Наш бацька забараняў нам гаварыць на Языку. На гэтай мове, казаў ён, і моршчыўся, вось так, і з агідай цягнуў гук “э”, як некалі ў лягеры цягалі за вушы майго брата, і мне даводзілася бегчы і лупіць іх, нагамі, крэслам, вядром, рэменем – усім, што трапіцца пад руку. На гэ-э-этай мове… І мы замаўкалі. Нам таксама было агідна, як і яму. Пра тое, хто такі Нязнайка, я даведалася, калі мне было шаснаццаць. Можа, мне і расказвалі, але бацька забараняў мне іх слухаць. І пра Чабурашку я нічога ня ведала. І пра тое, як гайдаецца блакітны вагон. А хто такі Айбаліт, я дагэтуль цьмяна сабе ўяўляю. Я ведаю, што ён быў лекар. Але я не магу ставіцца да лекараў так… Так… ”
“Як так?”
“Лекар для мяне – нехта іншы… Калі ён сапраўдны, ён не ратуе, ён… Ты ведаеш, хто такі Айбаліт? Ну і маўчы. У вас такога няма. У маім жыцьці быў толькі сапраўдны лекар, але вельмі добры. Ён мог усё. Але ён не пасьпеў скончыць лячэньне. Я так і прыехала сюды – нявылечаная. І спачатку мне было ня надта лёгка. Але ведаеш, там, у лягеры, нам давалі такія вітаміны…”
“Харчовыя дадаткі? Наркотыкі?”
“Не. Не перапыняй, калі ласка. Цяпер я думаю, што гэта дзякуючы ім я змагла тут застацца. Паступіць у каледж, знайсьці працу, сустрэць цябе.
Аднойчы мне прыйшоў пакет з радзімы. Гэта былі рэчы майго бацькі. Ён вёў дзёньнік – ведаеш, як усе гэтыя людзі таго часу, якім не прыходзіла ў галаву завесьці акаўнт у сацсетках. Ён вёў такі дзёньнік, проста пісаў у сваім лэптопе, звычайны тэкставы файл… ну, уяві сабе, што гэта быў проста дзёньнік пад замком, дзе ўсё відаць толькі табе. І ўсё. Я прачытала. Гэта было вельмі цікава. Толькі ведаеш…”
“Што?”
“Мне падалося, ён пісаў не пра мяне. Па нейкую іншую дзяўчынку. І пра іншую краіну. Не пра тую, адкуль я прыехала. Напэўна, хаваўся”.
“Зразумела”, – сказаў яе жаніх досыць няўпэўнена.
“І там чамусьці няма ні слова пра майго брата. Калі хочаш, я табе пачытаю. Гэты тэкст у мяне заўжды з сабой. Хочаш? Праўда, гэта будзе пераклад. А пераклад – гэта помста мове за тое, што яна нарабіла… За яе бясконцасьць і за яе магутнасьць.”
“Нешта я зноў цябе не разумею. Па-нашаму нельга так сказаць. Сьмешна гучыць. Помста мове. Ха-ха. Прабач”.
“Калі б ты меней сьмяяўся, дык, можа, больш зразумеў бы. Слухай. Будзе цяжка, але я паспрабую табе перакласьці”.
3. ЯК І БОЛЬШАСЬЦІ ДЗЯЎЧАТАК У ГЭТЫМ УЗРОСЬЦЕ, ЁЙ НЯ НАДТА ПАДАБАЕЦЦА ЯЕ ІМЯ.
“Як і большасьці дзяўчатак у гэтым узросьце, ёй ня надта падабаецца яе імя. Прызналася мне надоечы за сьняданкам, апусьціўшы вочы, запіхнуўшы за шчаку ладны кусман бутэрброда з арахісавым маслам. Я ўсё жыцьцё чамусьці думаў, што яно салодкае, як мёд – усё з-за цукерак грыльяжных, якія так любіў у дзяцінстве (часам, калі ясі гарачае, здаецца, тыя арэхі дагэтуль тырчаць у зубах). І вось яго пачалі прадаваць і ў нас. Дурны мужык, як варан. Яно ж салёнае, гэтае масла, салёнае, быццам шпроты ў цукры. А яе вось хлебам не кармі – дай паласавацца. Хітрая.
