— Паляжала б яшчэ крышачку, пакуль не сагрэецца, — параіла маці.
— Не, я ўстану.
Маці наліла з вядра вады ў кафейнік і паставіла яго на пліту, потым паставіла на агонь патэльню, шчодра змазаную салам, каб яна добра нагрэлася пад цеста для кукурузных праснакоў.
— Што з табой? — ціха запыталася маці.
— Я пайду, — сказала Ружа Сарона.
— Куды?
— Бавоўну збіраць.
— Нельга. Табе ўжо хутка раджаць.
— Яшчэ можна. Я пайду.
Маці ўсыпала каву ў ваду.
— Разашарна, ты ўчора не ела з намі аладак. — Ружа Сарона маўчала. — І чаго табе ў голаў прыйшло збіраць бавоўну? — Зноў маўчанне. — Гэта праз Эла і Эгі? — Маці пільна паглядзела на дачку. — Ды што ты, Разашарна! Табе хадзіць у поле няма ніякай патрэбы.
— Я пайду.
— Што ж, добра. Толькі не ператамляйся. Уставай, бацька! Прачніся, падымайся!
Бацька залыпаў вачамі і пазяхнуў.
— Не выспаўся, — прастагнаў ён. — Учора ў гадзін адзінаццаць леглі.
— Давайце, хутчэй падымайцеся, усе ўставайце, ідзіце мыцца.
Жыхары вагона мала-памалу ажывалі, вылазілі з-пад коўдраў і, пацепваючыся ад холаду, нацягвалі адзежу. Маці наразала скрылікамі саланіну на другую патэльню.
— Ідзіце мыйцеся, — падганяла яна.
У другой палове вагона ўспыхнула святло, пачуўся трэск сучча.
— Місіс Джоўд! — данёсся голас місіс Уэйнрайт. — Мы ўжо збіраемся. Хутка будзем гатовыя.
Эл прабурчаў:
— І нашто ў гэткую рань падымацца?
— Там усяго дваццаць акраў, — сказала маці. — Трэба прыехаць як найраней. Бавоўны мала. Трэба паспець, а то без нас збяруць. — Маці прыспешвала іх адзявацца, старалася, каб хутчэй паснедалі. — Ну, піце каву, пара ехаць.
— У цемры ж бавоўну не збіраюць, ма.
— Раней світання мы туды і не дабяромся.
— Там, пэўна, мокра.
— Дожджык быў дробны. Хутчэй піце каву. Эл, паснедаеш, рыхтуй машыну, — сказала маці і крыкнула: — Місіс Уэйнрайт, вы гатовыя?
— Канчаем снедаць. Праз хвілінку выходзім.
Лагер прачнуўся, ажывіўся. Каля палатак гарэлі вогнішчы. Над вагонамі клубіўся дым з труб.
Эл залпам выпіў каву і набраў поўны рот гушчы. Ён збег па сходках, адплёўваючыся на хаду.