– Хто хоча застацца?
Хлопцы маўчалі.
– Ідзіце, маткам пад спадніцы хавайцеся. Вайна яшчэ не скончылася. Пабяруць вас і паб’юць. А са мною мо і выжылі б, – завяршыў кароткую прамову Варнак.
Навабранцы рушылі да сваіх мацярок, а тыя абдымалі іх, быццам правяралі, ці цэлыя, цягнулі з пуні хутчэй на двор, пакуль атаман не перадумаў. Лёнева маці пайшла ўслед за жанчынамі, спынілася на парозе, павярнулася да сына, сказала:
– Усё ж зайдзі дамоў, разам падумаем, як табе жыць далей.
– Зайду, маці, калі-небудзь іншым разам, цяпер мне няма часу, – цвёрда адказаў Варнак. – Ты не хвалюйся, спі спакойна. У мяне ўсё выдатна.
– Вяртайся, сынок, я заўсёды чакаю цябе, – сказала яна і знікла за дзвярыма.
Варнак хвілін колькі задуменна глядзеў ёй услед, потым павярнуўся да казакоў, злосна спытаў:
– Чаму варта прапусціла іх?
– Ды яны самі. Не страляць жа было…
– Менавіта страляць! Страляць! Страляць! – гнеўна закрычаў Варнак. – Калі гэта здарыцца яшчэ раз, я сам вас пастраляю.
Казакі вінавата апусцілі галовы, унурана маўчалі.
– Удод, схадзі да Гэлі, знайшоў цыдулку ад яе ў тайніку. Нешта яна нам хоча перадаць.
– Будзе зроблена, пан атаман, – адказаў Сяргей бадзёра, радуючыся, што можа вольна прайсціся па родных сцежках на недалёкі хутар, да дзяўчыны, якая была сувязной і яму знешне падабалася.
56
Удод бачыў Гэлю некалі разоў у табары на Воўчых выспах, але звычайна з ёю размаўляў Варнак, распытваў пра становішча ў вёсцы і адпускаў дзяўчыну. З’яўленне сувязной прыкметна ўплывала на казакоў. Кожны з іх падцягваўся, прыхарошваўся, хацеў выглядаць прывабна, лез у вочы, стараўся загаварыць з дзяўчынаю. Тыя лайдакі, што ленаваліся галіцца зранку і хадзілі зарослыя шчэццю, як вожыкі, адчувалі сябе ніякавата і трымаліся на адлегласці. Гэля была даволі сімпатычная, апраналася акуратна, звычайна красавалася ў яркай квяцістай хустцы, трымалася сціпла, у гаворкі асабліва не кідалася, найчасцей адмоўчвалася на няхітрыя казацкія спробы залётаў. Дзяўчат для супрацоўніцтва з украінскімі паўстанцамі падбірала і рыхтавала Аксана, настаўніца з-пад Антопаля, якая праводзіла актыўную агітацыю ў жаночым асяродку. Відавочна, што ў Аксаны быў добры густ і неблагія агітатарскія здольнасці, умела яна знайсці падыход да сялянскіх цнатлівак, каб завабіць іх у падпольную ўкраінскую сетку. Зрэшты, і дзяўчаты мелі сваю рахубу, бо ў вёсцы зусім не засталося мужчын. Тых, што ацалелі ў час вайны, цяпер мабілізавалі ў Чырвоную армію. А ў лесе хаваліся прыгожыя маладыя хлопцы, вартыя кахання, з якімі можна было пабрацца, калі нарэшце сціхне гэтая калатнеча.
Сяргей шыбаваў дзе напрасткі, а дзе і па грэблях. Ведаў тут усе сцежкі з маленства, хадзіў на балота па журавіны і зусім не адчуваў страху ад таго, што мох пад нагамі хадзіў хадуном, можна было ўваліцца ў балотнае акно і назаўсёды застацца там, зацягнутым у багну. Збіраў маліны і ажыны, чарніцы і буякі. У бліжэйшым лесе штовосені была процьма грыбоў. Ён і зараз, як надараецца вольная хвіліна ходзіць па маслякі ды апенькі, а пасля повар частуе казакоў смажанаю бульбаю з грыбамі, і, здаецца, няма на свеце смачнейшае ежы. Хутар, дзе жыла Гэля, быў малы, жылі там, на выспе сярод балота, тры гаспадары. Сяргей не надта хаваўся. Няхай думаюць, што нейкі хлопец заляцаецца да дзяўчыны. Калі прызнацца шчыра, дык Гэля Сяргею падабалася. Гэта ён зразумеў нядаўна, калі з казакамі пабыў на вячорках ды прыгледзеўся да дзяўчат і параўнаў з ёю – стройнаю, зграбнаю і мілаю з твару. А таму нават трохі хваляваўся перад сустрэчаю.
Увайшоў у двор, убачыў хлопчыка-падлетка спытаў:
– Дзе Гэля?
– Каля клуні лён трэ, – адказаў той.
– А ты яе брат, ці што?
– Ага, – адказаў падлетак, насцярожана ўзіраючыся ў твар нечаканага госця.
Гэля сапраўды працавала ля клуні, спрытна закладвала пучкі лёну пад планку церніцы, націскала ручку – на зямлю ляцела шэрая кастра, якая ўжо добра выслала дол. А побач уздымалася ладная купа кудзелі.
– Памагай Бог, – сказаў Сяргей.
– Казаў Бог, каб і ты памог, – усміхнулася дзяўчына.
– Здаровая была, Гэля. Прывітанне табе ад Варнака.
– Добры дзень, – адказала яна, спыніла працу і выцерла рукі аб цёмны фартух. – Варнаку ад мяне таксама занясі прывітанне.
Гэта быў пароль. Сяргей чакаў, узіраўся ў сімпатычны дзявочы твар, а яна азірнулася па баках і сказала:
– Сёння раніцай у Вялікую Багну прыехалі мінёры, будуць нешта тут рабіць, спыніліся ў Панаса.
– Колькі іх?