Абаім стала лёгка і весела, калі ўсё цяжкае засталося ў мінулым.
— Піце, чай, — сказала яна. — Ахалоне. І ўсё ж гэта вельмі дрэнны жарт. Так можна і забіць у чалавеку добрае.
— Гэта не так лёгка зрабіць, — цвёрда сказаў Касачэўскі.
— Жарт задуманы грунтоўна, разважліва і... злосна. На гэта некаторыя нашы сябры вялікія мастакі. І за гэта я іх вельмі не люблю. Не люблю пшутаў і нахабнікаў. Вонкавы лоск, вытанчаная прыгажосць — фу!
— Пакіньце, Марыя Сяргеўна, — мірна сказаў Лявон. — Я не крыўдую. Ну іх! Я нават рад. Горш было б, каб яны накіравалі мяне на вялікую кухню і я там аддаў ліст першай-лепшай Марыі, а пасля мяне адвезлі б у дом для вар'ятаў.
— Вы не разумееце, — сказала яна. — Гэты жарт задуманы як палка на два канцы. Яны далі не першы — лепшы адрас, а менавіта мой, бо ведалі яго. Хацелі стукнуць не толькі па вас, а і па мне, бо я заўжды смяюся над сантыментамі, мяне лічаць за асобу рэзкую і жорсткую, якая не належыць да пароды коцікаў, якіх гладзяць, а яны зажмурваюць вочы ад асалоды.
— Праўдзівей кажучы, вы проста не жадаеце з імі быць такой, — зазначыў Касачэўскі.
Яна не стала прыкідвацца:
— Так, мне проста брыдка. Гэтыя рукі даб'юцца ўсяго самастойна.
— І гэтым рукам будзе вельмі цяжка, — дадаў Лявон.
— Затое сэрцу гэтаму будзе лёгка. А рукі, што ж? У мяне яны здаровыя, мужыцкія. Смешна мне было б прыжмурваць вочы. Вось чаму я і трымаю сябе так: някепская артыстка і вельмі непрыемная асоба. Рэжысёр Грабоўскі наогул лічыць мяне мужычкай і памялом у сукенцы... пасля аднаго выпадку.
І дадала з выразным націскам:
— Прывабны, пераканаўчы такі кавалер.
Касачэўскі чамусьці заўсёды абараняў нават несімпатычных яму людзей.
— Пакіньце. Ён не такі ўжо благі хлопец, як я чуў.
— І гэта праўда. Я яго не за тое не люблю, што ён дрэнны, а за тое, што ён прыкідваецца такім. Гэта кепска, калі чалавек бравіруе разбэшчанасцю, якой у яго няма. Значыцца, ён слабы ў душы і не хоча быць мужным насуперак асяроддзю.
— Адкуль вы родам? — з усмешкаю спытаў Лявон.
— Мсціслаўская.
— О, мсціслаўцы — недасекі. Зразумела, адкуль у вас такі язычок. Гэта народ, што на сваёй лаве не памірае.
— А вы адкуль?
— З Магілёва.
— О, — у тон яму сказала Якубовіч, — тады зразумела, адкуль у вас такая даверлівасць. Гэта вы, здаецца, студні салілі?
— Я асабіста — не. Мне чамусьці здавалася, што капуста проста са студні будзе нясмачнай.
— А-а, тады гэта вы, напэўна, у Вільні сваю варону пазналі і кулагу на локці мералі. Вельмі прыемна.
— Пашкадуйце, — узмаліўся Касачэўскі. — Не буду больш.
— То-та ж бо, — важна сказала яна. — Ведайце, як мсціслаўцаў чапаць.
І зноў яны разрагаталіся.
— Між іншым, не такія ўжо мсціслаўцы злыя на язык, — сказала яна. — Я нідзе не бачыла такіх добрых людзей, як у нас.
Раптам пасур'ёзнела:
— Часам вельмі хочацца туды. Абрыдне бойка, абрыдне быць больш злой, чым на самай справе. Хочацца цішыні, мяшчанскай бальзаміны на вокнах.