Вугальніка толькі і відзелі, як ён, укуліўшыся ў санкі, пагнаў каня. Прыехаў, нагаманіў і паехаў. Не чакаў, калі хто збярэцца і стане гаварыць. «Запішуць у картачку? Хай пішуць...» — плюнуў і паехаў. Сямён Калінавіч пасля яго апусціў галаву і хадзіў, гледзячы ў падлогу...
Дарога за пасекай павярнула ўправа і пайшла цяпер лесам: шырокая гэтым месцам, раз'езджаная машынамі і выцертая саньмі. Наперадзе яе, дарогі, было яшчэ кіламетраў трыццаць: усё лесам — да самых Выгараў — без агнёў з вёскі, без скрыпу настылых варот і крэкту асвераў, які чуваць на марозе за многа вёрст.
Конь не хацеў бегчы трушком — у лесе пайшоў ціхай роўнай ступою, — яго трэба было паганяць. Натапырыўшы вушы, ён тады трухаў, сцішваючы самога сябе, — было чуваць, як яму лезе на галаву хамут і б'юць сані перадком па задніх нагах — па каленях. Сані па ўзбітым за дзень капытамі снезе рыпелі дзярката і ядрана — на ўвесь лес; трапляючы ў расцёрты след, пішчалі цененька і мякка, як вецер у гавыле ля хаты пад прызбай; стукалі палазамі па неглыбокіх ямах-калдобінах, якіх не бачыла вока, і шуршалі, як па жвіры, калі, збіваючыся з тору, лучалі на цалік — на злежаны неглыбокі снег, сцяты шэранню пасля нядаўняй адлігі.
Далёка наперадзе дарога, выслізганая палазамі, ад скупога водсвету маладзіка паблісквала цьмяным і халодным глянцам, і тады здавалася, што ёй не будзе ніколі канца, як і самой начы. Здавалася, што маладзік будзе вечна вісець угары над галавой і вечна ісці нехаця конь — без сканчонага. Цьмяны бляск на дарозе дрыжаў, перасяваўся; знікаў, як перабягаючы дарогу, хаваўся ў цемнаце і зноў бліскаў, скачучы торам, скупы і халодны, як агонь ад газоўкі.
Ратушняк думаў тады, што ў лесе адзін толькі мароз, што холадна каню ад настылых жалезных падкоў у капыты, холадна ў галёнкі і жывёла ледзьве ступае нагамі, насклелымі і здранцвелымі.
Там, дзе было мала снегу і палазы дзёрлі мёрзлую, цвёрдую, як жалеза, груду, конь ступаў смялей, і пад яго ўкаванымі капытамі аж грукала настылая зямля. Ад яе падымаўся і ішоў звон, шырока і імпэтна, з адгалоскамі на ўвесь лес — з канца ў канец — і здавалася тады, што звініць уся зямля: свежая, цвёрдая, халодная і здаровая, як антонаўка ў першыя марозы ўвосень.
У небе заміргалі зоркі: пацямнела. Маладзік апусціўся на самы лес, пачырванеў, — на дарозе ад яго ўжо не мігцеў сыры бляск.
Зноў рабілася холадна, пасля цяпла падскочылі дрыжыкі, і, калі ён нацягваў на пальцы рукавіцы, пачуў, як трасуцца рукі. Нанава браў мароз — ад яго не было спасу. У лесе ён ціснуў, як у вялікай парожняй пуні.
У незакрытыя аўчынай шчокі пякло, як прыскам, — шчокі сталі шорсткія, і ён думаў, што яны патрэскаліся, — смылеў пад рукавіцай нацёрты нос: пачынаў балець. Мерзлі пальцы ў рукавіцах; заходзіла ў ногі.
Трашчалі дрэвы — сухастой, які ў познюю восень у дажджы, відаць, глыбока намок. Мароз прабіраў наскрозь усё жывое: каня, сосны, чалавека і зямлю. Снег хрумсцеў пад капытамі і палазамі, — здавалася, ад марозу ён пераціраўся на жвір.
У вачах у яго, Ратушняка, раптам стаў Сямён Калінавіч: шырокі, як шафа, у накінутым на плечы кароткім кажусе. Прыхінуўся ў канторы да грубкі, нагнуў нізка — аж да дзвярэй — галаву: грэе плечы і студзіць лысіну. Ён падумаў тады, што дарога блішчала ад маладзіка, як лысіна Сямёна Калінавіча ад агню ў канторы...
Сямён Калінавіч не вінаваты, хоць і пагнаў нанач: яго, Ратушняка, ніхто б не змусіў паехаць, калі б ён сам не наважыў...
І тады падумалася, што вінаваты ёсць, што ён недзе спіць у такую пару ў некага на падлозе, уткнуўшыся носам у падкінутую пад галаву і нагрэтую ў запечку фуфайку. І фуфайка недзе ад яго прасмярдзела гарам, і ў хаце дыхаць няма чым, хоць ты задушыся... І ляжыць ён, не раздзеты і не разуты, нават боты з ног не сцягнуў; мокры ад расталага ў цяпле снегу, не мыты суткамі, — ад таго, як запіў...
