– У клуні, якую я пакажу.
Пакінулі хутар на змярканні, увайшлі ў Вялікую Багну ўвечары, прайшліся па вёсцы, пачулі ў адной хаце гармонік, зразумелі: тут вячоркі. Варнак загадаў хлопцам заставацца на варце, узяў з сабою пяцёра казакоў, у тым ліку і Сяргея, увайшоў у хату, дзе было поўна моладзі.
– Добры вечар, землякі, – голасна сказаў Варнак.
– Вой, Лёня Парахнюк вярнуўся, – здзіўлена піскнула нейкая дзяўчына.
Гармонік змок, прысутныя павярнуліся да ўзброеных прыхадняў, утаропіліся, напружана чакалі.
– Хто так грае? – сказаў Варнак. – Глядзіце, як трэба!
Ён паставіў аўтамат каля сцяны, узяў гармонік з рук гарманіста і зайграў польку з насалодаю. Пальцы хутка і спрытна бегалі па гузіках, музыка гучала бадзёра і ладна, але ніхто не кідаўся ў скокі.
– Дзеўкі, варушыцеся, для вас стараюся! – крыкнуў Варнак.
Дзве дзяўчыны выйшлі на сярэдзіну круга, насцярожана зыркаючы на самазванага гарманіста, закружыліся ў польцы, але іх ніхто не падтрымаў, і яны сышлі з круга.
– Скакаць вы не хочаце. І не трэба. Няма чаго асабліва весяліцца, калі па нашай зямлі ходзяць удоўж ды ўпоперак розныя акупанты ды яшчэ мабілізуюць нашых хлопцаў на вайну, скуль яны не вернуцца. А мы іх не пусцім! Праўду я кажу?
Усе прамаўчалі ў адказ.
– Ну, чаго вылупіліся, як бараны на новыя вароты? Усіх хлопцаў я забіраю з сабою! Хто не пойдзе, таму дваццаць пяць шомпалаў па мяккім месцы, няхай пасля застаецца лячыць азадак.
Некаторыя хлопцы паспрабавалі выслізнуць за дзверы, але Варнак іх спыніў:
– Вы не думайце, што нас толькі пяць, у двары вас сустрэнуць яшчэ дваццаць пяць, усе узброеныя.
– Дык, як жа, трэба ж хоць родных папярэдзіць, – сказаў адзін хлопец.
– Гэта чый мамчын сынок падрос? – быццам на млынаровых з твару падобны.
– Так, млынароў.
– Ага, раз’еўся на чужым хлебе, не хочаш цёплую печ пакідаць! Паглядзіце на гэтага баязліўца! – Варнак засмяяўся, яго падтрымала ахова.
Моладзь стаяла маўклівая, у гаворкі не кідалася.
– Нейкія вы прыгаломшаныя, – сказаў Варнак. – Ці немцы вас прыбілі, ці Саветы даціскаюць. Няма ў вашых вачах жыцця, адзін страх. Няхай дзяўчаты яшчэ паскачуць, гарманіста не зачэпім, а хлопцы, хто не хоча быць бітым, за мной!
Ён паставіў на лаву гармонік, узяў аўтамат і рушыў да дзвярэй. Дзецюкі нехаця пацягнулася за ім. У двары Варнак загадаў казакам:
– Прымайце папаўненне. Вядзіце навабранцаў пад канвоем услед за мной.
Ён рушыў у другі канец вёскі, астатнія тупалі следам. Сяргей ішоў у канцы гурта, бачыў, як некалькі адчайных навабранцаў сіганула цераз плот, уцякаючы ад новага камандзіра, але не запыніў. Лічыў, што не варта пасылаць пад кулі неабстраляных вяскоўцаў, каб пасля іхнія бацькі крыўдавалі. У кожнага чалавека свой лёс, няхай ён сам выбірае, як яму жыць і што рабіць. Сяргей вымушаны быў сысці з дамоўкі, дык тысячу разоў пракляў тых, хто прымусіў яго да гэтага бязладнага жыцця. Каб яны і на тым свеце спакою не ведалі. Калі праходзіў міма сваёй хаты, зазірнуў у шыбу, але вокны хоць і свяціліся, былі завешаныя фіранкамі. Пастукаць у акно так і не адважыўся, таму што камандзір забараніў па хатах разыходзіцца. Ажно сэрца сцялася ад жадання ўбачыць родных.
Варнак завёў людзей на пакінуты хутар, ад якога засталася толькі клуня (гаспадароў вывезлі ў саракавым годзе). Казакі і навабранцы палеглі на саломе і паснулі, як забітыя. Нават варта пад ранне знемаглася. На світанку казакоў разбудзіў жаночы плач. Прыйшлі мацяркі мабілізаваных, пачалі прасіць, каб адпусціў атаман іхніх сыноў.
– Чаму гэта я павінен ваяваць за Айчыну, а вашы сыны адседжвацца дома? – спытаў Варнак, устаючы і атрэсваючы з сябе салому.
– Нашы хлопцы ніколі зброі ў руках не трымалі. Куды ж ты іх, Лёнічак, павядзе-е-е-еш на згубу-у-у? – загаласіла адна жанчына, да яе далучыліся астатнія.
– Ідзіце. Няма чаго тут плакаць. Мая маці не плача, а трывае, – адказаў Варнак.
І раптам у клуню ўвайшла яго маці і ціха сказала:
– Скуль ты ведаеш, Лёнік, што я не плачу? Ды я ні адной ночы спакойна не сплю, усё пра цябе думаю. А ты прыйшоў у вёску і на родны парог не заявіўся. Набраў гэтых падлеткаў і вядзеш невядома куды. Гэта ж нашы людзі! Ім хапіла гора ад немцаў, дык ты дадаеш тугі! Ужо з табою Санда пайшла і іншыя хлопцы. Дзе яны цяпер? Ці мо ты хоць магілы пакажаш мацяркам? Эх, сынок, сынок, нарадзіла я цябе разумнага і прыгожага, ды ўсё дарма! Няма табе долі, а мне спакою, дык не мардуй ты гэтых дзяцей, адпусці іх на волю. Няхай яны самі выбіраюць, з кім ісці. Захочуць з табою – дык няхай ідуць, не захочуць – не прымушай.
Варнак павярнуўся да навабранцаў, сказаў: