Значыць, даляр з цябе.
Калі б нас было толькі пяцьдзесят чалавек, мы б тут папрацавалі даўжэй, але нас тут пяцьсот. Лічы, усё хутка скончыцца. Я ведаў аднаго — ён так і не выплаціў за мяшок. На кожнай плантацыі — новы мяшок, але пакуль ён набярэ патрэбную для першага разліку вагу, бавоўна ўжо ўся сабрана.
Збяры грошай хоць трохі, абавязкова! Зімой у Каліфорніі работы няма. Набівай мяшок, пакуль яшчэ відно. А вунь той, я заўважыў, падкінуў у мяшок два камякі зямлі.
Ну і што? Я толькі выпраўляю яго фальшывую вагу.
У мяне тут вось запісана — трыста дванаццаць фунтаў.
Усё правільна.
Глянь, ён мне і слова не сказаў! Няйначай, вага ў яго фальшывая. Што ж, дзянёк выдаўся ўдачны.
Кажуць, сюды едзе яшчэ тысяча чалавек. Заўтра за кожны рад будуць біцца. Выхопліваць каробачкі адзін у аднаго з-пад рук.
Патрабуюцца зборшчыкі. Чым больш зборшчыкаў, тым хутчэй у бавоўнаачышчальную машыну.
А зараз дамоў, у палявы лагер.
Божа мой, на вячэру ў нас сёння будзе бакавіна! Мы зарабілі на бакавіну! Вазьмі малога за руку, бачыш, як ён знясіліўся? Бяжы ў краму, вазьмі чатыры фунты бакавіны. Старая нам сёння напячэ смачных праснакоў, калі яшчэ на нагах трымаецца.
Раздзел дваццаць восьмы
Таварныя вагоны, іх было дванаццаць, стаялі без колаў на невялікай паляне каля рэчкі, выстраіўшыся ў два рады, па шэсць у кожным, тарцамі адзін да аднаго. Ад вялікіх рассоўных дзвярэй ішлі ўніз сходкі — шчыты, збітыя з дошак. Нядрэннае жыллё — дахі не працякаюць, скразнякоў няма, і размясціліся тут дваццаць чатыры сям'і — па адной у кожнай палове вагона. Вокнаў не было, але шырокія дзверы стаялі расчыненыя. У некаторых вагонах паловы аддзяляліся адна ад адной брызентавым полагам, у астатніх мяжу адзначала лінія дзвярэй.
Джоўдаў пасялілі ў палове аднаго з крайніх вагонаў. Нехта з ранейшых жыхароў прыладзіў тут да газавага бітона пячную трубу і вывеў яе вонкі праз дзірку ў сценцы. У канцах вагона было цёмна нават пры адчыненых дзвярах, хоць яны і былі шырокія. Маці павесіла брызент пасярэдзіне вагона.
— Тут добра, — сказала яна. — Лепш нідзе не было, калі не лічыць урадавага лагера.
Кожны вечар яна раскладала на падлозе матрацы і кожную раніцу згортвала іх зноў. Кожны дзень яны ішлі на поле збіраць бавоўну, і кожны вечар у іх было мяса на вячэру. Аднае суботы яны з'ездзілі ў Туларэ і купілі там жалезную печку, новыя кабінезоны Элу, бацьку, Уінфілду і дзядзьку Джону і сукенку мацеры, а яе святочную сукенку аддалі Ружы Сарона.
— Яна так распаўнела, — сказала маці. — Купіць ёй новае — дарэмна грошы траціць.
Джоўдам пашчасціла. Яны прыехалі сюды ў час і паспелі заняць месца ў вагоне. Уся паляна была цяпер застаўлена палаткамі тых, хто прыехаў пазней, а тыя, хто жыў у вагонах, лічыліся старажыламі і ў нейкай ступені мясцовай арыстакратыяй.
Міма паляны цякла вузкая рэчка, то вынікаючы з вербняку, то зноў хаваючыся ў ім. Ад кожнага вагона да яе збягала добра ўтаптаная дарожка. Між вагонаў былі працягнуты вяроўкі, і кожны дзень на іх сушылася бялізна.
Аднойчы вечарам Джоўды вярталіся з поля, несучы пад пахай складзеныя баваўняныя мяшкі. Па дарозе зайшлі ў краму каля скрыжавання дарог. У краме было шмат пакупнікоў.
— Ну, колькі сёння?
— Зарабілі някепска. Тры даляры з паловай. Даўжэй бы тут затрымацца. З малых добрыя зборшчыкі выйдуць. Маці сшыла ім кожнаму па мяшэчку. Вялікія ім цягаць не пад сілу. Набяруць у свае і высыпаюць у нашы. Са старых кашуль сшыла. Добра працуюць — стараюцца.
Маці падышла да мяснога прылаўка, паднесла палец да губ, падзьмула на яго, засяроджана разважаючы.
— Я ўзяла б свіных адбіўных, — сказала яна. — Па чым яны?
— Трыццаць цэнтаў фунт, мэм.
— Дайце тры фунты. І яшчэ супавага мяса які-небудзь добры кавалак. Заўтра дачка мая зварыць. І бутэльку малака ёй. Яна страшэнна яго любіць. Чакае дзіцяці. Медсястра сказала ёй больш малака піць. Так, што яшчэ?.. Не, бульба ў нас ёсць.
З бляшанкай сіропу ў руцэ да яе падышоў бацька.
— Возьмем гэта, — сказаў ён. — Да аладак.
Маці нахмурылася:
— Ага, так, што ж… бяры. Вось яшчэ гэта палічыце. Так… лярду ў нас хопіць.