Сьнедалі таропка, як заўсёды. Грымела музыка, мы заўжды гучна ўключаем музыку, калі хочам пагаварыць, музыку бяз словаў – і тут яна прызналася мне, што хацела б, каб яе звалі зусім, зусім іначай. Яна гаварыла з поўным ротам, гаварыла, плакала і жавала, бо і не прызнацца не магла, і страшна было, а калі пражоўваеш словы, то і адказнасьць за іх нібыта ўжо меншая. Толькі дзеці гэтак умеюць. Так і не сказала, якое з імёнаў падаецца ёй прыгожым. Але я бацька, я ведаю і безь яе, мне паложана. Ведама ж, яна хацела б, каб яе звалі… Ну, напрыклад, Ярына. Ці Карына. Ці Аксана. Красанна. Сьняжана. Крака-срака-жана. Язык зламаць можна. Вымаўляючы іх, як ніколі выразна адчуваеш, што яны – ня нашы, адчуваеш, як супраціўляецца ім артыкуляцыйны апарат, які ў нас генэтычна не наладжаны на аднаўленьне такіх грубых нотаў. Не прыстасаваны да вымаўленьня ўсіх гэтых неймаверных, чужацкіх, пошлых – не, не імёнаў: мянушак, прыдатных хіба для таго, каб клікаць сабакаў. Мяне ажно перасмыкае, калі я ўяўляю сабе, што яна, мая дзяўчынка, мая сіямская Сіа з цудоўным папірусам у тонкіх руках, магла б бегчы да мяне па вуліцы гэткай карынай на камбікорме, гэткай сьняжанай з адкрытай усім вятрам шыяй, гэткай аксанаю ў аксаміце. Не бываць гэтаму. Я сказаў.
Я, бацька.
Я памятаю, як я даў ёй імя. Гэта было прынцыповае пытаньне, каб яно трапіла ў пашпарт менавіта ў такім выглядзе. Тады нам з табой здавалася, што толькі такім чынам, нікога не баючыся, яна, Сіа, зможа данесьці свой папірус – з гонарам, не хаваючыся ні ад кога. Цяпер я быў бы больш асьцярожны. Але тады я прыехаў, поўны рашучасьці і нейкай надта ўжо здаровай злосьці, апрануты як на вясельле. На вясельле маёй Сіа – у нейкім сэнсе гэта і праўда былі яе першыя заручыны са сьветам. Каб мяне выслухалі і ня выпхалі ў каршэнь, я мусіў выглядаць рэспэктабэльна. Я нават вычысьціў зубы, нібы зьбіраўся да дантыста. Я завязаў гальштук. Я вышчыпаў валасы ў носе. Малады бацька, дастаўнік гарматнага мяса і сьвежых яйцаклетак да двара яго вялікасьці.
Тут усё было прадумана. Дом рэгістрацыі грамадзянскага стану быў падобны адначасова на перакуленую ванначку для немаўлятаў, вясельны торт і магільны ўзгорак. Менавіта сюды давала свае справаздачы сьмерць, але толькі тая, што прыпісаная да нашага раёну. Менавіта тут прымала роды ўсемагутная папяровая акушэрка – але толькі ў тых, хто з нашага раёну. У іншых былі свае парафіі.
Я прыехаў перад самым закрыцьцём. Тут нядаўна зрабілі рамонт, бязьлюдныя калідоры наводзілі на думкі пра падзеньне нараджальнасьці і зьніжэньне фэртыльнасьці, пахла тынкам і глыбокім тылам. Я адчыніў дзьверы – яна сядзела пад гербам, як пад горбам. Зьбіралася сыходзіць, чысьціла пер’е.
“Сіма?” – перапытала яна абыякава. – “Сіта? Серафіма?”
Сіа, мая ты жэншчына.
“Вы недачулі. Сі-а”.
Яна ўздыхнула, высунула шуфляду і дастала Кнігу.
“Паслухайце, мужчына. Вось якія імёны ёсьць на сэ. Сара, Сьвятлана, Сафія. Сьняжана. Станіслава. Стэла. Сюзана. Серафіма. Ёсьць яшчэ такое прыгожае славянскае імя Стаглава. Як бачыце, імя Сыя…”
“Сіа”.
“…імя Сія ў сьпісе няма”.
“Але існуюць іншыя сьпісы. І ў маёй дачкі адна галава”.
“Дзе вы яго ўзялі?”
Я мог бы зачытаць вам нешта з Кнігі мёртвых. Пагатоў гэта па вашай спэцыяльнасьці, Крака-срака-жана Анатолеўна. Вы ж таксама пішаце гэтую кнігу. Але гэтага я не сказаў, вядома. Прамаўчаў.
“Навыдумляюць імёнаў…” – сказала яна журботна. – “А дзецям потым усё жыцьцё му-у-учыцца”.