– А гэта што за архаічнае дзіва!? – сказаў аднойчы незнаёмы чалавек, разглядаючы Сашкін станок.
– Так, архаічнае, – пацвердзіў другі. Але ён якраз глядзеў не на станок, а на Сашку.
– Пара на пенсію, – прамовіў трэці. – А тут стане самы вялікі агрэгат. У гэтым Мястэчку яшчэ такой тэхнікі не бачылі.
На наступны дзень стары станок не адазваўся ні з раніцы, ні пасля поўдня. Заціснуўшы зубы, замоўк на век вечны. Ніхто таксама дакладна не ведае, куды дзеўся Сашка. Знік, рассыпаўся дробным макам сасновых апілкаў. Фабрычныя прыбіральшчыцы згарнулі іх у маленькую сасновую дамавінку, а мы занеслі яе на праваслаўныя могілкі.
Вечарам схадзілі ў “Сонейка”. На століку спачываў моўчкі невядома чый капялюш і ніхто яго не кранаў. Апоўначы, калі пан Метэк праводзіў нас да выхаду, не развітаўся звычаёвым, добра вядомым “а заўтра запрашаем таксама”.
– Заўтра закрываем бар, – пан Метэк усміхнуўся смуткам, які кандэнсаваў у сабе ўсе ягоныя ранейшыя смуткі. – Назаўжды закрываем. Будзе тут прадуктовы магазін. А, можа, спажывецкая крама або банк. Я не ведаю. Я нічога ўжо не ведаю. З заўтрашняга дня не я тут кіраўнік.
Наступная раніца падымалася на ногі марудна і няўмела. Можа, новы дзень забыўся на стары і зараз вывучаў першыя крокі, як вывучае іх нованароджаны чалавек? Першы раз у трынаццаць гадзін мы не пайшлі ў “Сонейка”. Мястэчка здавалася халодным, агідным, быццам ноччу ўзялі яго чужыя захопнікі, патапталі, запіраючы тубыльцаў у паўзмрочныя падвалы. І толькі адвячоркам Була не вытрымаў, адзінока схадзіў у бар. Рука, ведзеная досведам мінулых гадоў, прылягла на клямку, кранула яе пяшчотна, але і ўпэўнена, як кранаюцца адзін аднаго пальцы шматгадовых палюбоўнікаў. Дзверы не здрыгануліся, і рука паўтарыла жэст – мацней, больш рашуча. Безвынікова. Закрыта... Уражаны, Була адступіў крок назад, абвёў вачыма будынак, праз акно зазірнуў у сярэдзіну, прыклаў вуха да шыбы. Стаіўшы дыханне, намагаўся адшукаць пульс, вылавіць зза сцяны знаёмае дудзенне. Але сэрца бару было мёртвае.
У галаве назойлівым званочкам празвінела думка: “Якраз сёння вечарам здзейсніцца ўсё, прыедуць доўгачаканыя госці з Варшавы, і закончыцца стары, абыякі свет, і пачнецца новы, лепшы. Але ж шукаць пачнуць з гэтага месца! Бо дзе мяне шукаць, калі не тут?” – прадчуванне выключнасці хвіліны адразу перайшло ва ўпэўненасць, і Була вярнуўся да дзвярэй, яшчэ раз абмацаў клямку.
Лёс бывае цынічны, і дзверы ў вялікі свет, адкрытыя насцеж, стаўляе часам за дзвярыма, што вядуць у местачковы бар. І гэты першы ўваход пячатае маленькай, здзеклівай шыльдачкай: “Закрыта назаўжды”.
Була прысеў на сходках і чакаў. Адвячорак парыпваў дваццаціградусным марозікам. З неба на зямлю перасыпаўся дыямантавы іней. Побач прабягалі людзі, хутка, скарачаючы да мінімуму дыстанцыю паміж цеплынёй дамоў і неадкладнымі справамі. Але вонкавы свет не меў ніякага значэння. Була чакаў свой лёс спакойна, не хвалюючыся, не правяраючы гадзіннік кожныя дзесяць хвілін. Так чакае прыходу Месіі бязгрэшны, перакананы ў светлай будучыні чалавек, бо калі і не адкрыюць яму дзверы ў бар “Сонейка”, адчыняць іх у чыстае неба.
