- Бо не варта савецкім людзям, якія толькі ачуньваюць пасля вайны, паказваць, што побач усё яшчэ існуюць такія страшныя, легендарныя хваробы, як лепра. Савецкая медыцына ж яе перамагла. Усё павінна быць прыгожа, як у фільме “Кубанскія казакі”. Вы памятаеце таемны ўказ 1948га наконт інвалідаў?
Люцыян апусціў галаву з пасівелымі скронямі.
- Я не хацеў верыць... Думаў, злыя жарты...
- Шмат гнюснасцяў адбываецца проста таму, што людзі лічаць за лепшае не верыць у іх, - прагучала жорстка. - А камусь прыйшло ж у галаву, што калекі псуюць карцінку пераможнага жыцця. Сабраць з вуліц інвалідаў- жабракоў, у большасці - франтавікоў, што не маюць сваякоў, і саслаць на Валаам... Нібыта каб забяспечыць прыстойнае лячэнне і догляд... Я ж бачыла, як іх грузілі ў вагоны. Як мяхі шпурлялі... Вунь таго, што на вазку,
- Жэнька паказала на чалавека-абрубка, загорнутага ў клятчастую коўдру, якога санітарка ўжо завозіла ў аднапавярховы корпус, - таксама мусілі саслаць. У нас іх дзесяць. Выхапілі проста з вакзала, з-пад ачаплення... Пётр Сымонавіч ухітрыўся. Там апынуўся ягоны сябар, з якім разам былі ў штрафной роце. Медалёў на парадак больш, чым жывой радні... Змог неяк падаць вестку, куды трапіў... А Сымонавіч арганізаваў яшчэ некалькі аднапалчан-штрафнікоў - яны ж бядовыя, хто выжыў, нічога не баяцца. Да таго ж большасць - крымінальнікі... Калі пабачылі, як франтавікі пакалечаныя на мокрым асфальце ляжаць покатам, чакаючы цягніка, а вакол міліцыянты... Карацей, учынілі з аховай, як калісь з фрыцамі, толькі што не забівалі. І выхапілі не толькі знаёмца, але й каго змаглі панесці, хто, вядома, сам папрасіўся. Дарэчы, трое з тых вызваліцеляў ахоўваюць наш шпіталь. Таксама Малгося дапамагла аформіць, каб старонніх не прыслалі.
З дзвярэй корпуса, куды завезлі бязрукага, зноў выехаў вазок. На гэты раз у ім сядзеў сівы, як дзьмухавец, інвалід з адной, левай, рукой і адной, правай, нагой - быццам жорсткія дзеці гуляліся з лялькай... Вазок штурхаў Пятро Сымонавіч - Корвус пазнаў яго здалёк па кульганні і каржакаватай паставе. На нейкае імгненне Сымонавіч павярнуў галаву ў бок ганка, на якім сядзелі дактарыца і пацыент у сіняй піжаме, але адразу рэзка адвярнуўся.
- Ён чамусь мяне ненавідзіць, - прызнаўся Люцыян.
- Наш санітар мала каго шануе, - сумна азвалася Жэнька. - Жыццё навучыла не давяраць. Ён да вайны сядзеў на Салаўках. Не прызнаецца, за што. Там, казаў, на Сякірнай гары ёсць такая драўляная лесвіца ў трыста шэсцьдзесят пяць прыступак. Асабліва зацятых зэкаў скідвалі адтуль, прывязаўшы ў мяшку да бервяна. Сымонавіч сцвярджае, ён адзіны, хто выжыў. А пасля трапіў у спецыяльную псіхіятрычную бальніцу.
- Ясна, - уздыхнуў Корвус. - Я ведаю пра СПБ, так званую спецдурку... Таго-сяго з тамтэйшых дактароў я не хацеў бы называць калегамі...
- Выбачайце, Магістр, але Сымонавіч вырашыў, што вы з тае ж пароды...
Позірк Корвуса спыніўся на брунатным пацёртым туфліку доктаркі, з шэрым шнурочкам, завязаным на банцік. Ніхто не здагадаецца, што на назе ў гэтым туфліку не хапае двух пальцаў...
- Ваш Сымонавіч не надта памыляецца. За мной хапае гнюсных учынкаў.
