Ён яшчэ раз спыніўся, на хвіліну, каб перавесці дух і агледзецца... Пасля зноў пабег...
У канцы лініі была паляна — чыстая і круглая, як арэна ў цырку. Яе высвеціла ядранае калючае сонца — зверху, з-за лесу, нібы цыркавымі пражэктарамі.
Ён не мог глядзець на сонца — слеплі вочы.
Ззаду і з бакоў зноў забрахалі сабакі...
3
Гаспадара мучыла нага. Ён, круглы з твару, лысы, з адтапыранымі вушамі, з хітрымі разумнымі ўжо старэчымі вочкамі, тоўсты, з адышкай, згінаўся ўсё і разгінаўся, сапучы — стараўся дастаць рукой да балючага месца на назе: хацелася пагладзіць.
Учора з Замежным Госцем ездзілі за горад на Курган ускладаць гірлянды. Замежны Госць, высокі, стройны, скроены, здавалася, на ўсё жыццё па-маладому, з гордым профілем і барадой, у ваеннай форме — ваенную форму ён насіў заўсёды, у цывільным адзенні Гаспадар яго ніколі не бачыў — на самым версе Кургана, зірнуўшы па-арлінаму ўніз ад высокага абеліска, рашыў раптам спускацца не па бетонных прыступках, а па зямлі, па траве. Што яму стукнула ў галаву, ад чаго закружылася яна — ад вышыні? Ад бязмежнага прастору навокал, зацягнутага сіняй летняй смугой? Ад гарачага сонца? Ад чаго закіпела яго неўтаймаваная гарачая кроў? Хто ведае. Можа, усё жыццё ён пагарджаў любымі прыступкамі? Можа, ніколі не любіў падымацца ўгору па іх, цвёрдых, вычышчаных ветрам, як усё роўна вылізаных языком — аж блішчаць? Тым больш — апускацца ўніз, сагнуўшыся і дрыжучы, — чалавек быў горды.
Ён і пайшоў з самай вяршыні ад высокага чорнага абеліска ўніз па зялёнай, чуць зрыжэлай ад вятроў і сонца траве ў сваіх карычневых новых чаравіках-крагах, у халяўкі якіх былі хвацка запраўлены калошыны штаноў. Пайшоў — нікога за сабой не запрашаючы, цвёрда, горда ўзняўшы галаву. Не глядзеў нават пад ногі на зямлю, дзе можна спатыкнуцца і паляцець уніз на злом галавы: чалавек ніколі не спатыкаўся.
Спачатку ўсе разгубіліся — на якую хвіліну. Пасля — усе да аднаго — пайшлі за Замежным Госцем — не кідаць жа яго аднаго ды апускацца па бетонных прыступках. Як тады глядзець яму ў вочы? Ішлі — хто як, ужо не думаючы пра Госця, а пра сябе: спатыкнешся — паляціш бурдой уніз, а там — як пашанцуе.
Госць увесь час ішоў наперадзе, смела, цвёрда, не азіраючыся — як арол па скале, і сышоў першы. Стаяў, не паварочваючыся, і глядзеў у сінечу на горад.
Сышлі і ўсе, ідучы памалу, асцерагаючыся, падтрымліваючы адзін аднаго — ён, Гаспадар, не даўся, каб яго падтрымлівалі, — што скажа Госць? — ішоў сам — і, дзякуй богу, усе жывыя і здаровыя. Толькі ён, Гаспадар, падвярнуў правую нагу ў костачцы і нацёр мезеныя пальцы ў сваіх новых лакіраваных чорных туфлях з вострымі насамі...
І цяпер, стоячы тут, у густым старасвецкім ельніку, з тульскім двухствольным ружжом цэнтральнага бою напагатове — Госць з такім жа ружжом стаяў, лічы, побач, крокаў за дзесяць — ён, Гаспадар, не мог апёрціся цвёрда на правую нагу — разбалелася пасля ўчарашняга і тупа ныла ў костачцы ўсё больш і больш. І пяклі мазалі... Нават у раскошных бліскучых гумовых ботах па калені, мяккіх, ступаеш, што ўсё адно не па зямлі, пяклі, праклятыя, як прыскам. Ён, Гаспадар, нікому не сазнаваўся. Кіўнуў бы пальцам — дактары, што былі непадалёку, палічылі б за гонар збегчыся памазаць далікатненька мазалі і перабінтаваць нагу ў костачцы — тут ужо не далікатненька, а тужэй! — але ён маўчаў і цярпеў: а калі пачуе Госць?
Гаспадар, стоячы, моршчыўся. Нават рукі, якія трымалі тульскую двухстволку напагатове, занылі, як ногі ад мазалёў, і пачыналі дрыжаць — нікуды не варта, к чорту!
Замежны Госць быў у крагах — не захацеў абуць гумовыя боты. Стаяў, прыціснуўшы імі мох і бруснічнік з буранькімі ягадамі, як укопаны — не зварухнецца. Ружжо — такая ж двухстволка цэнтральнага бою, як і ў Гаспадара, — у адной, выцягнутай руцэ. З таго часу як паплылі па лесе першыя пошчакі загону...
