Уладзік пагадзіўся не раздумваючы. Доктар націснуў кнопку. На экране ўзнік прыемны твар дзяўчыны. Доктар растлумачыў ёй, дзе трэба размясціць хлопчыка. Праз тры хвіліны дзяўчына была ўжо ў кабінеце, яна прыязна ўсміхнулася юнаму пацыенту і пасадзіла яго ў самаходную каляску.
— Гэта ж сапраўдная машына! — з захапленнем прамовіў хлопчык. — Я на такой мог бы і ў школу ездзіць.
— Ты хутка на сваіх нагах будзеш бегаць, — усміхнуўся доктар.
Калі дзверы зачыніліся, ён рэзка павярнуўся да Карнея і спытаў:
— А што з вамі будзем рабіць, спадар Карней? Няўжо так і збіраецеся дажываць век старым і бяззубым дзедам?
— Не я першы, не я апошні, — разважліва адказаў Карней.
— Вы апошні ў наш час, як ні сумна... Гэта старасць за вас гаворыць, ёй нічога не трэба, яна нічога не хоча. Я падару вам маладосць!
— Ведаеце, каго я найбольш баяўся ў сваім жыцці? Дактароў! З іхнімі ўколамі, скальпелямі і горкімі парашкамі! Нічога больш жахлівага я не ведаў!
— Кіньце згадваць леташні снег. Мусіць, вас бабуля напалохала такімі казкамі ў маленстве, — засмяяўся доктар. — Цяпер нічога падобнага няма! Нанатэхналогіі дазваляюць бескантактна кіраваць працэсамі аднаўлення арганізма.
— Не веру...
— Ну, вы проста як Станіслаўскі...
— Які Станіслаўскі? — перапытаў Карней.
— Быў сотні дзве гадоў таму тэатральны рэжысёр... Карацей, так, Уладзік праляжыць у нас месяцаў шэсць. Можаце вяртацца ў сваю глухамань...
— Паўгода? — засмучана спытаў Карней.
— Так. А што?
— Я ўзяў хлопчыка без дазволу маці, яна якраз захварэла, Уладзік аказаўся без догляду, вось я на свой грэх... — скрушна прагаварыў Карней.
— Не страшна. Мы яе папярэдзім...
— Не зможаце... Прабачце, доктар, я вам мінулы раз сказаў не ўсю праўду. Я зусім не з глухога лесу да вас прыблукаў. Я з гэтага селішча, з Выраю, але з мінулага... Я з іншага часу, доктар. І Уладзік адтуль...
Доктар неўразумела глядзеў на Карнея, быццам перад ім сядзеў псіхічна хворы чалавек.
— Разумею, вам цяжка мне паверыць... Але так і ёсць, — сказаў стары.
— Хіба ў мінулым людзі мелі машыну часу? — насмешліва спытаў доктар.
— Не мелі, але я выкарыстаў чароўную сілу аднарога, — прызнаўся Карней.
— Ну, гэта ўжо зусім казкі.
— Паназірайце за маім жарабяткам, праз колькі месяцаў самі ўпэўніцеся, што гэта за жывёла...
Доктар здзіўлена зірнуў на Карнея, памаўчаў, нешта вырашаючы для сябе, урэшце сказаў:
— Калі вам пашанцавала пераадолець час, дык чаму не скарыстацца новымі дасягненнямі навукі? Няўжо вам не хочацца зноў адчуць сябе маладым і здаровым? Гэта ж натуральнае жаданне! Без Уладзіка назад вы не можаце вярнуцца, вам давядзецца яго чакаць. Дык што вы будзеце тут рабіць столькі часу?
— Бог з вамі! Угаварылі! Што мне губляць?
— Вось і цудоўна! Сядайце ў крэсла! — прапанаваў доктар.
Ён утаропіўся ў экраны і праз некалькі хвілін паведаміў:
— Печань трэба мяняць, левую нырку таксама! Божа мой, які артроз! А што з лёгкімі? Гэта ад тытуню?