– Выдатна, замочым гэтую добрую справу! Нас ужо зачакаліся ў рэстаране "Гэта тут"! Мілыя полькі там прыемна абслугоўваюць! – сказаў італьянец, кіруючыся да дзвярэй, Руткоўскі акінуў позіркам рабочы стол, згроб паперы ў адну кучу і паспяшаў услед за капралам, ціха радуючыся, што атрымаў патрэбныя звесткі пра рух цягнікоў, якія перадасць вахляжаўцам, а тыя ўжо сарыентуюцца, які эшалон узарваць.
22
Рамуальд і Генік залеглі пры дарозе ў карчах. Зянон чакаў машыну надляснічага за павароткаю, калі яна з’явіцца трэба было свістам падаць сігнал сябрам, каб тыя кінулі на дарогу шыпы. Загодзь гэта нельга было рабіць, таму што тут магла пракалоць шыны нейкая іншая машына, а гэта магло сарваць аперацыю. Хлопцы цярпліва чакалі, а машына пазнілася ўжо на цэлую гадзіну, таму яны губляліся ў здагадках, ці з Люцыкам нешта здарылася, ці машына паламалася, ці мо надкамісар перадумаў сёння везці грошы. Па дарозе праехаў матацыкл з трыма немцамі, узброенымі аўтаматамі, пратарабаніў грузавік, падскокваючы на выбоінах, як жаба, і зноў цішыня. Знаходжанне іхняе пры дарозе было небяспечным, калі б іх заўважылі, маглі прыняць за партазанаў і расстраляць без асаблівых разборак, а калі б узяліся яшчэ і дапытваць, дык наогул была б справа дрэнь. Лепш ужо загінуць адразу, чым трываць катаванні. Дзень стаяў спякотны. У карчах каля вушэй звінелі галодныя камары і час ад часу знаходзілі дзе прызямліцца на цёплую плоць. Трэба было адмахвацца ад іх асцярожна, каб нічым не выдаць сваёй прысутнасці тут. Час цягнуўся марудна і нудна, у выніку размагнічвалася памкненне, прападала жаданне дзейнічаць, страх запаўзаў у душу. Размораныя задушліваю спякотаю і аднастайным шолахам лістоты, Рамуальд і Генік ледзь не драмалі, лежачы на траве і ўдыхаючы яе прыемны пах. Нарэшце пачуўся свіст Зянона.
– Званочак звоніць, пара, – сказаў Рамуальд.
Генік выскачыў з карчоў, кінуў шыпы на дарогу, сам вярнуўся назад, у схованку, і аціх у чаканні. У гэты час да іх прыбег Зянон і прашаптаў:
– Ужо зусім блізка.
Сапраўды, праз імгненне машына выехала з-за павароткі. Хлопцы ўбачылі, як знарок Люцык праехаўся па шыпах, не абмінаючы іх, каб напэўна пашкодзіць шыны. Машына стала. Хлопцы не спяшалі пакідаць засаду, чакалі, што будзе далей.
Люцык выскачыў з машыны, стаў аглядаць колы, за ім выйшлі два аўтаматчыкі, насцярожана пазіралі ў бок карчоў, трымаючы зброю напагатове. Кіроўца наважыўся мяняць кола, дастаў з багажніка дамкрат, запасное кола і ўзяўся за справу. Аўтаматчыкі страцілі пільнасць, назіралі, як Люцык дарэмна намагаецца адкруціць гайкі. Надляснічы таксама выйшаў з машыны і схіліўся, азіраючы пашкоджаную шыну, нарэшце не вытрымаў і загадаў аднаму з аўтаматчыкаў дапамагчы Люцыку. Ахоўнік паклаў аўтамат у машыну, каб не замінаў, і ўзяўся за справу, гайка падалася хутка, мусіць, Люцыян знарок хацеў заняць усіх спадарожнікаў справаю. Нарэшце, калі ўсе пасажыры канчаткова страцілі пільнасць і толькі сачылі за тым, як адкручваецца пашкоджанае кола, Рамуальд падаў знак хаўруснікам прыступаць да аперацыі. Змоўшчыкі падкраліся да падарожнікаў па-кашэчы бясшумна. Рамуальд рвануў з пляча расслабленага вартаўніка аўтамат і крыкнуў:
– Рукі ўгору!
