Потым мы зноў падаліся ў пошукі. У адным месцы знайшлі станковы кулямёт, каля якога ляжаў забіты чалавек, уткнуўшыся тварам у зямлю. Ля правага вуха яго чарнелася маленькая дзірачка. Кроў, якая цякла з раны, паспела засохнуць. Вакол кулямёта валяліся адны гільзы. Відаць, кулямётчык да апошняга патрона вёў агонь і як герой загінуў у барацьбе з немцамі. Мы наказалі дзеду Сідаровічу Пракопу. Той употай зрабіў труну і прынёс яе ў лес. Мы дапамаглі яму выкапаць магілу і пахаваць героя-кулямётчыка. Дакументаў пры ім ніякіх не было, і мы не даведаліся, якое яго прозвішча і адкуль ён родам.
Кулямёт мы прыцягнулі ў вёску і схавалі каля нашай хаты ў старым склепе. Потым знайшлі яшчэ ручны кулямёт, тол, бікфордаў шнур. Усё гэта занеслі туды ж. Хутка наш склеп ператварыўся ў склад зброі.
У вёску пачалі прыязджаць партызаны. Яны цішком дапытваліся, у каго ёсць зброя.
Аднаго разу яны прыехалі ноччу і пачалі стукаць у дзверы. Маці перапалохалася: яна думала, што гэта паліцаі.
— Што вам трэба? — запыталася яна.
— Дзе ваш Шура?
— Спіць...
— Пабудзіце яго.
Маці расштурхала мяне і сказала, у чым справа. Я адразу здагадаўся і выйшаў на двор. Партызан было пяць чалавек.
— Камісар атрада прасіў, каб ты дастаў гранат,— сказаў адзін з іх, відаць, старшы.
Я ўсхвалявана прашаптаў:
— Гэта можна, яны ў мяне ёсць.
— Давай іх сюды.
— А на чым вы іх павезяце? — спытаў я.
— Мы панясём на сабе.
— У вас не хопіць сілы.
— А хіба іх так многа? — здзівіліся яны.
— Многа,— прамовіў я і павёў да ямы.
Калі яны ўбачылі, колькі там гранат, то аж за галовы схапіліся.
— Дзе ты набраў іх столькі?
Я расказаў.
— Малайчына! — пахваліў старшы і загадаў двум партызанам схадзіць на пасёлак і ўзяць каня. Тыя пайшлі і хутка вярнуліся з падводай. Пагрузіўшы на воз гранаты, старшы раптам спытаўся, ці ёсць у мяне запалы. Я сказаў, што зараз у мяне іх няма, але я магу дастаць. Ён папрасіў абавязкова дастаць, бо яны вельмі патрэбны.
Раніцай я пайшоў да Марата і расказаў, што было ноччу. Ён выслухаў мяне і спытаў:
— I ты ніводнай не пакінуў сабе?
— Не. А навошта яны нам?
— А калі што якое?..
Тады Марат падумаў і сказаў:
— Ну што ж, аддаў дык аддаў. Але дзе мы возьмем запалы?
Я адкрыў яму сакрэт. Недалёка ад нас жыў селянін Левановіч. Яго сын Ігнась прынёс з лесу скрынку запалаў. Аб гэтым ён расказваў сам. Дзе ён схаваў яе, я не ведаў. Цяпер ён збіраўся ісці ў паліцыю. Жадаючы паказаць сваю адданасць немцам, ён хацеў занесці ім і скрынку з запаламі. Каб яны не дасталіся ворагу, мы павінны былі адшукаць іх і выкрасці.
Падпільнаваўшы, калі Левановічы пайшлі на поле, мы кінуліся ў разведку. Мы кружыліся каля хаты з такім выглядам, нібы што згубілі і цяпер шукаем. Пасля доўгіх пошукаў мы заўважылі, што ў адным месцы на прызбе зямля была нібы крыху свяжэйшая. Я ўзяў кавалак тоўстага дроту і пачаў ім торкаць. Хутка ён застукаў аб нешта цвёрдае. Гэта была скрынка.