— Ах, каб пан Станіслаў прапанаваў збегчы з ім хоць за мора, то не стала б і думаць — паляцела б! Але ж не ўсе тыя жэняцца, што любяць і кахаюць. Вось скажы, якія чары патрэбны, каб сэрца ператварылася ў лёд? І птушцы адной нудна, а ты ні на каго і не глядзіш, нікому не ўсміхаешся, танчыш рэдка. Не пашанцуе твайму нарачонаму. Дарэчы, хоць што-небудзь пра яго ведаеш?
— Бацька з маці ўчора гаварылі пра гэта.
— Чаму ж маўчала? Ну, расказвай! Хто такі?
Катажына паціснула плячыма.
— Яшчэ не ведаю. Нас пакажуць адно аднаму на балі ў пана Жывіцкага. Дамову такую нашы дзяды заключылі, а бацькі павінны выканаць.
Тым часам дзверы зноў адчыніліся, і ў пакой прасунула галаву Глэся.
— Панна, — звярнулася яна да Катажыны, — там краўчыха прыходзіла. Тканіну і новыя ўзоры прынесла.
— Скажы, каб не чакала: заўтра сама да яе заеду. А табе, Глэся, колькі разоў гаварыла, каб стукала, перш чым уваходзіць!
Глэся прамаўчала.
— Панна шмат чаго гаворыць, — ціхенька буркнула яна, але гаспадыня і госця пачулі.
— Хамка! — выкрыкнула Багдана. — Табе трэба язык адарваць, каб менш рот адкрывала! Глядзі, а то паскарджуся пану, і ён загадае цябе розгамі пакараць ды адашле на кухню!
Глэся пабялела і спужана пачала лапатаць:
— Панначка, залаценькая, пашкадуй! Я больш слова благога не скажу! Панначка даражэнькая...
Яна павалілася ў ногі шляхцянкам.
— Глэся! — не вытрымала Катажына. — Зараз жа падыміся і змоўкні!
Глэся падскочыла і апусціла вочы.
— Адпусці краўчыху і прынясі мне нарэшце маю сукенку!Служка кіўнула і, шморгаючы носікам, выбегла з пакоя. Яна вярнулася з вялікім пакункам і нават не паглядзела на шляхцянак. Калі яго разгарнулі, Багдана вохкнула.
— Прыгожая, — уздыхнула яна. — Вось чаму табе мая не спадабалася. З чыіх накідаў краўчыха рабіла?
— З маіх.
— Прыдумаеш і мне што-небудзь?
Катажына ўсміхнулася і кіўнула ў знак згоды.
— Апрані! Я хачу паглядзець. Глэся, ідзі дапамажы гаспадыні.
Сукенка сапраўды была вельмі прыгожая. Не было ніводнай лішняй дэталі, і ўсё, што прысутнічала, — ад самай маленькай складачкі да вышыўкі — надавала яшчэ большага хараства. Багдана стаяла і не верыла вачам, быццам перад ёй была не Катажына. Светла-шэры колер са срэбным адлівам да прыполу пераходзіў ад святлейшага да больш цёмнага, і складвалася ўражанне, бы яна ўздымаецца па-над зямлёй. Уся ўвага канцэнтравалася на дзіўным, нават незвычайным спалучэнні колеру сукенкі і бляску шыкоўных рудых валасоў, якія былі акуратна сабраны ўверсе і адкрывалі доўгую белую шыю. Плечы агаляліся зусім трошкі, тонкі стан ахапіў чорны гарсэцік, вышыты срэбнымі ніткамі. Драбнюткія кветкі руж перапляталіся з галінкамі язміну, што слаўся па баках плаўнымі стужкамі. Гэтыя кветкі распускаліся, квітнелі і закрывалі бутоны, калі даходзілі да шва паміж гарсэтам і спадніцай. Багдана стаяла ў захапленні, а Глэся ж круцілася каля гаспадыні і вохкала.
— Ой, панначка, а верасок і ў цяньку зацвітае. Калі б я была вашым бацькам, то адразу такую павяла б пад вянец. Час вам жонкай нечай стаць.
— Што ты такое гаворыш, Глэся! — засаромелася Катажына.
— Праўду кажу, панначка, — не саступала служка. — Над вамі душа нечая лётае, якая маці сабе шукае. Значыць, у дзіцё хутка ператворыцца, а яно без мужа не бывае.
— Бывае, — хіхікнула Багдана.
— Але не ў маёй панначкі, — запярэчыла служка.
Багдана абурылася:
— Брашы, ды не кусай!