– Калі разумна зрабіць, дык усё абыдзецца. Заўтра мы будзем везці грошы для лясніцтва па шашы Брэст – Высокае. Пяцьдзясят тысяч вас задаволіць?
– Выдатная ідэя! – узрадавана ўскрыкнуў Рамуальд.
– Такі варыянт, здаецца мне вельмі прыдатным, – ухваліў задуму пан Руткоўскі, рассцілаючы на стале карту. – Дзе найлепш учыніць засаду? – спытаў ён у Люцыяна.
Хлопец ткнуў пальцам у карту:
– Тут.
– Зробім так, падкінем на дарогу шыпы, спынім машыну, а далей усё проста, – сказаў Рамуальд. – Дэталі абмяркуем яшчэ раз перад аперацыяй.
– Добра хлопцы, якая дапамога вам патрэбна? – спытаў Франц.
– Патронаў мала, – сказаў Рамуальд.
– Будуць патроны. Генік прынясе табе іх сёння яшчэ да каменданцкага часу.
– Сустракаемся праз дзве гадзіны ў мяне на кватэры, каб абмеркаваць дэталі, – прапанаваў Рамуальд паплечнікам.
– Ну, з Богам. Жадаю ўдачы! Чакаю вас з перамогаю і добрым здабыткам, – сказаў гаспадар кабінета.
Хлопцы падняліся, развіталіся і па адным падаліся з гебітскамісарыята. Пан Руткоўскі прайшоўся па кабінеце, наблізіўся да акна, прасачыў, як ягоныя памочнікі выйшлі з будынка і разышліся ў розныя бакі без лішніх размоў, падумаў: "Малайцы, паводзяць сябе, як належыць падпольшчыкам. Не выхваляюцца, не выяўляюць пустога геройства, а сціпла робяць сваю справу". Вярнуўся зноў да стала, узяўся праглядаць паперы. Што і казаць, любяць немцы пісаць загады. Цыркуляры прыходзілі штодня, толькі паспявай з імі знаёміцца ды выконваць. Вайна – пані пражорлівая, ёй трэба жаўнеры, грошы, зброя, рабы, здатныя забяспечваць працу заводаў, фабрык і сельскай гаспадаркі, якія цяпер працавалі толькі на германскае войска: апраналі, абувалі, узбройвалі і кармілі. На Германію мусілі працаваць таксама людзі на акупаваных тэрыторыях. А немцы няшчадна рабавалі ўсіх. Асаблівую ўвагу накіроўвалі яны на габрэяў, сярод якія былі людзі багатыя. Усё габрэйскае насельніцтва сагналі ў гета, наклалі на іх кантрыбуцыю, і ўжо сабралі добры набытак. Не грэбуюць нават залатымі каронкамі і зубамі. Пан Руткоўскі таксама не драмаў у шапку, а назапашваў пэўныя каштоўнасці, каб пры магчымасці адправіць іх у Варшаву на адраджэнне Польшчы. Для гэтага адчыніў камісійную краму, куды насельніцтва, якое цяжка выжывала без сродкаў да існавання, зносіла свае самыя дарагія рэчы: творы мастацтва, біжутэрыю, золата, старажытную зброю і нават адзенне, што дасталося ад прадзедаў і ляжала ў сундуках стагоддзямі. Ён вельмі рызыкаваў, распачынаючы гэты бізнес на падстаўную асобу, не толькі пасадаю, але ўласным жыццём. Але спадзяваўся, што Бог заступіцца за яго, бо стараецца ён не дзеля сябе, а дзеля любай Айчыны. Яму вельмі хацелася дажыць да канца вайны, калі ён спадзяваўся сустрэцца з жонкаю і дзецьмі. Як яны вырастуць? Не пазнаць будзе! Ды і яны наўрад ці пазнаюць яго. Вунь ужо аблысеў, пастарэў, не тое жыццё, каб радавацца і маладзець. Успомніўся яму і малодшы брат, з якім не бачыўся з 1939 года. Перад пачаткам вайны Каэтан служыў у войску. Што з ім было далей, невядома, мо трапіў у палон, мо загінуў, але найбольш хацелася, каб брат выратаваўся і, магчыма, пасля вайны ўся сям’я сабралася б нарэшце разам.
