І броўкі гэтак фанабэрыста прыўзняла, знаёнца...
Тутэйшыя корвусы, крумкачы звычайныя, азваліся тужлівым крумканнем, нібыта хацелі штось падказаць.
- Затое пра Корвусаў з Крукавіч пад Старавежскам нацягаў шмат, - шэрыя вочы Мацея глядзелі вінавата. - У іх падвойнае прозвішча: Корвус-Дзякловічы. Магчыма, продкі вашага героя. Думаю, вам будзе цікава. А грошай не трэба.
На развітанне Вірынея дадала:
- Дарэчы, дзякую, што прызначылі спатканне тут. Я па вашых раманах і ўяўляла вас на фоне старых могілак.
Каб дзеўка ўсміхнулася насмешна, я б яе ўзненавідзела наноў. Але ўсмешка атрымалася сарамяжнай.
Парачка сышла. Пра яе ў літаратурна-гістарычнай тусоўцы хадзілі розныя чуткі. Не заўсёды добрыя. Нібыта прыгажунька была сэксоткай, і нейкая цёмная гісторыя здарылася з яе першым мужам-актывістам. Здаецца, забілі яго, інсцэнаваўшы няшчасны выпадак. А Саламярэцкі быў крутым айцішнікам, але штось непрыгожае ўчыніў. Скраў праграму, ці банкаўскія рахункі хакнуў - не памятаю. Цяпер прысмакталіся абодва да нейкага гранту, робяць гістарычны сайт, да якога прысабачылі турыстычную рэкламу. Каларытная парачка. Так і просяцца ў персанажы.
Пісьменнік - чалавек бязлітасны. Паколькі дзеўка не выявіла павагі да майго Корвуса, я ствару такую рэальнасць, у якой яна будзе яго апантана шукаць. Свету за ім не пабачыць. Нічога, што яны з розных эпох. Ужыву які-небудзь “элемент фантастыкі”. Ці перанясу рамантычнага Люцыяна ў наш час - яшчэ не вырашыла. А Мацейка хай ад рэўнасці памучаецца.
Галоўнае, фактуркі зараз нагрэбсці!
Матэрыялаў Саламярэцкі сапраўды нацягаў - на тамоў пяць варламшаламаўшчыны... Нават сто баксаў, якія я адклала за ягоныя паслугі, не было б шкада. Але як грошы не ўзяў, давядзецца на знак удзячнасці якісь раздзел рамана даць для публікацыі. А хіба шкада - мне піяр, а хто зацікавіцца, пасля і цалкам раман набудзе.
Калі, вядома, я яго завяршу. Бо пакуль усё рассыпаецца, як з занадта сухога пяску... Не хапае нейкай дэталі.
Дома - алілуйя, субота! - я пачала вывучаць здабычу. Ну, прывітанне, Корвус-Дзякловічы! Герб “Слепаўрон”. Атрымалі пры вялікім князі Казіміры. З пятнаццатага стагоддзя, значыцца. Не самыя радавітыя. Калі Люцыян Корвус - апошні з роду, на ягонай магіле належала раструшчыць каменную пліту з гербам. Разляцеўся б крумкач са скрадзеным каралеўскім пярсцёнкам у дзюбе на шэры друз... Перада мной праходзілі шыхты Корвусаў. Войты, падхаружыя, мечнікі, падпалкоўнікі, стацкія радцы... У васямнаццатым стагоддзі я затрымалася. Цікавая постаць. Жыгімонт Корвус-Дзякловіч, самадзейны батанік, этнограф, астраном, лекар, фізіякрат і хто там яшчэ. Час такі быў, заможныя адукаваныя людзі, у якіх не адмерла прага да ведаў, займаліся адразу ўсім. Не было паняцця вузкай спецыялізацыі. Было жаданне спасцігнуць таямніцы сусвету і змяніць свет да лепшага. Жонка вучонага пана Люцында Карпентэ - з французскага Лангедоку, але толькі напалову францужанка. Маці - з беларускай шляхты, род Аляхновічаў. Займалася акушэрствам. Зладзілі ў Крукавічах шпіталь для бедных, батанічны сад і дэндрарый. Пан Корвус-Дзякловіч перапісваўся з прафесарам Віленскага ўніверсітэта Станіславам Юндзілам. Выкупляў рэдкія расліны. Потым - Жыгімонт раптоўна памірае, пакінуўшы ўдаву з дзіцем, тая выходзіць замуж за суседа, пана Франца Карыбутовіча. Потым пасынак судзіцца з тым Карыбутовічам за спадчыну бацькоў... Захаваліся матэрыялы разбіральніцтва - удавец пан Франц спрабаваў падкупіць суд, ці, як раней казалі, даць панам срэбныя вёслы.
