Шляхціц глыбока ўдыхнуў паветра, і галава з залацістымі пасмамі валасоў схілілася на калені сябра. Феліцыян закрычаў, падняўся з зямлі і ўбачыў Пяшкевіча, які разгублена пазіраў на яго.
— Ты! — Офенберг намацаў стрэльбу і крок за крокам пачаў набліжацца да спуджанага паніча.
Грымнуў стрэл, і поле зацягнула дымам. Феліцыян ляжаў на халоднай зямлі і адчуваў млявасць па ўсім целе. У левым баку, амаль там, дзе калацілася сэрца, балюча пякло, быццам нехта прыклаў да скуры гарачае вуголле. "Няўжо паміраю?" — падумаў ён. Так хацелася ўстаць і пайсці далей, адпомсціць за сябра, але вочы засцілаў туман. Панічу на момант здалося, што ён ляжыць у жытнім полі. Перад вачамі з’явілася Зуліся, схілілася над ім і ўсміхнулася. "Зноў твая варажба, красуня. Уратуй мяне, чараўніца", — падумаў шляхціч.
Частка ІІ
***
Халодная падлога касцёла здавалася Катажыне кавалкам лёду, які скаваў цяпер Дняпро. За ноч падмёрз бруд, і яго белай коўдрай накрыў нечаканы снег, які, быццам пёркі з крылаў анёлаў, павольна падаў на вузкія вуліцы і дахі дамоў. Ён хутка мусіў растаць, бо так звычайна здаралася на Асяніны, калі на некалькі дзён зямля прыбіралася ў свой святочны ўбор, а пасля зноў пачыналі ліць дажджы.
На вуліцы каля адчыненых дзвярэй кружыліся сняжынкі, і самыя неасцярожныя, што неспадзёўкі заляталі ўнутр, падалі на падлогу, але не таялі. У касцёле, акрамя дзяўчыны, нікога не было, і паветра яшчэ не паспела сагрэцца. Катажына стаяла на каленях перад Дзевай Марыяй і шаптала малітву. Прасіла за бацьку, мачаху і маленькага брата, а яшчэ за Феліцыяна і Якава, каб вярнуліся жывымі.
Катажына ўпершыню сустрэла іх на гэтай плошчы каля касцёла. Хлопцы ведалі адзін аднаго з маленства: Якаў з дазволу бацькі нярэдка прыязджаў да сябра, а Феліцыян гасцяваў у яго. Пан Няміра часцей адпраўляў сына аднаго. Ён не любіў ездзіць у горад, аддаваў перавагу вясковай ідыліі. Пан не зносіў, як ён гаварыў, "сапсаванага гарадскога жыцця", пагардліва ставячыся да рамеснікаў і гандляроў. Першым, з кім пазнаёмілася дзяўчына, быў Якаў Тады яна якраз вярталася з касцёла, калі ў фурманкі, што праязджала міма, адляцела кола. Адтуль вываліўся танклявы, з рабаціннем на кірпатым носе хлопец. Ён спачатку разгубіўся, а пасля выцягнуў кола і пачаў біць яго нагамі. Катажына не ўтрымалася і пырснула са смеху.
— Калі б вы былі мужчынам, шаноўная спадарыня, — прамармытаў ён, прытрымліваючы прывязаную да пояса шаблю, — то я не дараваў бы гэткай абразы.
Дзяўчына перастала смяяцца і адказала:
— А вы ўявіце, што я — мужчына, толькі ў спадніцы.
Яна агледзелася і заўважыла дзве палкі каля сцяны суседняй крамы. Дзяўчына ўзяла адну, а другую прапанавала хлопцу:
— Пакажыце, чаго варты ваш гонар, шаноўны!
— Якаў Няміра, — пакланіўся хлопец. — Сапраўдны пан, спадарыня, б’ецца на шаблях ці страляецца на пісталетах.
Ён зірнуў яшчэ раз на Катажыну і пачырванеў:
— Ды і не магу я з вамі біцца: мужчыны не носяць спадніц.
Панначка раззлавалася:
— Можаш і будзеш!
З гэтымі словамі дзяўчына моцна стукнула яго па нагах.
— Нападай!
Якаў сціснуў ад болю зубы, але не крануўся з месца. Катажына здзівілася і зноў замахнулася, каб ударыць мяккацелага шляхціца, толькі нехта ззаду схапіў палку і вырваў з рук. Калі яна павярнулася, то ўбачыла яшчэ аднаго шляхціца. Яго чорныя, як вугаль, вочы разглядвалі дзівачку. Погляд быў цяжкі.
— Што, мяне таксама ўдарыш? — спытаў ён.
— Ён не павінен быць такім! Заўсёды трэба ўмець адказваць за крыўду, а то астатнія не будуць цябе паважаць!
— Хто табе гэта сказаў?
Дзяўчына не адказала і вырвала кій у яго з рук.
— Абараняйся!
— У чым я перад табой вінаваты?
— Абараняйся!
— Не буду, — спакойна адказаў Феліцыян. — Ты зможаш ударыць чалавека без зброі?
З гэтымі словамі ён павярнуўся спінай.