Корвус лёгка паціснуў маю руку - мне падалося, ягоныя пальцы пульсуюць.
- Каб я прастымуляваў працэс рэгенерацыі да канца, я проста пазбавіўся б болю зусім. Нервовыя клеткі перарадзіліся б і страцілі адчувальнасць.
- Дык гэта ж лепей! - вырвалася ў мяне. Светлыя вочы Люцыяна глядзелі пяшчотна і вінавата.
- Абсалютная адсутнасць болю - таксама паталогія. Да таго ж працэс дайшоў бы і да псіхікі, мозгу... Зніклі б эмоцыі. Здольнасць ацэньваць падзеі. Нават інстынкт самазахавання. Я ператварыўся б у пачвару, з якой проста небяспечна знаходзіцца побач. Праўда, і скончылася б тое існаванне куды хутчэй. Карацей, я выбраў боль.
- Вы сказалі, што для вас тут п-падрыхтавалі месца... Значыць, ёсць саўдзельнік? - змрочна папытаўся Мацей, які не мог не заўважаць нашых сплеценых рук, але старанна адводзіў позірк.
- Месца вартаўніка закансерваванага Апошняга Прытулку было вакантным, - усміхнуўся Корвус. - А чалавек, у чыёй уладзе даць мне гэтае месца і забяспечыць спакой, не менш за мяне зацікаўлены, каб я заставаўся ценем. Каб не пранюхалі нават сакрэтныя службы. У нас з ім... бартэр.
Люцыян махнуў рукой на паліцы з кнігамі.
- Даследую, пішу... Дзе не спраўляюся адзін з доследамі, раблю замову, іх праводзяць у інстытуце, пад кіраўніцтвам, вядома, майго дзелавога партнёра, і ён высылае мне вынікі. Я аналізую, раблю высновы, фармулюю здагадкі... Артыкулы, манаграфіі... Аддаю не ўсё, наконт цудоўнага амаладжэння - табу, але і так дастаткова.
Што ён гародзіць? Я вырвала сваю руку з ягонай і падскочыла да паліцаў. На ніжняй - з дзясятак кніжак са складанымі навуковымі назвамі, на карэньчыках якіх значылася “Д.І. Каструковіч”.
- Гэта што... ты ўсё напісаў?
Корвус паціснуў плячыма.
- Мне дасталіся плённыя гады.
Я ўспомніла выпадкова пабачаныя кадры з навінаў - тэлевізар увогуле не гляджу, замбаскрынку клятую. Імпазантны маладжавы вучоны з сівымі скронямі, у акулярах у тонкай пазалочанай аправе штось разумнае гаворыць у мікрафон, час ад часу ашчаджаючы публіцы галівудскую ўсмешку.
- Гэтага ж Каструковіча на Нобелеўскую прэмію вылучалі! З тваімі адкрыццямі! Несправядліва! Ты апусціўся да становішча навуковага ценявога раба!
Люцыян працягваў лёгка і сумна ўсміхацца.
- Якая розніца, пад чыім прозвішчам - галоўнае, ідэі ўвасабляюцца, удаецца камусь дапамагчы. Я ж даўно мёртвы. Магчыма, Гасподзь даруе мне мой выспятак Пані Смерці за гэтую працу. Але так доўжыцца не можа. Як дзіця ўпадзе, анёл падушку кладзе, як стары ляжыць, чорт камень дзяржыць...
У голасе не было ні адчаю, ні суму.
- Ты збіраешся пакінуць нарэшце гэтае месца?
- Я застануся тут назаўсёды. У сваёй родавой сядзібе.
За простымі словамі ўгадвалася штось страшнае.
- Я шчаслівы, што змог з табой развітацца.
Нейкі агрэгат у лабараторыі раптам агідна запіпікаў, Корвус імкліва падбег, панаціскаў на нейкія кнопачкі... Выглядаў цалкам здаровым і спрытным.
- П-паслухайце, Люцыян Станіслававіч, вы што, на Вірынеі т-таксама эксперымент ст-тавілі? Гамункулуса свайго задумалі, сачылі за ёй, ад раддому п-пачынаючы? Чаму ж нічога не зрабілі, калі яе акруціў п-прайдзісвет з вашым прозвішчам?
Саламярэцкі заікаўся ўсё заўважней.
- Вы мяне дэманізуеце, шаноўны Мацей, - Корвус нават не раздражніўся. - Я не збіраўся і не мог умешвацца ў жыццё Вірынеі. Калі ўжо сацыяльныя сеткі з’явіліся - так, мог тое-сёе адсочваць. А той Корвус... - Люцыян паморшчыўся. - Спрактыкаванаму псіхатэрапеўту ілгаць марна. Я адразу зразумеў, што мой так званы пляменнік - засланец. І вельмі шкадую, што ў свой час зрабіў памылку: адпісаў табе, Вірынея, сваю спадчыну. Не падумаў, што адразу прыцягну да цябе непатрэбную ўвагу. Дый маці твая ўгневалася б неверагодна. Але бачыш як - ты ўсё роўна цяпер мая спадчынніца. Здараецца, падманшчыкі пераігрываюць самі сябе.
- Дык гэта вы дасылалі мне фанфік на сайт?
- Дасылаў, - неяк па-хлапечы гарэзна ўсміхнуўся Корвус. - Нік, праўда, пазычыў... Дакладней, выкупіў у аднаго твайго фікрайтэра, які вырашыў сысці з фандома. Але аўтар тэксту не я.
- А хто? - недаверліва папыталася я.
- Ты.
Адказ з прысмакам містыкі.