Грукнулі дзверы - муж прывёў з прагулкі сабаку. Валтузня, скрыгат кіпцяў па падлозе, жаласнае скавытанне пад дзвярыма... Ну добра, добра, давай прывітаемся, істотка наша калматая, лінючая... Каб жа ж мопс які, а то аўчара. Сынаў сюрпрыз. Хвастом радасна стукае, быццам Вій праз падлогу ломіцца.
Муж, моўчкі ацаніўшы колькасць раскладзеных вакол кампа папер, прынёс мятнай гарбаты і пайшоў пісаць сваё... А перада мной радаводныя дрэвы вуглавата раслі на аркушах, нагадваючы не дрэвы, а канструкцыі з жалезных пруткоў. Імёны людзей, якіх ніхто ніколі не ўспомніць, павісалі на іх цэтлікамі. Канструктывісцкі лес гісторыі.
Два эпізоды прасіліся ў раман.
Першы. Удзячныя мужычкі ў часы міласэрнага Жыгімонта і Люцынды двойчы спрабавалі спаліць маёнтак і шпіталь. Вядома, у святой упэўненасці, што паны - чараўнікі.
Другі. У 1896 годзе фалькларыст Павел Шэйн запісаў у Крукавічах ад васьмідзесяцігадовага селяніна Карпа Ваўчка мясцовую легенду.
Страшнаватую легенду, праўду сказаць.
Жыў адзін пан, чарнакніжніцтвам займаўся. Святыя дні не шанаваў, вучоным дужа сябе лічыў. Ехаў ён неяк праз лес ды сустрэў прыгожую дзяўчыну, апранутую як шляхцянка, якая зёлкі збірала. Захацеў ён узяць яе за жонку, а тая і кажа: пайду, калі дазволіш мне зёлкі збіраць ды людзей імі лячыць, бо зарок у мяне такі. Пан згадзіўся. Зажылі яны добра. Пані лекавала, хто да яе прыходзіў, і грошай не брала. А ў пана былі два сябрукі, з якімі разам чарнакніжніцтвам займаўся. Надта ім цікава было, хто ж такая красуня. От падпільнавалі яны, як пані ў лес за зёлкамі ходзіць. Бачаць - валасы распусціла, а па іх срэбная раса коціцца ўверх-уніз. І здагадаліся, што жонка іхняга прыяцеля - гаёўка. Дух лясны, які дарам ацаляльніцтва валодае. А ў куфры ў яе, відаць, лекі ад смерці. Падгаварылі яны пана. Як жонка ў лазню пайшла, той скраў ключы і адчыніў куфар. А там у рушніку трава загорнутая. І напісана на рушніку, што сіла гэтай травы такая... Калі цмоку даць - яго знутры разарвець. Калі парадзісе даць - яна лёгка народзіць. Калі мужчыну даць - ён жыццё нанова пачнець. От закарцела пану паспытаць, як гэта - жыццё нанова пачаць. Нарыхтаваў адвару з тае травы, пайшоў з сябруком у леснічоўку. Вып’ю, кажа, а калі кепска будзе, дай мне з іншага кубка тоўчаны рог азінарога, які ад любых атрутаў дапамагае. Выпіў пан, і стала яму косці круціць, цягліцы рваць. Сябрук лекі не даў, а ўзяў ды ўцёк, і нікому нічога не сказаў. Праходзіць дзень, другі... Сталі пана шукаць. Знайшлі ў лесе яго адзежу, вырашылі, што ваўкі нешчаслівага задзёрлі. А сябрук увесь гэты час ягоную жонку суцяшае, пакуль не згадзілася замуж за яго выйсці. Вось сядзяць яны ўтрох: гаёўка, яе новы муж ды трэці з кампаніі. А ў дзверы хтось стукае. Хлапчыска хворы ўвесь, трасца яго трасе, з лахманоў вошы сыплюцца. Ды кажа, што ён гаспадар гэтага маёнтка. Той, што з гаёўкай ажаніўся, загадаў вар’ята з двара гнаць. А другі сябрук узяў калаціну і давай госця біць. Біў, біў дый забіў. Пані потым выйшла паглядзець, бачыць - на шыі хлапца крыжык, які ў яе мужа быў. Прыгледзелася, скеміла штось. Шусь да свайго куфра, адчыніла - а травы няма. Здагадалася яна, што гэта яе муж нябога, ды позна ўжо. Збегла ў лес, і не бачыў яе больш ніхто.
Нейкая страшнаватая праўда хаваецца за гэтай фантасмагорыяй.
Легенду абавязкова трэба выкарыстаць. Магчыма, перанёсшы ў наш час. Вох, і намучаецца ў мяне Корвус...
Я пацерла вочы, натомленыя маніторам. І зноў у адной кампаніі - здрайца, кат і ахвяра... І водгулле легенды пра святую Маргарыту: цмок, якога разрывае знутры, чароўная зёлка, што дапамагае парадзіхам...
