Вядома, чулі, адкажаце вы. Бо чыталі аповесць «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага», аўтар якой цяпер размаўляе з вамі. Ведаеце, што паны былі дужа ахвочыя да ежы; елі — што ў бяздонны мех тапталі. Дзіва што гаспадарка ў іх звялася на нішто. Гаёк, палеткі, паша, статкі, птаства — усё ляснула з-за непамернага панскага апетыту. Засталася на дваіх адна хацінка ды лапік зямлі пры ёй.
Але паны, як вы ведаеце, не вялікія былі ахвотнікі ў зямлі корпацца. Іх усё цягнула да розных авантураў. Вечна шукалі сабе гуза на галаву — дзіва што, шляхецкая ўрода! Яны і ў паход хадзілі, маючы адну стрэльбу на дваіх, пражаным гарохам па ворагах стралялі. Яйка з-пад Куры Шчабятуры наседжвалі, паганага Цмока ваявалі. Былі і ў заробках у знакамітага астранома пана Кіндзюшкі — марскіх кароў пасвілі, месяцовых гусей даглядалі.
Нарэшце ім гэтая мітрэнга збрыдла, захацелася спакою. А які спакой, калі ў хаце ды на надворку парадку няма? Была ў іх калісь служка, дзеўкай Дрыпай звалася. Яна карову мела, паноў сырадоем паіла, поліўку з мухамораў на вячэру ім варыла. Але што паробіш? Закахалася дзеўка Дрыпа ў нейкага цара Максіміляна ды пайшла ў прочкі — жаніха свайго шукаць. Ізноў засталіся паны адны. Калісьці адзінае рамяство іхняе было — шляхецкае: на вараным коніку скакаць, шаблячкай махаць, лютага ворага перамагаць ды яшчэ мёд-піва смактаць, кумпякі ды шынкі ўмінаць, паляваць, баляваць, з яснымі паненкамі амуры круціць. Але настаў час ліхі — ніхто за шляхецкае рамяство грошай не плаціць.
Давялося ім вучыцца іншаму рамяству. На пачатку не надта ў іх атрымоўвалася.
Пан Заблоцкі паспрабаваў быў сані майстраваць. Толькі пачаў полаз гнуць, як жардзіна саскочыла ды — бэнц! — проста пану ў лоб!
— Што гэта? — будзе пытацца, ачомаўшыся, пан Заблоцкі. — Дзе я быў? Венеру бачыў, Воза бачыў, Млечны Шлях бачыў, усе зоркі ў небе бачыў?
— Ды гэта ў пана з вачэй іскры пасыпаліся, — спакойна тлумачыць пан Кубліцкі.
Вух, як узлаваўся пан Заблоцкі, вух і папалаяўся! А пан Кубліцкі ціхенька рагатаў, назіраючы, як гуз на ілбе пана Заблоцкага мяняе колеры — з чырвонага сіні робіцца, зялёны, жоўты... Не гуз, а нейкі грыб вясёлкавы.
Але дарэмна пан Кубліцкі насміхаўся. Яму яшчэ меней у рамёствах пашэнціла, чымся пану дружбаку. Пан Кубліцкі надумаўся ганчарствам заняцца — гаршкі ды місы ляпіць на ганчарным коле. Але й тут непярэліўкі — першаму ж купцу не дагадзіў, што ў яго гаршчок набыў. Зазлаваў ён, што гаршчок дзіравы, дый разбіў яго аб пана Кубліцкага галаву. Тут ужо пан Заблоцкі рагатаў нема. А пан Кубліцкі, паглядзеўшы карагод зорны, загадаў падаць яму паперу і атрамант — скаргу пісаць станавому прыставу. Але падаць паперу й атрамант не было каму, дый, сказаць па праўдзе, не вадзіліся такія рэчы ў маёнтку ў паноў. Так справа й скончылася нічым.
Добра яшчэ, што тутэйшы гаспадар, Ахрэм Верацённік, нараіў панам рэпу сеяць. Балазе, у паноў яшчэ зямелькі валокі з паўтары засталося. А насенне ў бабкі Параскі здабылі. Тут ужо ім пашчасціла як мае быць — урадзіла рэпа. Звазілі яны ўраджай у Смургоні, прадалі, атрымалі прынажытку колькі талераў...
