- Ідзіце, Міценька, ваш працоўны дзень скончыўся.
Стары гаварыў спакойна, амаль ласкава, але маладзён чамусь збляднеў і пасунуўся спінай да дзвярэй. Аднак намаганнем волі затрымаўся.
- Паслухайце, мы ўсе спачуваем, што Яўгенія Міхайлаўна так цяжка хварэе. І нашы калегі зрабілі для яе ўсё магчымае... Усё! - маладзён з дыпламатам націснуў на апошняе слова, як кіроўца на педаль трамвая, які вось-вось камусь адрэжа галаву. - Філасофскі камень вы ўсё адно не здабудзеце...
Пенсіянер ласкава ўсміхнуўся, і маладзён выцер чамусь спацелы лоб.
- Хто ведае, Міценька, хто ведае... У Вольгі Барысаўны Лепяшынскай шмат цікавых ідэй было, якія апярэджвалі час.
Суразмоўца абурана ўздыхнуў, але выказацца не наважыўся.
- Запэўніваю, стары маразматык пакіне лабараторыю ў парадку, Дзмітрый Іванавіч.
Маладзён зусім пачырванеў і выскачыў з пакоя, ляснуўшы дзвярыма. Праз хвілю ён спавядаўся калегу, сіваватаму пульманолагу, па дарозе да аўтастаянкі - абодвум належала дабірацца ажно да Мінска:
- Ну і страшны дзед гэты Корвус! Не паверыце, Пятро Пятровіч, хачу нарэшце паставіць яго на месца - і язык прыліпае. Уцячы карціць. Я - загадчык лабараторнага цэнтра рэспубліканскага дыспансера, а адчуваю сябе, як хлапчук, што нашкодзіў. Насланнё нейкае!
Пульманолаг спачувальна ківаў галавою, але падтрымаць размову не спяшаўся.
- Што ён там даследуе? Сапраўды - маразм... Памятаю, у Мінску столькі размоў было, быццам доктар Корвус вынайшаў спосаб рэгенерацыі клетак нервовай сістэмы... Чуткі хадзілі пра дзівосныя эскперыменты... А прыслаў даклад - глупства. Лепяшынскую падымае! Гэта ж усё роўна, як Лысенку сёння хваліць, які генетыку пахаваў. Зразумела, жонка памірае, у дзеда глузды едуць.
Пульманолаг нарэшце ціха прамовіў:
- Усё, што магу параіць - не чапайце Канкістадора. Яму нездарма такую мянушку далі. Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць. Зрэшты, тыя, што ГУЛАГ прайшлі, рэдка людзі адкрытыя дарэшты. І ўжо зусім не бесхрыбетныя. І самі ведаеце, хто да яго прыязджае лячыцца...
- Шарлатан! - сярдзіта выгукнуў Міценька, і ягоны твар чамусь нагадаў пыску вожыка. - Выйшаў на пенсію - сядзі... Не стварай другім цяжкасцяў... Баюся я яго, - раптам жаласна прамовіў загадчык цэнтра.
Пульманолаг тупаў проста па дробных лужынах, што ўтварыліся на чорным, нядаўна пакладзеным асфальце, ягоныя разбітыя чаравікі відавочна не ведалі беражлівых адносінаў.
- А ўявіце, Дзмітрый Іванавіч, што вы ці хтось з вашых блізкіх цяжка захварэў. Хвароба невядомая, нічога не дапамагае. Да каго б з усіх знаёмых дактароў вы пабеглі? Толькі шчыра... Ці не да пенсіянера-маразматыка Корвуса?
Міценька сярдзіта фыркнуў, яшчэ больш нагадаўшы вожыка, і моўчкі прыспешыў хаду. Пульманолаг таксама змоўк, толькі вусны ніяк не маглі пераадолець усмешку.
Канкістадор, ён жа стары маразматык, ён жа доктар навук Люцыян Станіслававіч Корвус, былы намеснік загадчыка рэспубліканскага тубдыспансера, сядзеў за лабараторным сталом і задумліва круціў у пальцах падвялую разлапістую някідкую кветку. “Чырвоны дракон”... Ніякая не чароўная расліна, ніякая не панацэя... Але падштурхнула думкі ў патрэбным напрамку, дзякуй святой Маргарыце. Толькі... Не ўсякія веды можна аддаваць у агульнае карыстанне. А той, каму патрэбныя адказы, хай прыедзе ў Апошні Прытулак.
Раздзел адзінаццаты. ВІРЫНЕЯ Ў ЗАЛЮСТРОЎІ
Людзі спаконвек баяцца нязвыклага. Калі замест аднаго дзіцяці нараджаюцца два. Калі дзіця нараджаецца з зубамі. Нават калі хтось занадта доўга жыве. Ці не з дапамогай нячыстай сілы? Калі ў 1720 годзе на Валыні была маравая пошасць, мешчукі мястэчка Красілава, шукаючы вінаватага, успомнілі пра стодваццацігадовую Проську Каплунку. Усё вялікае сваяцтва доўгажыхаркі на чале з зяцем Хведарам Млынаром не дало рады... Няшчасную схапілі, закапалі па плечы ды спалілі. Ды яшчэ і зяця змусілі аддаць камень са свайго млына, каб наваліць на месца спалення “вядзьмаркі”.
І вось чаму вінаватых звычайна шукаюць не сярод уладных падлюкаў, а пабліжэй ды паслабей? Каб учыніць свайму ж суседу “крышталёвую ноч” альбо “справу ўрачоў”.
Я ехала на заднім сядзенні Мацеевага “Форда” ў настроі самым адчайным. Ва ўласную кватэру пабаялася зайсці. Тэлефон так і не ўключыла. Я не ведала, што са мной будзе, калі сустрэнуся з уваскрэслым мужам. Растану, як Снягурка, выскалюся, як Валькірыя, альбо пайду на другі заход “распавядзі мне ўсё-усё-усё, ды так, каб я паверыла”.
Свет рассыпаўся на пікселі.
Я не ведаю, хто такі мой муж.
Я не ведаю, хто такая я.
Я не ведаю, куды і нашто еду. Чаму еду з Мацеем. Чаму зараз гляджу ў спіну былога аднакласніка, які кіруе сваё аўто па маршруце, пракладзеным чароўным трусам проста ў нару ў сюрэалістычны свет, а не звіваю гняздзечка з аднойдзеным Корвусам. Ці там ён Капытко?
Як ружу ні назаві, яна пахне ружай, казала непаўналетняя Джульетка падшыванцу Рамэа.
Праўда, наконт шкіпінару альбо дзягцярнага мыла тое ж спраўджваецца - як ні называй, смярдзіць.
- Там каля цябе тэрмас мусіць быць, з гарачай гарбатай, - усё яшчэ халаднавата прамовіў Мацей, углядаючыся ў чорны абрус асфальта, прашыты белымі ніткамі разметкі. - Канапкі ў зялёным пакеце. Шампанскага, прабач, у маёй фрэнд-зоне няма.
Я ледзь здушыла істэрычны смех.