрэтацыі) і заканчваецца апошнімі, якія не далі парасткаў. І не важна, што паміж “першымі” і “апошнімі” толькі адно “калена”, важна, што ад пачатку да канца. Калі пачынаеш чытаць аповесць - “уцягвае”, што сведчыць аб мастацкасці. Андрасюк “расце”. Піша пра жыццё так рэалістычна, што маю адчуванне як бы мне хто палец між рэбры ўпіхаў. Чытаю, і быццам, абапёршыся на плот, назіраю з тым, што адбываецца на суседскім панадворку. Балюча, горка, а дапамагчы, змяніць - не ў змозе... Што ж такога ў творчасці Міхася, што і “пальцам між рэбры” і “балюча, горка”? Магчыма, здольнасць зазірнуць углыб, у самы таямнічы і прыхаваны ад самога сябе закамарак душы, убачыць і паказаць свет вачамі героя і пачуць тое, што чуе ён, што чуем мы, што баліць, і чаго змяніць – не ў змозе.
Рэдактар: Чыквін Ян
Copyright © 2014 by Kamunikat.org - ePub