Тут гара варушыцца, выцягвае тры шыі, лупае шасцю вачыма, і паны цямяць, што перад імі сам Цмок. Уга, якое страшыдла. Сядзіць, наладаванае рэпаю, дый думае, дзе б якой паненкай закусіць. От жа мярзотнік. Ну, пачакай, зараз шляхта дасць табе дыхту, дажджэшся, страшнік.
Пан ды пан Заблоцкі нейкі час стаяць у нерашучасці, адно дзівяцца: ну ж і страхотная праява, авохці! Уссела проста на дарозе, дзе людзі паспалітыя ходзяць ды ездзяць. Але ж і заядацца з ім неяк не выпадае, усё-такі разам выседжвалі з яйка, значыцца, ёсць у гэным стварэнні нешта панскае. Пан Кубліцкі будзе яму казаць гэтак далікатна:
— Сыдзіце, проша пана, тут няможна!
А гэтае страшноцце на лагодныя словы й не шманае, ані. Адно чэрава пагладжвае, нячысты дух. Прыкінуўся, што на адно вока глухаваты, на адно вуха слепаваты. Пан Кубліцкі пачынае яго ўшчуваць, згадваючы закон:
— Гэтак, як пан Цмок робіць, рабіць няможна. Нельга есці чужую рэпу ды ясных паненак, і ў статуце гэтак запісана... На гэта Цмок лена адказвае:
— Ваш сабачы статут не для мяне, бо ў мяне іншаземны пашпарт.
Ды зноў храпе, ажно мост пад ім, гадам, трасецца.
Пан Заблоцкі, гэта ж такі гарачы. Ён жартаў не любіць. Ён натапырвае вусы, ссоўвае бровы ды рыкае грамавым голасам:
— Прэч з дарогі, галгане!!!
Але Цмока не надта выпужаеш, ён ужо пужаны. Засквярыў, засіпеў, бы гадзіна падкалодная:
— Маўчаць, пакуль зубы тырчаць! Ды як свісне!
Пасля таго свісту ў паноў пачынаюць дробненька калаціцца калені ды цакатаць зубы. Даволі паспешна яны адступаюць за пагорак ды займаюць абарончую пазіцыю ў вербалозе. Тут яны зноў смелыя.
— На двабой, — кажа пан Заблоцкі, — хама, памаўзліўца выклікаю! Шукайма секундантаў.
— Які з гэтакім двабой? — сумняваецца пан Кубліцкі. — Ён мо й не ведае, з якога канца за зброю брацца. Зусім не шляхетная натура. Тым часам да ракі спускаецца з вёдрамі бабка Параска. Паны крычаць, паказваюць ёй на мігах: не хадзі, бабка, бо наложыш галавою, там жа гэтая заваль ляжыць. Бабулька аднак смела набліжаецца да Цмока, а той касавурыцца на Параску, але не спяшаецца яе глытаць, не панаравіў яе, ці што.
— Авой, якое паскудства, — дзівіцца бабуля. — А вы б яму, хлопчыкі, у пысу, у пысу! Чаго ён тут разлёгся?
Паны не разумеюць.
— Ну, гэта самае, па зрапачах яму, — раіць бабка Параска.
— Як гэта — па храпачах? — зноў не цямяць паны.
— А во гэтак, — паказвае бабулька. Ды пачынае каромыслам поркаць у Цмокаў карак. Паны бачаць, што бабка не баіцца, — і спяшаюцца на дапамогу, адзін з качаргою, другі з чапялой. Утрох добра такі надавалі Цмоку ў каршэнь, сапхнулі з моста. Той раве немым голасам, падскоквае да нябёсаў ды дае драла, плачучы. Ляціць у пракаветную пушчу да сваёй матулі, Куры Шчабятуры, ды пачынае ёй жаліцца на всаю гаротную долю.
— Пакрыўділі цябе гэтыя здаровыя бамбізы, суцяшае яго Кура Шчабятура. Ну, не плач, дзіцятка. Хадзі да мамкі пад крыльца.
Паны доўга радуюцца з нагоды перамогі, вяртаюцца да сваёй хаціны ды ладзяць вялікі баль. На той баль запрашаюць адбароненых ад Цмока паненак дый бабку Параску таксама. Пан Кубліцкі просіць яе пайсці да іх у ахмістрыні, але бабка Параска адмаўляецца.
— А хто дзеда будзе глядзець? — кажа. — Вы ўжо выбачайце, паночкі, я загасцявалася, трэ бегчы дахаты. Баюся, каб дзед не стаў бурчаць.
Вось дык дзіва — Цмока не спужалася, а дзеда баіцца!
ПАСЛЯСЛОЎЕ
Вось я распавёў вам пра неверагодныя прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Казаў, як было, не маніў, ані. Каб я надумаўся прылгаць, дык прыдумаў бы ў гэтай аповесці іншы канчатак. Я б напісаў, што паны перавыхаваліся, развіталіся са сваім шляхецтвам ды ўступілі ў калгас. Вядома, бывае і такое, свет вялікі. Але мае паны засталіся тымі, што й былі, адно што пыхі ў іх крыху паменела, ды сёе-тое рукамі рабіць наўчыліся. А без іх, гэткіх шалапутаў, сумна сталася б, хіба не праўда?
Зрэшты, і пасля вялікае бойкі з паганым Цмокам паны не раз траплялі ў розныя авантуры. Буду жывы-здаровы — распавяду. І пра тое, як пан Кубліцкі жаніцца надумаўся, а пан Заблоцкі хадзіў у сваты. Пра тое, як паны вандравалі вакол зямное кулі. Як яны здабывалі ў балоце закляты скарю, як сустрэліся з касмічным прыхаднем і як ладзілі баль у гонар высокага госця, тамтэйшага караля Гарбуза Васемнаццатага... Але гэта — наступным разам. А пакуль што канец. Як той казаў: дзве дзюркі ў носе — і сканчылося. Затым заставайцеся здаровы.
ГАСПАДАРКА ПАНОЎ КУБЛІЦКАГА ДЫ ЗАБЛОЦКАГА
Казачная аповесць
ПЕРАДМОВА
Ці чулі вы, шаноўныя чытачы, пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага?
Ці не тыя гэты паны, што на двух адны штаны; хто раней устае, той іх адзяе?