Ён стаў успамінаць яго, гэтага чалавека, на якім цяпер, здавалася, для ўсяго Мсціжаўскага леспрамгаса свет клінам сышоўся, і не мог. Здаецца, маленькі, дробны з твару і цёмны; здаецца, гадоў яму за трыццаць, не меней; здаецца, шырокі, круглы, жорсткі мужчынскі твар, цёмная і лысаватая галава, кароценькі кажушок на фуфайцы і старая, вынашаная, памытая і зноў выпацканая — гэты раз ужо ў мазут, — халодная для такога марозу салдацкая шапка-вушанка з паднятымі ўверх вушамі і завязанымі на сляпы вузел кароткімі, скручанымі з тасьмы матузкамі...
Помніў гэта, а чалавека жывога ўспомніць не мог...
Сцежкі звялі іх першы раз летась, пад восень.
Машыны тады сталі за Малінаўкай у лесе — на новай дарозе цераз балота. Новай дарогай ад самай вясны тралявалі дрэва з Яськавага балота праз Баброва на бераг да Дзвінасы. Ішла сасна ў абхват, чырвоная, што цэгла, ад смалы — на Яськавым балоце не было падсочкі; елка, тоўстая ў камлі, не сцягнуць пілой і белая, як сыр; асіна, старая, зверху ўся ў сівым імху і тоўстай кары, як на дубе, а ўсярэдзіне з чорным дуплом: перастаяла за вайну на пні; клён, прамы, доўгі — на ўвесь прычэп ад дышля да кабіны: ад яго пахла квасам на ўсё Яськава балота; ішоў дуб, старасвецкі — на яго не хапала пілы, — выгінасты, каржакаваты, з буграмі і счарнелы ў камлі...
Цвёрды, што камень, і цяжкі, як жалеза, ён гнуў у дугу чыгунныя рэйкі на прычэпах, рваў ланцугі, якімі перамотвалі яго; на паваротах, дастаючы камлі ў газагенаў да кабіны, ён плюшчыў, зрываючы з месца, печы і крышыў скрыні, у якіх ляжала чурка — шафёрскі запас на ўвесь дзень. Пад дубам асядалі колы, вязнучы ў лесе ў сіпак; пад ім угіналася на Яськавым балоце на дарозе зямля.
Дуб шафёры бралі на «чугрэі» з боем... Пасля дажджу ў газагенаў забівала глеем пакрышкі — яны аблепліваліся і слізгалі па мокрай зямлі; маторы напіналіся, аж рваліся ад звону, і не цягнулі.
Машыны стаялі на дарозе з дубам, — уся змена, — сем машын. На Баброва праехаў толькі адзін Рэва на сваім ЗІСе на бензіне — паехаў пярэдні. За ім, высунуўшы з кабіны галаву, азіраючыся назад на колы, доўга крычаў на ўвесь лес, «рваў» свой «чугрэй» Петражыцкі. Рваў цэлую раніцу, ад самага балота, аж пакуль не сеў...
Мінуўшы масток — масток раскінулі, бо на гружанай машыне па ім усё роўна не паедзеш, ехалі проста ў крыніцу, закінуўшы яе дрыўмі-метрамі, — Петражыцкі стаў, загарадзіўшы дарогу. У кабіну да яго злазілі, сабраўшыся, усе шафёры. Ні ў кога матор не пацягнуў — не ўзяў з месца. Колы круціліся ў ямах, лезучы ў зямлю. Задняя вось лягла на гразь...
Насцялілі лапак, сыпалі пад колы чуркі, вядром. І лапкі і чуркі выкідвалі з-пад сябе колы і шпурлялі далёка назад: не падысці. Трэба было разгружацца.
Разгружацца Петражыцкі не захацеў...
— Норма!.. Норма!.. — крычаў ён на ўвесь лес з кабіны. — Нагрузі — не кранеш! Не нагрузіш — самога ж не памераць на беразе замест дрэва... А тут газу не хапае... Чуркі ніяк не ўгарацца, сіпяць... Пакуль не распалю... Хоча хто праехаць — цягні прычэп з дарогі, калі каму замінаю... А я сам сваю прэмію-надбаўку нікому ў рукі не пакладу. Не саступлю. Я жылы рву...
Шафёры маўчалі. Закурылі. Разгружаць машыну не было як: дарога вузкая, з абодвух бакоў блізка сосны, — куды скінеш. Назад да мастка — на пасеку — Петражыцкага не падцягнеш: ззаду аж шэсць прычэпаў. Трэба адагнаць кожны за паварот...
Шафёры хадзілі наўкол прычэпа, стукаючы ботамі па колах:
— Барахло. Трэснуць...
— Сапхнулі аднекуль з плеч...
— Аблыселі. Рыззё тырчыць...
— Дуб... Што волава...