На гэтым я мог бы ўжо скончыць сваю показку, не пачаўшы яе як след. Можна было б збаяць, што паны купілі насення, ізноў пасадзілі рэпу, ізноў сабралі ўраджай, ізноў пасадзілі...
Зарабілі грошай, сталіся заможныя, знайшлі сабе нявест багатых, згулялі вяселлі... і стоп. На вяселлі, як вядома, усе казкі спыняюцца.
Але каб жа так... Увесну, калі трэ было ехаць у Смургоні па насенне, паны раздумаліся, пачалі аглядаць свой палетак і вымышляць. А калі паны вымышляюць, дык нешта ж будзе. Нешта такое, пра што варта распавесці асобна.
ПОКАЗКА ПЕРШАЯ ДЗІВОСНАЕ НАСЕННЕ
А было ж тое даўно... Калі жук рыкаў, а карова лятала, варона кувала, а зязюля каркала, і калі ў вёсцы смаленую кабылу смажылі... Вох, пра што гэта я? З чаго гэта пачыналася? А, ну так — была ў паноў служка, дзеўка Дрыпа, а пасля сышла ад іх.
Служкі няма — дык паны дадумаліся адзін аднаму прыслугоўваць падчас ежы. Сёння абедае першы пан Кубліцкі, а пан Заблоцкі, значыцца, за ахвіцыянта, павесіўшы цераз руку ручнік.
— Ну, — будзе казаць пан Кубліцікі, — што ў нас сённяка на абед?
— На абед у нас сённяка салата з рэпы, поліўка з рэпы, беф-строганаў з рэпы, кава з рэпы...
— Вунь як... уздыхае пан Кубліцкі. — Бык строганы з рэпы... А што на дэсерт?
— А на дэсерт — марожаная рэпа.
— Вось так яно вось: рэпа і рэпа... — задуменна кажа пан Кубліцкі. — А гады ідуць...
Пан Заблоцкі задуменна на яго глядзіць і думае: што наўме ў гэтага шалапута?
— Хочацца, бачыце, нечага такога... — няпэўна кажа пан Кубліцкі і пстрыкае пальцамі.
«Гэта ж ён жаніцца надумаўся! — здагадваецца пан Заблоцкі. — Раней за мяне! Не, братка, дулю табе, а не жаніцьбу! Ажаніся з кабылай сухарэбрай...»
А ўслых ён кажа:
— Чаго ж гэта пану заманулася? Марцыпанаў з гэрцамі?
Пан Кубліцкі летуценна пазяхае, прымружвае салодка вочы й цягне голасам, салодкім, як патака:
— Кілбасаў хочацца, пальцам пхатых... Кумпякоў вэнджаных... Булак з макам. Ламанцаў хачу, ласіных губ з мёдам, заечых вушэй марынаваных, рыжыкаў са смятанаю... А яшчэ хачу бананаў, аранжыкаў, папайі, мамайі, маракуйі, авакады і груздоў салёных з цынамонай...
І доўга яшчэ марыў пан Кубліцкі, пакуль пан Заблоцкі не паляпаў яго па спіне, так, што сябрук сагнуўся, як крук. — То ж дзе пан набярэцца гэтага дабра? У нашым агародзе адно рэпа расце...
— У тым і рэч, — кажа пан Кубліцкі. — Трэба не рэпу сеяць, а кілбасы, булкі, кумпякі. Тады будзе чым увосень паласавацца. Галоўнае — добрае насенне здабыць. Пан Заблоцкі паглядзеў на дружбака, пакруціў левы вус і нічога не прамовіў. Але сам падумаў: «Глядзі ты! Дурны-дурны, а сала любіць! Гэт! Да такога дадумаўся!» Неспакойна спалася ў ноч пасля тае размовы панам. Пану Кубліцкаму сніліся кілбасы і шынкі, якія растуць у зямлі, нібы морква, толькі за вяроўкі іх выцягвай. Пан Заблоцкі зусім не спаў — варочаўся з боку на бок і ўсё думаў пра тое, як выратаваць новы ўраджай ад драпежных птушак, валачашчых сабак і ляснога звяр'я.