На наступны дзень я зноў прыйшоў да іх. Маладзейшы стаяў каля кулямёта, а старэйшы корпаўся каля печкі. Я папрасіў закурыць. Старэйшы дастаў цыгарэту і на ламанай рускай мове сказаў, каб я прынёс яму дроў.
Я злез з вышкі, назбіраў кавалкаў дошак, што валяліся навокал, і прынёс ім.
— Гут! — сказаў старэйшы.
Праз некалькі часу яны да мяне прывыклі, і я мог свабодна заходзіць да іх на вышку. Пасля гэтага я зноў пайшоў у атрад і расказаў аб усім Осіпчыку.
— Прыдумана нядрэнна,— сказаў ён.
Цяпер яны далі мне толу і навучылі, як ім карыстацца. Тол быў загорнуты ў анучку і абвязаны ніткамі. Я палажыў скрутак у кішэню.
— А цяпер ідзі. Выканаеш заданне — бяжы да нас,— сказаў Осіпчык і паведаміў, дзе яны будуць чакаць мяне.
Я пайшоў. Дзень выдаўся сонечны. Людзі выбіралі бульбу. У галаву мне лезлі розныя думкі. Часам здавалася, што немцы здагадаюцца аб маім намеры, схопяць і павесяць. Але я стараўся адагнаць такія думкі ад сябе. «Немцы ведаюць мяне і нават не падумаюць, што я адважыўся ўзарваць іх»,— супакойваў я сам сябе.
Я падышоў да чыгункі. Тут знайшоў кавалак дроту і зрабіў з яго кручок. Назбіраўшы дроў, стаў паднімацца на вышку. На адным слупе я заўважыў шчыліну, хутка ўткнуў у яе кручок і замацаваў так, каб ён не вываліўся. Затым я ўзнёс дровы і кінуў іх каля печкі. Немцы ўзрадаваліся і далі цыгарэту. Закурыўшы, я пачаў спускацца. Сэрца маё моцна калацілася, але я стараўся трымаць сябе ў руках. Параўняўшыся з кручком, я хуценька падвесіў тол і нямецкай цыгарэтай падпаліў шнур. Уніз спускаўся хутка, бо баяўся, каб тол не ўзарваўся раней, чым я паспею сысці з вышкі.
Апынуўшыся на зямлі, я пайшоў хуткім крокам, а потым не выцерпеў і кінуўся подбегам. Бег і думаў: «А што, калі не ўзарвецца?» Але не паспеў я адбегчы і гоні, як раздаўся страшэнны выбух. Я азірнуўся і ўбачыў, як угору ўзняліся слуп чорнага дыму і кавалкі дрэва. Мяне ахапіў яшчэ большы страх, і я з усіх сіл памчаўся ў лес. Адтуль пайшоў у пасёлак Баравыя, кіламетраў за пяць ад чыгункі, дзе чакалі партызаны. Убачыўшы мяне, запыханага і ўсхваляванага, Осіпчык спытаў:
— Узарваў вышку?
— Узарваў,— адказаў я.
— Добра. Пойдзем з намі,— сказаў ён і прывёў да камандзіра роты, які знаходзіўся ў вёсцы Прыстань.
— Вось той хлопчык, што ўзарваў вышку,— сказаў яму Осіпчык.
Камандзір агледзеў мяне і сказаў:
— Малайчына! Цяпер ты будзеш у нас, у атрадзе,— і загадаў залічыць мяне ва ўзвод Осіпчыка.
За гэты ўчынак мяне ўзнагародзілі медалём «Партызану Айчыннай вайны».
ВІЦЯ ПІСКУН (1931 г.)
Вёска Раўнаполле, Рудзенскі раён.
МУЖНАСЦЬ
У пачатку вайны мы выехалі з Мінска і пасяліліся ў пасёлку Выжары Смілавіцкага сельсавета Рудзенская раёна. Тут жылі многія партызанскія сем'і.
У навакольных лясах дзейнічаў партызанскі атрад Зельнікава. Мая мама трымала з ім сувязь, ёй давалі лістоўкі, а я са сваімі сяброўкамі разносіла іх па вёсках.
Раз мы сабраліся каля лесу і пачалі гуляць “у партызаны”. У час гульні прыбег хлопчык Віця і кажа мне:
— Поля, бяжы дадому. Паліцаі забралі тваю маму.
Я кінула гульню і пабегла ў пасёлак. Мамы дома не было. Бабулька Ганна, якая жыла ў адным доме з намі, сказала мне, што прыехалі паліцаі і забралі маці. А за што, яна і сама не ведае. Я ўся закалацілася ад такой навіны.
— Куды ж яе павезлі?
— Не ведаю,— адказала бабулька.— Яны нічога не гаварылі.
Майго бацьку немцы павесілі яшчэ ў 1941 годзе. Потым забралі старэйшую сястру Раю і звезлі немаведама куды. Цяпер схапілі і маму. Засталася я адна. Што мне рабіць? Я не вытрымала, села на лаву і горка заплакала.
Праз некалькі хвілін на вуліцы заскрыпеў снег. Я глянула ў акно. Да хаты пад'ехалі сані. На іх сядзелі сем паліцаяў. Убачыўшы мяне, адзін з іх кіўнуў пальцам, каб я выйшла. Я апранулася і пайшла. Слёз маіх як і не было. Як мага спакайней спытала, што ім патрэбна ад мяне.
— Садзіся, і паедзем,— загадаў старшы.