- Ваш Татур, мусіць, сам багаты быў? - трохі пагардліва папыталася Жэнька.
- У даўгах сядзеў, як лыжка ў крупах, - пасміхнуўся Магістр. - Бацька часта ўспамінаў размовы, якія там, сярод старажытнай зброі і кніг, вяліся. Пра Вялікае Княства Літоўскае, пра сапраўдную гісторыю ліцвінаў - так у летапісах называлі беларусаў, і што трэба збіраць скарбы народнай культуры...
- Тое гаварылі нам і вы, Магістр, - Яўгенія змахнула са шчакі нахабнага камара. - Ніколі не забуду сваю першую археалагічную знаходку - двузубы відэлец шаснаццатага стагоддзя...
- А ў мяне - алавяны гузік ад мундзіра напалеонаўскага жаўнера, - прызнаўся нібыта вінавата Люцыян. - На мінскім замчышчы знайшоў. Бацькаў сябра-гісторык там у студэнтаў практыку вёў. А бацька яшчэ да рэвалюцыі дапамагаў Татуру, калі той даследваў курганы ў Лошыцы. Падобна, там існаваў горад, ля старажытнага тракту між Полацкам і Кіевам. Але пан, які валодаў той зямлёй, гэткі класічны феадальны самадур, Татура разам з памагатымі са сваіх уладанняў вытурыў, гарадзішча загадаў заараць і пабудаваў там сабе летні маёнтак.
- І чаму ж вы не пайшлі вучыцца на гісторыка?
- Ну, бацька таксама не быў служкам Кліа, звычайны тэрапеўт... І мачыха страшэнна не любіла гэтай... нацдэмаўшчыны. Татка ж быў знаёмы яшчэ з часоў гімназіі са многімі... ворагамі. Аляксандрам Уласавым, акадэмікам Ігнатоўскім, Вацлавам Ластоўскім...
Корвус прыкусіў свой доўгі язык... Хіба пра такое згадваюць, нават і ў лепразорыі, у размове з камсамолкай, савецкім урачом? Паспеў хоць уставіць слова “ворагі”...
- Мая маці аднойчы згадвала пра Ластоўскага, - няўважна прагаварыла Жэнька, нібыта адчуўшы насцярогу Магістра. - Прыходзіў да студэнтаў педфака. І мой бацька, здаецца, яго вельмі шанаваў... Але я так і не ведаю прозвішча бацькі. Хіба здабыць спісы матчыных аднакурснікаў, паглядзець, каго арыштавалі, ды вылічыць...
Зязюля закувала так трывожна, нібыта пералічвала загінулыя дуты. Яўгенія ўзнялася, падняла гросбух.
- Уставайце, пацыент, з халоднага бетону. Не хапала вам да кучы яшчэ і прастатыту.
Корвус як мог паспешліва ўзняўся, пастараўшыся не паказаць, што ў вачах трохі пацямнела ад напругі.
- Вы казалі пра недахоп персаналу. Я буду дапамагаць. Вы ж памятаеце, я не такі ўжо... тэарэтык.
Яўгенія абмерыла ягоную постаць непрыемна-ацэньваючым позіркам.
- Хочаце лаўраў Францыска Асізскага? Памятаеце, распавядалі пра яго, калі мы адкапалі ў лесе лепразорый. Адмаўляцца ад дапамогі не буду. Хто ў нас толькі не працуе...
Кіўнула галавой у бок корпуса з чырвонай цэглы. Хворага з марлевай павязкай, акуратна ўзяўшы пад локаць, вёў да дзвярэй высокі чалавек у белым халаце, худы, як пуга.
- Аддзяленне сухотнікаў... Санітар - ксёндз, айцец Станіслаў. Што глядзіце так здзіўлена? Патрапіў сюды як пацыент, зарабіў туберкулёз у фашысцкім канцлагеры. Тут і застаўся. Як, зрэшты, і вы, недабіты неўролаг-антыпаўлавец.
- Толькі не кажыце, што ў вас і праваслаўны бацюшка маецца, і рабін...
- Люцыян хацеў пажартаваць і зноў памыліўся. Гожы твар Жэнькі, з малочна-белай скурай з пяшчотнымі рабацінкамі, быў сур’ёзны, нават суровы.
- І поп ёсць. Серафім Мікалаевіч. Займаецца цяпліцамі. І рабін. Ногі паралізаваныя, але чалавек вясёлы і мудры, загадвае бібліятэкай. Цудам засталіся кнігі яшчэ ад ранейшых гаспадароў, на нямецкай, польскай, лаціне... А Саламон Барысавіч, мусіць, дзясяткі два моў ведае.
Корвус разгублена маўчаў.
- Ну што, вы настолькі ваяўнічы атэіст, што для вас непрымальна працаваць разам са служыцелямі культу ці лекаваць іх? - нахмурылася Яўгенія. Люцыян схамянуўся і пастараўся прамовіць як мага больш шчыра:
- Пры чым тут гэта... Я ж урач. І... кожны чалавек мае права на свае перакананні, няхай і памылковыя... калі яны не шкодзяць іншаму чалавеку.
- Добра, - Жэнька ўсё яшчэ глядзела пільна, як мытнік на магчыма фаршыраваную кантрабандай валізку. - Але ў нас усё-ткі трохі... замкнёны свет, і тут ёсць некаторыя правілы.
- Не дурань, разумею, - усміхнуўся Люцыян. - Калі здраджу - скідайце мяне з карабля проста ў хвалі!
- Скінем, не сумнявайцеся.
Доктар не жартавала.
- Толькі мы называем свой шпіталь не караблём... Гэта Прытулак. Апошні Прытулак.
Раздзел пяты. ЯК ХАКНУЦЬ СМЕРЦЬ
Чах! Чах! Уаў!
Зялёныя монстрыкі так і разляталіся на маніторы. Мацей спрытна мітусіўся пальцамі па тач-экране, нібыта кібер-павук сплятаў кібер-сетку для кібер-панкаў. Вось дарослы ж чалавек...