Пошчакі бліжэлі... Ядрана былі чуваць людскія галасы: улюлюкалі з двух бакоў, гонячы мядзведзя на паляну, што была перад імі, Гаспадаром і Госцем, — падыходзіла блізка, метраў за дваццаць.
Паляна, вялікая, круглая, як адумысла створаная прыродай, ляжала сярод лесу, нібы на паяўку. Яна была выкашана яшчэ ўчора — Гаспадар гэта ведаў; нідзе не было відаць і травы: яе зграбілі і прынялі — чыста. Толькі з другога боку паляны, ля лесу, яна калыхалася ад ранішняга вільготнага ветру доўгай грывай: чарот, рабінка, асака, маліннік, крапіва і высокая, у рост чалавека, пераспелая лясная мятліца.
Адтуль павінен быў паявіцца мядзведзь — прама пад ружжо Замежнаму Госцю. Гаспадар першы не страляў, як і ахова, якая была — і не толькі з ружжамі — з усіх бакоў, але якой не бачылі ні Гаспадар, ні Госць — толькі дагадваліся.
Мядзведзь і выскачыў з гэтай травяністай грывы на выкашаную паляну. Выскачыў смела, нічога не баючыся, не азіраючыся і нават, здавалася, не зважаючы на прарэзлівыя пошчакі загону, што засталіся цяпер далёка ззаду.
Гаспадар пачуў, як хруснула пад ім падгнілая ў імху галінка — захваляваўся, відаць, і стаў з усёй сілы на правую нагу, — як рэзка павярнуў у ягоны бок галаву Госць, пасля падняў адной рукой ружжо вышэй і стаў азірацца на паляну — цэліўся.
Для стрэлу мядзведзь быў яшчэ далекават — павінен выйсці на сярэдзіну паляны...
На сярэдзіну паляны мядзведзь не пайшоў. Выскачыўшы з травы, ён спыніўся, як спатыкнуўшыся, пакруціў галавой у бакі — нюхаў паветра. Вецер хоць быў ад яго, але круціў, і мядзведзь мог пачуць пах жалеза — ствалоў ад ружжаў — і мог здагадацца, што яго чакае на выкашанай паляне. Прабегшы яшчэ якія тры дробныя крокі палянай, ён пачаў падымацца на заднія лапы. Прыемна было глядзець, як ён ціха і плаўна, што ўсё роўна пад музыку, адгінаецца ад зямлі, павярнуўшы галаву якраз у той бок, дзе быў Госць; як ён паволі пачаў разводзіць у бакі лапы, агаляючы грудзі, на якіх шырокім клінам быў відаць прыродны белы гальштук... Выпрастаўшыся, выцягнуўся ў струнку і стаяў — высокі, буры, стройны, замёр на міг, быў як вычасаны з вялікага каменя, які нялёгка знайсці. Замёр, застыў, падставіўшы белыя — гальштукам грудзі адразу пад два жаканы Замежнага Госця, толькі краталася пад вільготным ранішнім ветрам яго цёмна-бурая поўсць: на галаве і на грудзях. Пасля, ступіўшы ўперад на паляну, аддаў адной лапай салют, вітаючы, як у цырку з арэны, Гаспадара і Замежнага Госця, і пайшоў, пружынячы на задніх лапах, не на Госця, як перш, а па крузе па паляне, махаючы лапамі, — прыхінаў адну да грудзей — да белага гальштука, другую адкідваў набок навотліж, ківаючыся ў такт сваёй пружыністай хадзе — пайшоў у танец.
І калі ён на жоўта-зялёнай скошанай паляне пусціўся ўпрысядку, Замежны Госць, падняўшы высака ўгару над галавой ружжо, кінуў яго вобземлю — яно глуха чмякнулася ў вільготны мох — моцна і выразна плюнуў пад ногі, загаварыў, відаць, вылаяўся па-свойму, завярнуўся і пайшоў адзін у глыбіню яловага лесу, не глянуўшы нават на яго, Гаспадара...
У неба адразу ўзляцелі дзве чырвоныя ракеты...
Гаспадар ведаў, што на паляне быў стары цыркавы мядзведзь з манежа — ад Гаспадара гэта пабаяліся схаваць, — што круглая паляна здалася мядзведзю арэнай...
Не ведаў гэтага раней толькі Госць.
Замежны Госць быў разумны і быў вялікі дыпламат. Ні ў машыне, у якой ён вяртаўся ў горад разам з Гаспадаром, ні за сталом у палудзень ён не сказаў пра мядзведзя ні слова.
Не сказаў пра гэта і назаўтра на аэрадроме перад адлётам; нават выгляду не падаў, што было нешта такое...
Гаспадар таксама быў разумны і быў не горшы дыпламат. І ён не сказаў пра гэта ні слова: у вялікіх кіраўнікоў быў больш важны, дзяржаўны клопат. Толькі ў іх вачах увесь час гарэлі хітрыя агеньчыкі, нават на аэрадроме пры расстанні.
На аэрадроме яны моцна абняліся і пацалаваліся, як і пры сустрэчы.
А Арчыбала ў той жа дзень салдаты даставілі ў той жа машыне, запёршы ў тую ж клетку, назад у горад, у цырк ля ракі — у канюшню. Туды — адкуль і ўзялі. Салдаты — народ з дысцыплінай.