— Я ведаю, — проста адказаў Лявон. — Толькі чаму такая назва "бальзаміна"? Яе ў нас лепей завуць: "Слёзы Алёнчыны". Яна плача перад дажджом, бо яе калісьці, калі была яна дзяўчынай, выганялі ў зрэб'і на асенні дождж пасвіць каровы. Бог злітаваўся над ёю, ператварыў яе ў кветку.
— Добрая літасць, — іранічна і смутна сказала яна. — Хочацца туды. Напэўна ва мне ў глыбіне сядзіць звычайная вясковая баба, якой бы грады паліваць або сена варушыць. Гэта добра ці не?
— Гэта вельмі добра. Я часам думаю, што таму мы такі моцны, трывалы народ, што праз усё наноснае ва ўсіх нас сядзіць звычайны мужык альбо баба. І культура, здаецца, і вытанчанасць, і размова пра Сомерсета Моэма, а павеяла сенам — i хочацца бабе басанож на траву; павеяла небяспекай — i празмерна культурны мужык лаецца беларускімі праклёнамі. Гэта сапраўднае, гэта, як у ляльцы-матрунцы: самая сярэдняя — самая наша лялька. Так што не трэба непакоіцца.
Якубовіч раптам звяла бровы.
— Прабачце, я такая нецікаўлівая... А магчыма, i просто не хацела запытаць... 3 кім, уласна кажучы, я размаўляю?
Лявон нахмурыўся.
— Гэта, магчыма, было i лепш. Як у вагоне: асабліва лёгка размаўляецца, бо не ведаеш, з кім.
— Але ж гэта не таямніца?
— Не, вядома. Маё прозвішча Лявон Касачэўскі.
Звычайна за гэтым ішло трохі здзіўленае "о-о" і пасля пусценькі шчэбет. Менавіта так было з Анэляй, i таму Лявон не любіў i баяўся свайго прозвішча. Ён лічыў, што яго трэба прымаць такім, які ён ёсць, а вершы — гэта другараднае.
Але ён памыліўся, яна не глянула на яго з большай цікаўнасцю, чым дагэтуль. Сказала проста:
— Я чытала. I "Ветракі", i "Ignis nocturnis", i iншыя. Але партрэта ва ўcix вашых кнігах чамусьці не было.
— А-а, — ён махнуў рукой, — каму гэта цікава? — I заварушыў пальцамі ля галавы, зрабіўшы задуменны твар. — Паэт павінен быць вось такі... А такога, як я, i чытаць не будуць. Таму i хітрую. Не люблю сябе.
— Вам не трэба скардзіца на аблічча. У вас звычайны твар бялявага вясковага хлопца. М-м... не вельмі прыгожы, але харошы.
— Сказалі б хоць "мілы", — засмяяўся Лявон.
— А вам што, вельм хочацца? Не, ён у вас нават не мілы, проста добры.
Калі ён выходзіў, яна вывела яго на сходы. Раптам сказала:
— А хто вам падстроіў гэты жарт, я бадай што ведаю... Які ён з'едлівы чалавек! Гэта ён і са мною думаў. Ну, няхай чакае.
— Лixa яго бяры, Марыя Сяргееўна.
— Мне не за сябе крыўдна, мне крыўдна за вас. — І сур'ёзна дадала: — Над вамі нельга жартаваць. Вы для гэтага занадта сапраўдны.
Лявон спусціўся на дзве прыступкі, так што твар яго апынуўся на адным узроўні з яе тварам, павагаўся трошкі i, адчуваючы, што не можа пайсці адсюль проста так, сказаў:
— Мы не павінны цяпер выпусціць з-пад увагі адно аднаго. Гэта будзе... проста жахліва.
Яна глядзела ўбок:
— Заходзьце, я буду рада.
Лявон выйшаў на вузкую ціхую вуліцу крыху прыгаломшаны. Вецер адразу растрапаў яго валасы, паімчаў далей, салёны, марскі.
— Чалавек думаў, што досыць з яго, што ён апёкся. Чалавек — дурань.
Малады чалавек са стракатым гальштукам, што зноў аціраўся вулкаю, паглядзеў на яго засяроджаны твар i хіхікнуў яму ў спіну. Лявон не заўважыў.
ІV
Бурштынавае мора стала цёмна-бутэлечным, i першыя агні загарэліся ў гaвaнi, калі Лявон падагнаў шлюпку да прычала i дапамог Марыі Сяргееўне выйcцi з яе. Ix пахіствала, твары сталі зусім бронзавымі. Ад солі і цяжкіх вёслаў у Лявона гарэла скура на руках.
Гэта было праз два дні пасля ix першай сустрэчы. Цэлы гэты дзень яны правялі на беразе, а пасля ў моры. Цяпер быў толькі позні вечар, шапацелі дрэвы. Жахліва хацелася ecцi.