— Місіс Уэйнрайт, мы ўжо гатовыя! — крыкнула маці. Яна павярнулася да Ружы Сарона: — Ты тут заставайся.
Ружа Сарона сцяла зубы.
— Я паеду таксама, — сказала яна. — Мне трэба ехаць, ма.
— У цябе ж мяшка няма. Ды і цягаць яго табе нельга.
— У твой буду класці.
— Паслухай мяне.
— Паеду.
Маці ўздыхнула:
— Што ж, буду за табой наглядаць. Добра было б доктару цябе паказаць.
Ружа Сарона ўсхвалявана захадзіла па вагоне. Надзела свой лёгкі жакет, зняла яго.
— Коўдру вазьмі, — параіла маці. — Захочаш адпачыць, не азябнеш. — За задняй сценкай вагона пачуўся гул матора. — Мы першыя паедзем, — зарадавалася маці. — Ну, бярыце свае мяшкі. Руці, не забудзься на кашулі, я іх зашыла, будзеце збіраць у іх.
У змроку Ўэйнрайты і Джоўды забраліся на грузавік. Пачаў марудна займацца бледны золак.
— Паварочвай налева, — сказала маці Элу. — А там будзе аб'ява.
Яны паволі ехалі па цёмнай дарозе. За імі ішлі іншыя машыны, а там, у лагеры, заводзіліся новыя маторы, людзі сем'ямі садзіліся ў кузавы, і машыны выязджалі на шашу і паварочвалі налева.
Да паштовай скрынкі з правага боку дарогі быў прымацаваны кавалак кардону з надпісам сінім алоўкам: «Патрабуюцца зборшчыкі бавоўны». Эл збочыў у вароты і пад'ехаў да гаспадарчага двара. На ім было ўжо шмат машын. Круглы электрычны ліхтар з краю белай адрыны асвятляў групу людзей — мужчын і жанчын, якія чакалі каля вагаў сваёй чаргі, трымаючы пад пахай скручаныя мяшкі. Некаторыя жанчыны накінулі мяшкі на плечы, прыкрываючы канцамі грудзі.
— Аказваецца, не так ужо мы і рана прыехалі, — сказаў Эл. Ён падвёў грузавік да агароджы і спыніў яго там. Абедзве сям'і злезлі на зямлю і далучыліся да людзей, што стаялі каля вагаў, а машыны ўсё зварочвалі з дарогі і спыняліся каля адрыны, і людзей усё прыбывала і прыбывала. Седзячы пад ліхтаром, гаспадар запісваў зборшчыкаў.
— Хоўлі? — перапытаў ён. — Х-о-ў-л-і? Колькі?
— Чацвёра. Уіл…
— Уіл.
— Бентан…
— Бентан.
— Эмілія…
— Эмілія.
— Клэр…
— Клэр. Хто наступны? Карпентэр? Колькі?
— Шасцёра.
Ён запісваў прозвішчы ў канторскую кнігу насупраць графы, у якой адзначалася вага сабранай бавоўны.
— Мяшкі ёсць? У мяне толькі некалькі штук. З вас будзе даляр. — А машыны адна за адной заязджалі ў двор. Гаспадар наставіў каўнер скураной курткі на аўчыне і закрыў ім горла. Ён заклапочана паглядзеў на пад'язную дарогу. — Мае дваццаць акраў нядоўга прастаяць пры такім наплыве народу, — сказаў ён.
Дзеці караскаліся на вялікі прычэп для перавозкі бавоўны, чапляючыся наскамі чаравікаў за абцягнутыя дробнай сеткай барты.
— Прэч адтуль! — крыкнуў гаспадар. — Злазьце! Яшчэ дрот парвяце. — І дзеці нехаця злазілі з прычэпа, маўклівыя, засаромленыя. Настала шэрае світанне. — Давядзецца збаўляць на расу, — сказаў гаспадар. — Калі ўзыдзе сонца, буду прымаць поўнай вагой. Зрэшты, калі хочаце, тады і пачынайце. Ужо досыць развіднела.