"Эх, мары, мары… – уздыхнуў пан Руткоўскі. – Колькі ні думай пра шчаслівую будучыню, ад гэтага сённяшні дзень лепшы не робіцца. Адно, што суцяшаеш сэрца, каб не надта балела. Бо ад тугі ўсё валіцца з рук, нават думкі немагчыма сабраць. А барацьбіт павінен мець ясную галаву, цвёрдую руку і канкрэтны план дзеянняў".
Ён зноў узяўся за паперы, прачытаў план паставак мяса, малака, масла і зерня на бліжэйшы месяц. Прагледзеў спіс солтысаў і прыкінуў, што з каго трэба запатрабаваць. Заняўся звычайнаю справаю гебітскамісара, якую ён люта ненавідзеў, таму што не жадаў абслугоўваць фашыстаў, але мусіў выконваць, бо хто, як не ён, прывядзе на бойню самых нядужых коней, прывязе найгоршае зерне. Але ж усё роўна немцы дамагаюцца свайго: забіраюць моладзь, вывозяць на працу ў Нямеччыну, непаслухмяных накіроўваюць у канцлагеры на знішчэнне. Яны – гаспадары і робяць, што хочуць. Але ці дазволіць Бог доўга ўладарыць гэтым пачварам? Не павінен! Зло трэба знішчаць злом, што б там ні пісалася ў Евангельскіх запаведзях. Інакш, яно можа так распладзіцца, што запалоніць усю зямлю, каб забіваць цэлыя народы, ператвараць у рабоў, у паслухмяную жывёлу, якая будзе трымацца на мінімуме ежы і спраўна працаваць пад страхам смерці. Фашызм трэба знішчыць з такой жа жорсткасцю, з якою ён прайшоў па зямлі. Нікога з гітлераўцаў, запэцканых чалавечай крывёю, нельга шкадаваць, ніякае літасці да іх не павінна быць. Яны перасталі кіравацца чалавечымі законамі, абралі звярыную ідэалогію, а таму іх трэба знішчаць, як дзікіх звяроў! Вазіць у клетках і паказваць на ганьбу людзям: "Вось яны, тыя, што хацелі паставіць на калені свет, а зараз самі мусяць стаяць на каленях і прасіць літасці. Але мы ім не даруем, каб ніколі больш не адраджалася зло, пасеенае імі!"
Пан Руткоўскі ўсё больш распаляўся, апошнія думкі ён прамовіў услых, ваяўніча размахваючы рукою. У гэты самы час увайшла сакратарка, здзіўлена зірнула на шэфа і паведаміла:
– Прабачце, пан Руткоўскі, да вас прыйшоў пан Тоні Бачародэ.
– Кліч яго хутчэй, – адказаў Франц.
Чарнявы паўнаваты капрал імкліва ўвайшоў у пакой, паціснуў руку гаспадару кабінета, прамаўляючы:
– Пан Руткоўскі ўсё яшчэ на працы! Так і думаў! А я ненавіджу сваю службу, няхай яна згарыць!
– Сядайце, пан Бачародэ! Каву, гарбату?
– Да д’ябла гэтыя бабскія напоі, я запрашаю цябе на піва!
– Згода! – азваўся Руткоўскі і запытальна зірнуў на Тоні.
Той ляпнуў сябе па ілбе і прамовіў:
– Зусім забыўся, ты ж прасіў расклад руху цягнікоў.
Дастаў з кішэні паперы і кінуў на стол Руткоўскаму. Той прабег вачамі тэкст і застаўся задаволены.
– Не разумею, Франц, для чаго табе гэтыя звесткі?
– Ад мяне патрабуецца своечасова адпраўляць вагоны з харчамі і іншымі матэрыяльнымі каштоўнасцямі на захад і усход. Аднак мне не заўсёды ўдаецца сарыентавацца, каб своечасова сабраць неабходную прадукцыю ды загрузіць у вагоны. А цяпер, дарагі дружа Тоні, я буду загодзь ведаць, што, куды і як. Так што вялікі дзякуй.
– О, я рады хоць нечым табе памагчы, але, як кажуць мудрыя людзі, дзякуй у шклянку не нальеш...
– Безумоўна, я цалкам згодны з мудрымі людзьмі, – усміхнуўся Руткоўскі, выцягнуў каліту, адлічыў некалькі купюр і аддаў Бачародэ, які пералічыў грошы – і на ягоным твары адбілася расчараванне.
– Гэта толькі аванс, рэшту атрымаеце днямі.