Наведаўшы Мястэчка – няхай сабе нават выпадкова або з цікавасці да белавежскіх зуброў – зайдзіце таксама і на праваслаўныя могілкі. З галоўнай брамы вазьміце кірунак на маленькую, драўляную царкоўку. За царкоўкай павярніце налева і шыбуйце аж да сцяны пушчы, што драпежнымі кіпцюрамі дубоў і ялін падкопваецца пад могілкавы мур. Там сустрэнеце Булу. Пакуль ён трапіў у найсмутнейшы закутак Мястэчка, адляжаў побач з барам “Сонейка” доўгую студзеньскую ноч. Напэўна, сніўся яму самы прыгожы мяч, забіты найлепшаму ў свеце варатару, бо калі на досвітку тоўсты, бы мартэн, міліцыянер Чарнейка разгарнуў блакітную снежную фальгу, Була зірнуў на свет доўгай, светлай усмешкай. Побач з Булам пад адным помнікам спачывае малы Сашка. Іх помнік стандартны, не большы і не меншы за астатнія. Кажуць, смерць раўняе ўсіх людзей.
Валодзя
З таго дня Валодзя Іванюк, калі ён упершыню паддаўся сумненням, ці ў ягоных вачах ёсць, прынамсі, адна іскрынка ад вачэй старога Уладзіміра Іванюка, часцей пачаў гасцяваць у сшытках, запісаных доўгімі дзесяцігоддзямі. Гартаў старонкі, перачытваў асобныя словы і радкі. На адных радках ягоны твар закрывала чорная хмара, на іншых вусны расхіляліся ва ўсмешцы, яшчэ якія пераскокваў абыякава, не паглыбляючыся ў нутро літар. Часам заходзіўся гучным рогатам. Тады бесцырымонна вырываў лісток і кідаў яго ў печ. “Дурніца якаясь. Так не было, бо не магло так быць. Няўжо гэта я запісваў?” – папракаў сваю маладую наіўнасць.
Вечарамі на доўгія хвіліны ён спыняўся каля люстэрка. Абмацваў пальцамі нос, шчокі, вусны. Абапіраючы падбародак на ўказальны палец, нерухамеў у саноўнай позе. “Напэўна ж не абыхто я. Такі твар не даюць першаму сустрэчнаму”, – сумненні падступалі хвалямі і прымушалі яшчэ глыбей зазіраць у сябе. І чым далей у сябе заходзіў, тым больш пытанняў выносіў, вяртаючыся назад. Часам сустракаўся ў люстры з тварамі братоў. Былі звычайныя, будзёныя, як і ўсе астатнія ў Мястэчку. “Чаму такая вялікая розніца між намі?”, – здзіўляўся.
Аднойчы вечарам, калі зайшла да нас бабка Сонька, Валодзя спытаў, быццам мімаходам, не зводзячы вачэй з шкляной роўнядзі:
– Мама, а які быў пан Драгабыцкі?
– Пан Драгабыцкі?.. – не адразу зразумела, пра што яе пытаюць. – Ах, пан Драгабыцкі... Працаваў там твой бацька. Фурманіў, пакуль не пажаніліся мы. А пан аказаўся нядрэнны, нават ялавіцу не пашкадаваў яму на добры пачатак. Госпадзі, як даўно ўсё тое...
Шукаючы шлях да сябе сапраўднага, Валодзя забягаў у старыя фатаграфіі. Было іх няшмат і, кпінай лёсу, самая зараз важная, самая жаданая канула як камень у ваду. Гартаў папкі, тоўстыя ад усялякіх папераў, раскопваў шуфляды і паліцы. Рукамі адчаю ныраў у кішэні старой вопраткі, забытай, дажываючай век на гарышчы. Траплялася ў рукі ўсё, ды – як звычайна ў жыцці – не тое якраз, што шукаецца. Аднойчы крадком залез у куфар бабкі Сонькі, які мог быць равеснікам свету ды прыхоўваць пад счарнелым векам усе таямніцы сям’і. Дарма. Апроч вытканай на кроснах капы, нічога там не знайшлося.
А тую фотакартку прыпамінаў з дзяцінства. У старой хаце яна прыхарошвала сцяну так доўга, што перасталі на яе звяртаць увагу. Была там ці не, калі разбіралі дом і ад’язджалі ў Мястэчка? Невядома. Толькі выплывала на памяць затуманенай, пажаўцелай плямай – брычка, конь, малады фурман сціскае ў далонях ляйчыну, за спіной фурмана пан Стасінак.
– Была такая картачка, праўда, – пацвердзіла бабка Сонька, пакліканая на дапамогу. – Каля царквы, на Ўспенне здымаліся. Прыязджаў фатограф, ці не з Бельска, і здымаліся. А які год – забі, не памятаю. І куды прапала, таксама не ведаю.
