— Хачу!
— А я і не ведаю, браце... Нам, каб вярнуцца назад, трэба адшукаць нашага Косю ды добра падумаць... Ідзі пакуль, пагуляй з хлопцамі... А я пайду жарабя шукаць, — сказаў Карней, а сам падумаў, што, мусіць, аднарог за гэты час вырас у сапраўднага каня. Нясцерпна захацелася хутчэй яго ўбачыць. Ці пазнае свайго колішняга гаспадара? Зрэшты, невядома, хто кім валодаў?.. Гэта жарабя прывяло яго сюды, перайначыла жыццё, прымусіла жыць на раздарожжы, выбіраючы паміж мінулым і будучым.
13
Карней выйшаў на вуліцу, няспешна пакрочыў, прыглядаючыся да сустрэчных людзей, будынкаў, прыкідваючы, дзе чыя хата раней стаяла. «Здаецца, тут была Вользіна хата, побач — Аленіна, далей — Тэкліна, — узгадваў ён сабе. — А дзе ж мая дамоўка? Ні халеры не разбярэш, вуліцу перакроілі. Ні саду майго, ні явара ў канцы агарода! Шкада, а я ж па адным дрэўцы з райцэнтра вазіў. Па тры гатункі на яблыню прышчэпаў рабіў...» Задуменны, ён і не заўважыў, як перад ім узнікла дзяўчына ў блакітна-ружовым шчыльным камбінезончыку.
— Добры дзень! — бадзёра прывіталася яна.
Карней паглядзеў на дзяўчыну і вачам сваім не паверыў: перад ім стаяла юная Васіліса.
— Вы не помніце мяне, а я вас даглядала, калі вы лячыліся ў цэнтры...
Карней пільна ўзіраўся ў твар дзяўчыны, толькі адно адрозненне знайшоў. У Васілісы не было чорнай радзімкі злева над верхняю губою, значыць, гэта была не яна.
— Як ваша імя? — спытаў Карней.
— Гарыслава, — адказала яна. — Можна проста — Слаўка. Клічуць, хто як хоча. Мой муж, калі раззлуецца, называе Гарынычам. Я не крыўдую, няхай хоць гаршчком хрысціць, абы ў печ не ставіў. Ведаеце, мае продкі з гэтых мясцін. Прадзед, хоць і жыў часова за мяжой, куды яго вывезла маці з айчымам, як толькі дасягнуў паўналецця, вярнуўся на радзіму. Ён быў добрым доктарам. Па традыцыі гэтай справай ў нас займаліся дзед і мой бацька, які выйграў тэндар на будаўніцтва тут рэабілітацыйнага цэнтра. Ад былой вёскі да таго часу тут і следу не засталося. Па сутнасці, мы заснавалі новы Вырай. Цудоўная назва, праўда?
Карней слухаў маладзіцу і думаў, была б тут зараз Леакадзія Максімаўна, яна б ад шчасця памерла: нашы нашчадкі захавалі беларускую мову і цудоўна ёю карыстаюцца!
— Вы цудоўна размаўляеце па-беларуску, — пахваліў Гарыславу Карней. — І доктар, што мяне лячыў, — таксама...
— Мы ж беларусы! Дзіва! Як жа можна іначай? У нас усе толькі так і размаўляюць!
Карней не мог адарваць вачэй ад твару маладзіцы, быццам не яна, а Васіліса зараз усміхалася яму маладымі вуснамі.
— З якога роду ваш бацька, як яго прозвішча? — спытаў ён.
— З Леснякоў мы. У мяне ёсць радаводнае дрэва, зараз пакажу.
Яна дастала маленькую скрыначку, панаціскала кнопкі, нібы гартаючы старонкі, і паказала Карнею. Ён здзівіўся, што бачыць такія маленькія літары, і зразумеў: зрок яму таксама вярнулі. На самым версе радаводнага дрэва красаваліся імёны Трахіма і Аксінні — гэта былі ягоныя бацькі, далей ішлі Карней і Васіліса, а ўнізе яшчэ пяць пакаленняў... Іван учытаўся ў імёны. Нараджаліся пераважна хлопцы, усе сем’і былі нешматдзетныя, найчасцей — адно дзіця, род не надта пашыраўся. Ён міжвольна падумаў, што хлопчыкі нараджаліся, як на вайну.
