Бацька заскрыгатаў зубамі. Гарэлка дагарала ў ягоным нутры, а падкінуць дроваў не было як. Заўтра. Ужо заўтра. Хутчэй бы прачнулася гэтае нікому не патрэбнае мястэчка. Хутчэй бы зноў пайшоў час.
Ён лёг тварам на падушку.
А дзе ж твая дочка?
Думкі пра Лёсю былі лёгкія і крывавілі, і ён аддаўся ім з салодкім болем – і вось ужо дазволіў Лёсі самой стварыць сабе навакольле. Ён ляжаў і прыдумляў Лёсі будучыню.
І пакрысе перад ім узьнік вобраз вялікага гораду, дзесьці за мяжой. Ён уявіў, як Лёся, ужо зусім дарослая, можа быць, студэнтка, апранутая зусім па-замежнаму, прыгожа і трохі неахайна, уся ў цёмна-сінім, стаіць на ўзгорку і ўзіраецца ў каляровую дахоўку сьпічастых стрэхаў. А побач зь ёй хлопец, на выгляд – сапраўдны іншаземец.
Бацька ўявіў іх так ясна, што нават пачуў галасы. Галасы з будучыні. Яны гаварылі па-замежнаму, але бацька ўсё разумеў.
“Беларусь”, – картава кажа гэты малады замежнік, выцягнуўшы вусны трубачкай. – “Што ты рабіла там, на радзіме? У цябе там бацькі?”
“Так”, – ківае Лёся. – “Бацька. І брат”.
“А маці? Чаму ты маўчыш? Добра, маўчы, калі хочаш…”, – кажа хлопец, уважліва разглядваючы Лёсю. – “А што ты рабіла на радзіме? Чым займалася?”
“Спачатку я маўчала і хадзіла ў школу. А потым лячылася”.
“Чаму ты маўчала? Ты маеш на ўвазе – ты была маўклівая? Як жа ты яшчэ кепска гаворыш па-нашаму, Лё! Ну, не крыўдуй. Што, праўда маўчала? Чаму?”
“Я маўчала не з усімі”, – кажа Лёся, зь цяжкасьцю расьціскаючы вусны. – “ Я гаварыла з бацькам”.
“Ён біў цябе? Гвалціў?” – пытаецца ён пасьля доўгай паўзы.
“Не. Ён сьпяваў са мной”.
“Прабач. Я не хацеў сказаць благога пра твайго бацьку. А чаму ты не гаварыла зь іншымі?”
“Мне было нельга. Быў Язык. Усе гаварылі на Языку. Бацька сказаў, што нам нельга гаварыць на Языку. Таму лепш было маўчаць. Яны думалі, што я зусім ня ўмею гаварыць”.
Ягоны твар апынаецца зусім блізка ад ейнага. Ягоныя вочы такія наіўныя, думае бацька. Ён гатовы паверыць ва ўсё.
“ І што было потым? Ад чаго ты лячылася?”
“Ад маўчаньня”.
“Ах, ну што за лухта”, – ускліквае ён з палёгкай. – “Вечна ты са сваімі загадкамі. А цяпер ты гаворыш на Языку? Можаш на ім гаварыць?”
“Навошта?” – не разумее Лёся. – “Цяпер я гавару з табой. Нашто нам Язык?”
“Добра, а потым? Што было потым? Цябе вылечылі?”
“Потым бацька забраў нас. Мы доўга ехалі, потым ішлі празь лес і сьпявалі. І вось я тут”.
“Паслухай, не прыкідвайся”, – злуецца хлопец. – “Ты добра гаворыш па-нашаму. Ты лепш за ўсіх скончыла курс”.
“Тое, што я кажу, праўда”.
“Паслухай, Лё, я усё-ткі твой жаніх. І я цябе каха-а-ю”…
“Ну, добра”, – кажа Лёся, недаверліва вывучаючы ягоны твар. – “Калі хочаш, я нешта табе раскажу. Але я ня надта люблю пра гэта згадваць”.
“Ты хочаш расказаць мне пра сваіх мужчын?”
“Які ж ты дурны”, – моршчыцца Лёся. – “Адзін сэкс у галаве. Не. Не пра мужчын. Пра тое, што я прачытала аднойчы, калі да мяне трапілі рэчы майго бацькі.
Тады я мела іншае імя. І вакол былі зусім іншыя людзі.