– А які быў пан Стасінак? – задаваў Валодзя чарговае пытанне.
– Пан Стасінак? Ах, пан Стасінак. Сын старога пана. Прыгожы. Вочы чорныя, бліскучыя... І конь у яго быў, Султанам клікалі. Белы, як з восеньскай iмглы выліты. А як падрываў капыты, як раскiдваў грыву! Глядзiш і не ведаеш – дзе канчаецца конь, а дзе пачынаецца вецер...
На ўспамін далёкай маладосці твар бабкі Сонькі святлеў і ўсміхаўся, але чарговая думка сцірала ўсмешку, паварочвала ў смутак:
– Пана Драгабыцкага першыя саветы расстралялі, а Султана зварылі і пасяклі на гуляш другія саветы. І пан Стасінак не выратаваўся. Збег у Варшаву, але там немцы ў паўстанні ўтрупянілі. Але памёр прыгожа. Шаблю ў далонi сцiснуўшы, клубком жывой адвагi пайшоў на бяздушную кучу жалеза, якую танкам называюць.
Валодзя вяртаўся да люстэрка, а паўсвятло адвячорка распальвала ў ягоных блакітных вачах чорныя, бліскучыя ліхтарыкі. За дзвярыма шкла і часу ўсё выразней маляваўся прасторны дзядзінец двара пана Драгабыцкага, стайня, фурман Іванюк побач з белым канём...
– Закладай, Уладзімір, Султана ў аглоблi. Махнемся ў свет, на вёску зiрнем, – пан Стасінак выходзіў з люстра, асцярожна зачыняў за сабой шкляныя дзверы, садзіўся ў брычку.
I ехалi – у лес, у поле... А таксама на рэчку. У апошняе лета туды якраз часцей. За Старыной, за мосцiкам, не даходзячы да пушчы, рэчка запавольвае крок, прыпыняецца шматлiкiмi паваротамi, утульваецца ў ляшчыны, калiны, дзiкiя парэчкi. У такiм вось месцы сустракаецца пан Стасiнак з Сонькай. Сонька заўжды з'яўляецца першая. Распранаецца, заходзіць у рэчку, летняй вадой змывае стому прамінулага дня. Ад сонца, што какетліва ападае ў абдымкі гарызонту, яе аголенае цела наліваецца колерам маладой медзі і спружыністасцю царкоўнага звона. Пан Стасінак падкрадваецца да Сонькі, агортвае спiну, а яна, бы срэбная ртуць, выкоўзваецца з ягоных абдымкаў, абарочваецца, жыватом утульваецца ў ягоны жывот, запускае пальцы ў густую чупрыну i калышацца – унiз i ўверх, унiз i ўверх, аж рэчка, чырвоная вечаровым сорамам, выходзiць з берагоў.
Калі сонца дашчэнту згасае, фурман Уладзімір разгортвае ляшчынавы змрок. I не цiкавасць, а празаiчны абавязак кiруе ягонымi рукамi. Мабыць, спынiлася хiстанне летнiх хваляў, мабыць, час закладаць Султана ды вяртацца ў двор. I праўда, рэчка варочаецца ў свае натуральныя берагі, панiч Стасiнак выбiраецца з зялёнага кустоўя. Стомленым жэстам супакойвае расчохраныя, мокрыя валасы.
– Эх, жанчыны. Якi ж у мяне клопат зза iх. Але ж абы адно такiя праблемы, – усмiхаецца, усаджваецца ў брычку. – А ты, Уладзімір, ведаеш, што такое жанчына?
Фурман маўчыць, сочыць за сцежкай, што зiгзагам заходзiць у сырыя вальшыны. На ўзгорку, калi ўжо колы замацуюцца на цвёрдым грунце, цмокне на Султана, таргане ляйчыну, па звычцы больш, бо Султан, не раз i не два разы змерыўшы гэты шлях, паспеў запiсаць у сваю конскую памяць усе неабходныя знакi, што кiруюць у цёплую стайню. За ўзгоркам зверне направа, стукне капытамi аб драўляны мосцiк на Палiчнай, пераскочыць дваццаць сонных домiкаў Старыны, карчму Ёшкi на скрыжаваннi Камянецкага i Баранавiцкага гасцiнцаў. Яшчэ кiламетр сасняку, а затым ужо агароды i шырокi дзядзiнец двара.