— Вось усё, што мы знайшлі. Пазнейшыя дакументы не захаваліся, — са шкадаваннем заўважыла маладзічка. — Зрэшты, у нас ёсць музей, вунь той двухпавярховы будынак. Мы паставілі яго на падмурку старой школы. Там можна пазнаёміцца са звесткамі пра гэтае селішча з пятнаццатага стагоддзя. Археолагі даследавалі нашы курганы і перадалі нам трохі матэрыялаў, якія датуюцца прыкладна пятым тысячагоддзем да нашай эры.
Карней усміхнуўся і прамовіў:
— Я твой прапрадзед, Гарыслава. Ты вельмі падобная на маю жонку Васілісу. Трахім і Аксіння — мае бацькі. А ў мяне былі дзед Міхалка і баба Хрысціна па матчынай лініі ды дзед Васіль і баба Адарка — па бацькавай. Гэта я табе кажу як жывы сведка, без усялякіх папер, можаш паверыць мне на слова.
Цяпер ужо Гарыслава ўтаропілася ў Карнея і пазірала, як на прывід. Вочы яе выпраменьвалі недавер, і яна сказала насмешліва:
— Вы маніце... Я не веру ў казкі і перасяленне душ...
— Хочаш вер, хочаш не вер, дарагая мая прапраўнучка, але так яно ёсць на самой справе. Я трапіў сюды з далёкага мінулага з дапамогаю аднарога і хачу вярнуцца назад. Чужы я тут і не патрэбны...
— Што вы, спадар Карней! Прашу вас, не крыўдуйце! Я шчаслівая мець такога прыгожага і маладога прапрадзеда! Хачу пазнаёміць вас з маімі сынамі. У мяне іх двое. Аднаго завуць Трахім, другога — Карней! Бацька паехаў на сімпозіум у Амстэрдам, прыедзе праз тыдзень, тады я вас і з ім пазнаёмлю. А жыву я тут, у гэтай хаце. На жаль, спяшаюся на працу. Заходзьце ўвечары. Мае дзеткі са школы вернуцца, і муж будзе дома. Але, мусіць, ён не паверыць, што вы з мінулага... Нават калі вы ўсё гэта прыдумалі, я буду рада пазнаёміць сваю сям’ю з пацыентам, над якім мне давялося шмат папрацаваць. Вам жа вырасцілі новую печань, лёгкія, нырку і шмат што яшчэ, — яна хітравата ўсміхнулася. — Такая мудрая механіка. Адны зубы чаго каштавалі!
— Дык мае зубы не ўстаўныя? — у сваю чаргу здзівіўся Карней.
— Яшчэ чаго! Зубы ўстаўляць! Смех дый годзе! Растуць яны як міленькія! Галоўнае — добра пасадзіць.
Карней зразумеў, што ён не верыць ёй, а яна — яму. Яны людзі розных эпох і пакаленняў, але ён ужо любіў сваю прапраўнучку, ганарыўся яе розумам і адчуваў, што недарма жыў на свеце і кахаў сваю Васілісу. Яшчэ парадавала тое, што ёсць музей, пра які марылі Платонавіч з жонкаю. Хто сказаў, што мары не здзяйсняюцца? Здзяйсняюцца — няхай сабе і ў пятым калене!
Гарыслава прыязна развіталася з Карнеем, яшчэ раз запрасіла на вячэру і скіравалася да цэнтра рэабілітацыі. Ён пайшоў у бок поплава і раптам твар у твар сутыкнуўся з Іванам Прыблудным.
— Ці ты гэта, Іване? — ускрыкнуў Карней узрушана і нават радасна: як жа, сустрэў чалавека са свайго часу!
— Ну, я... А ты хто? — спытаў насуплена Іван.