Ад нечаканасці немцы страпянуліся і паслухмяна паднялі рукі. Нават Люцыян, які чакаў з’яўлення сяброў, уздрыгнуў. Зянон выхапіў з машыны другі аўтамат. Цяпер яны былі добра ўзброеныя, нават свае пісталеты не спатрэбілася даставаць. Генік нырнуў у машыну і схапіў тоўстую валізку з грашыма, а потым нажом прапароў астатнія тры колы.
– Вяргіня, канчай з коламі! Абшукай надляснічага, – загадаў Рамуальд і ўважліва сачыў, як сябар дастаў з кабуры ў немца "вальтэр". – Усё, адыходзім!
– Мы іх пакінем так? – здзіўлена спытаў Зянон. – Дамаўляліся ж забіць.
– Навошта? Няхай ладзяць машыну, – засмяяўся Рамуальд.
– Дык мо хоць звязаць трэба было? – спытаў Генік.
– Не пойдуць яны без зброі нас даганяць, хіба толькі ім на дапамогу нехта прыйдзе. Адыходзім, не будзем губляць час.
Люцык стаяў, апусціўшы вочы, астатнія немцы таксама былі ў разгубленасці. Змоўшчыкі яшчэ раз азірнуліся на маўклівую гурму і зніклі ў кустоўі, а пасля з усіх ног кінуліся да неглыбокага яра, дзе пакінулі веласіпеды. Аўтаматы закапалі да часу пад карчом. З "вальтэрам", адабраным у падляснічага, Рамуальд не мог разлучыцца і схаваў яго ў кішэню.
– У цябе ж ёсць пісталет, дай мне, – папрасіў Генік. – Гэта мой трафей.
– Гэта наша агульная здабыча, але пакуль няхай пабудзе ў мяне, як у чалавека адказнага за матэрыяльную частку нашага партызанскага гурта. Калі каму спатрэбіцца, я абавязкова выдам пад распіску. Згода?
– Куды дзявацца беднаму Геніку?..
– Годзе размоў, хутчэй трэба адсюль выбірацца, – нагадаў Зянон.
Грошы пераклалі ў тры торбачкі, нямецкую валізку выкінулі. Кожны з хлопцаў узяў сваю долю і накіраваліся ў бок Брэста праз розныя вёскі. Яны спяшалі, каб не трапіць у аблаву. Ведалі, што немцы могуць кінуць на пошукі рабаўнікоў вялікія сілы. У двары крайняй хаты ў вёсцы, якая па-вядзьмарску называлася Лысая Гара, іх чакала машына Руткоўскага, куды яны прывезлі сваю здабычу і, хоць не адначасова, але здалі ўсе пяцьдзясят тысяч шафёру пана Руткоўскага, Ціханоўскаму, які паклаў торбачкі пад нейкае рыззё ў багажніку, сеў за руль і сказаў хлопцам на развітанне:
– Гаспадыня хоча пачаставаць вас абедам, ідзіце ў хату, а мне трэба ехаць.
Рамуальд зірнуў на хлопцаў, быццам ставіў пад сумненне словы Ціханоўскага, але ў гэты момант на ганак выйшла прывабная маладзіца, і па-польску запрасіла іх у хату.
– Кім даводзіцеся пану Ціханоўскаму? – спытаў Рамуальд.
– Сястра ягоная. Гэта ж аўдавела я ў трыццаць дзявятым, мужа забілі пад Кобрынам, дык ён мне ўсё падсылае хлопцаў, каб знаёмілася. Зусім здурнеў, вы ж такія маладыя…
– Нічога, мы маладыя ды раннія, – засмяяўся Рамуальд, а пасля назваў сябе і сваіх сяброў на хаду выдуманымі імёнамі.
– Вельмі прыемна, хлопчыкі, а мяне завуць Стасяю. Не ведаю, мо я вам ужо і цёткаю падаюся?
– Што вы такое на сябе нагаворваеце, пані Стася? Вы такая прыемная і прыгожая жанчына, што пазіраць на вас адна асалода, – зноў засмяўся Рамуальд, размаўляць з дзяўчатамі і жанчынамі ён любіў і ўмеў.
Гаспадыня ажно засвяцілася ад пачутага, адчыніла дзверы ў сенцы, пайшла першая ў хату, госці рушылі за ёю. Стол сапраўды быў ужо накрыты.
– Сядайце, хлопчыкі, частуйцеся. Тут усё сваё. Я кароўку трымаю, агарод даглядаю, а калі суседзі спытаюць, чаго да мяне завіталі, дык скажаце, што прыходзілі сватацца, ды я адмовіла, не ўпадабала кавалера, бо не мае ніякай маёмасці. Гэта вас не пакрыўдзіць?