Мужчыны пайшлі да рэчкі мыцца. Ружа Сарона нарэзала на новую патэльню бульбы і перамяшала яе канцом нажа.
Раптам канец брызентавай занавескі задраўся, і ў палову Джоўдаў зазірнуў тоўсты спацелы твар.
— Ну, як сёння ў вас, місіс Джоўд?
Маці абярнулася.
— А, гэта вы! Добры вечар, місіс Уэйнрайт. Зарабілі добра. Тры даляры з паловай. Дакладней — тры пяцьдзесят сем.
— А мы — чатыры даляры.
— Правільна. У вас народу больш.
— Ага. Джанас на вачах падрастае. У вас, я бачу, сёння свіныя адбіўныя.
Уінфілд прашмыгнуў у дзверы.
— Ма!
— Памаўчы хвілінку. Так, мае мужчыны любяць адбіўныя.
— А я бекон падсмажваю, — сказала місіс Уэйнрайт. — Чуеце пах?
— Не. У мяне цыбуля ў бульбе — усё перабівае.
— Ой, падгарэла! — крыкнула місіс Уэйнрайт, і галава яе знікла.
— Ма, — зноў сказаў Уінфілд.
— Ну, што табе? Аб'еўся печыва?
— Ма, Руці расказала.
— Што расказала?
— Пра Тома.
Вочы ў маці зрабіліся вялікія.
— Расказала? — Маці апусцілася перад Уінфілдам на калені. — Уінфілд, каму?
Хлопчык сумеўся і адступіў назад.
— Яна толькі крышачку расказала.
— Уінфілд! Скажы, што яна гаварыла?
— Яна… Яна печыва сваё не адразу ўсё з'ела. У пачку яшчэ трохі засталося. Адкусвае кавалачак за кавалачкам і паволі жуе і кажа мне: «А ты ўжо шкадуеш, што з'еў усё дарэшты».
— Уінфілд! — павысіла голас маці. — Гавары адразу. — Яна трывожна азірнулася на занавеску. — Разашарна, ідзі, дачушка, пагавары пра што-небудзь з місіс Уэйнрайт, каб яна не падслухала.
— А бульба?
— Я сама пагляджу. Ідзі ж! А то яна падслухоўваць будзе.
Цяжка валочачы ногі, Ружа Сарона пайшла за брызент. Маці сказала:
— Ну, Уінфілд, гавары.