Я з уздыхам абвяла позіркам шыхты энцыклапедый ды даведнікаў на паліцах уздоўж сцен, уласнаручна абклееных мною зверху белымі, унізе шурпата-шэрымі шпалерамі. Вось здаецца, у гэтых тамінах мусіць быць усё... А гэта як нерат у мора закінулі. Што выцягнулі, тое і вывучаюць, і здаецца, гэта і ёсць мора... Мае звесткі пра Люцыяна Станіслававіча Корвуса былі адрывістымі, як у студэнта, што на лекцыях гуляў у таньчыкі.
Зрабіць доктара прататыпам галоўнага героя мяне змусіў кароткі ўспамін беларускага паэта, які ў турме-“амерыканцы” ў 1952-м годзе апынуўся ў адной камеры з біёлагам Люцыянам Корвусам па мянушцы Канкістадор. Таго арыштавалі па справе ўрачоў-забойцаў. Габрэям не быў, але зацята бараніў калегаў, што “падпадалі”, і быў прызнаны саўдзельнікам. Прысуд - дзесяць год лагероў. Ці выжыў - невядома. Корвуса прыносілі з допытаў страшэнна збітага. Саджалі ў карцар, дзе можна было толькі стаяць, а перад вачыма міргала зыркая лямпачка. Пасля такога карцару ў чалавека яшчэ доўга ў такт з тым, як міргала лямпачка, заплюшчваліся і адплюшчваліся вочы, і ўсе мышцы твару сціскаліся і расслабляліся. Чалавек вар’яцеў. У Корвуса, аднак, такога не здарылася. Наадварот, спакойна заявіў, што цудоўна выспаўся. І ўсё, што ад яго маглі дабіцца на допытах -лацінскага выслоўя “Conscienta mille testes”. Сумленне вартае тысячы сведкаў. Спадар доктар упарта паўтараў гэта на ўсе цытаванні даносаў і сяброўскіх прызнанняў. Следчыя шалелі. Лічылі за здзек. Корвус яшчэ і лекаваў суседзяў па камеры - без медыкаментаў, рукамі. Здымаў боль. Упраўляў вывіхі. Спыняў кроў. Пасля суда хуткага і няправеднага шляхі паэта і біёлага разышліся.
Згадзіцеся, людзі, якія праяўляюць незвычайную трываласць у экстрэмальных абставінах, чапляюць. Хочацца прасачыць іх лёс. А тут яшчэ падчас блуканняў па Вайсковых могілках натрапіла на помнічак, на якім было выбіта “Люцыян Станіслававіч Корвус”, і не мелася ніякіх датаў. Загадка! Я вырашыла, што Люцыян Корвус стане героем майго новага рамана... І ў пошуках звярнулася да надзейнай крыніцы - стваральніка папулярнага сайта “Дзе-Беларусь”.
І ўсё-ткі, чаму звестак няма? Можа, я раблю якую-небудзь памылку, прычым відавочную?
Я адкрыла файл з успамінамі рэпрэсаванага геолага Уладзіміра Пятровіча Багацько, які адбываў пакаранне там жа, дзе і мой герой. І хутка натрапіла на згадку пра Лук’яна Сцяпанавіча Дзякловіча, ссыльнага доктара, які працаваў у сангарадку Затока.
Корвус-Дзякловічы! Можа, памылка мая ў тым, што я шукала Люцыяна Корвуса, а ён, маючы падвойнае прозвішча, для сяброў прадстаўляўся Корвусам, афіцыйна называўся Дзякловічам, і фігуруе ў крыніцах пад абодвума імёнамі? Неверагодна - але ўсялякае бывае... “Корвус” - гэта ж для эпохі татальнай падазронасці занадта замежна. А ў высылцы ягонае “Люцыян Станіслававіч” цалкам маглі памяняць на прывычнае “Лук’ян Сцяпанавіч”.
Чытаць успаміны былых вязняў ГУЛАГа страшэнна цяжка. Іх аўтары часта людзі інтэлігентныя, якія маглі аналізаваць, што адбываецца. У лагеры, дзе “перавыхоўваліся” геолаг і доктар, меліся ўсе нацыянальнасці... Польскія “акаўцы”, баптысты з Валыні, этап чачэнцаў і інгушоў... Хлопец з Мураму, які ў шаснаццаць гадоў збег з завода на фронт, ваяваў, а пасля быў асуджаны на пяць гадоў лагероў за дэзерцірства з працоўнага фронту... Венгерскія габрэі, чые сем’і знішчылі ў Асвенцыме, а іх, працаздольных мужчын, фашысты сагналі ў атрады і змушалі капаць акопы. А пасля вызвалення ўсіх з тых атрадаў адправілі ўжо ў савецкія лагеры. Ваеннапалоннымі небарак не назавеш. Таму на іх лёс проста... забыліся. Сядзяць - і сядзяць.
А яшчэ з аўтарам успамінаў працаваў адзін пралетарый з Ташкента, слесар трэцяга разраду, якога заграблі за тое, што выпісваў газету “Правда Востока”. У сорак чацвёртым гэты цалкам правільны орган ЦК Кампартыі