Жэнька сярдзіта страсянула галавой, страпянуліся лёгкія рудыя пасмачкі, што выбіліся з-пад шапкі.
- Калі вы зноў з-за таго здарэння, калі мяне схапілі... Ну колькі можна! Апускаеце вочы, пазбягаеце размоў... Вы ж дарослы чалавек, Люцыян! Хопіць сябе дакараць. Вы рабілі, што вымагалі абставіны!
Корвус суха засмяяўся.
- Пра абставіны - самае лепшае апраўданне для любога гнюса. Ведаеце, Яўгенія, я ж мог адразу зладзіць вам уцёкі, было некалькі зручных момантаў... Але не стаў - бо давялося б сябе выкрыць, збягаць з вамі. Вы маглі пазбегнуць жаху тае начы, калі ледзь не замерзлі насмерць... Я фактычна ахвяраваў вамі, як найменш каштоўным жаўнерам.
Жэнька хацела запярэчыць, але Люцыян перарваў яе абурэнне:
- І гэта не першы выпадак у маім жыцці, калі з-за мяне гінуць. Вы зацікавіліся, хто такая Мірачка, якой я трызніў... Міраслава, мая жонка. Таленавітая даследчыца. Мы працавалі ў адной лабараторыі. І разам былі арыштаваныя.
- Ну, пытацца “за што?” у такіх выпадках я перастала даўно... - горка зазначыла загадчыца.
У пальцах Корвуса апынуўся незаўважна адарваны ад піжамы гузік.
- Я ніколі не зразумею, чаму відавочнае глупства і шэрасць заўсёды падаюцца больш пераканаўчымі, чым талент. Чаму старэнькага, геніяльнага Івана Пятровіча Паўлава, светлая яму памяць, у дыспутах прадстаўляе ягоны нелюбімы, нахабны і бяздарны вучань. Чаму са зграі такіх недалёкіх выяўляюцца “ісцінныя паўлаўцы”, якія ганьбяць і ператвараюць у ворагаў народу “няісцінных”, “антыпаўлаўцаў”. А тыя “анты” проста працягваюць далей пошукі настаўніка, нешта абвяргаючы, удакладняючы... - Корвус ажно задыхаўся ад гневу. - Любую слушную ідэю на тле некрытычнага захаплення можна развіць да абсурду. “Паўлаўская псіхалогія”, “паўлаўская біялогія”... Усё багацце псіхічнай дзейнасці цяпер мусяць тлумачыць паводле ўмоўных рэфлексаў. Замест таленавіцейшага акадэміка Рубінштэйна ставяць малапісьменную персону, якая горда заяўляе, што яе галоўны ўклад у навуку - “цягнула Рубінштэйна з балота ідэалізму”. Аграбіёлаг Лысенка, шчыры дурань, прызначаецца апосталам усяе біялогіі. Як вы ставіцеся да “лячэння сном” па методзе Паўлава?
- Чаму б і не? Здаровы сон - найлепшыя лекі... — паціснула плячыма Жэнька.
Корвус сунуў няшчасны гузік у кішэню і задумліва крануў два птушкападобныя шнары, што прыкрашалі яго шчаку: адзін даўно пабялеў, другі наліты свежай барвай.
- Здаровы сон... А як расцэньваць, калі дзяцей, немаўлятаў, каб з дапамогай сна пабольш аздараўляліся, загадалі ў прытулках трымаць на барбітуратах? І яны ператвараліся ў алігафрэнаў? Наша лабараторыя сабрала матэрыялы, кіраўнік выступіў з дакладам пра шкоднасць вульгарызацыі “методыкі сну”... Арыштавалі нас усіх. Паколькі мы карысталіся некаторымі знаходкамі нямецкіх даследчыкаў, абвясцілі нямецкімі шпіёнамі. Зацята шукалі ў лабараторыі засланага агента, вярбоўшчыка. Так што Самусь сваімі прыёмамі мяне не здзівіў.
Корвус зноў пацёр упрыгожаную шнарамі шчаку і прыгорбіўся, як ягоны цёзка-крумкач.
- Мне пашанцавала. Сярод маіх пацыентаў быў адзін кантужаны камісар. З удзячнасці за ацаленне вырашыў выратаваць. І ўсю віну звалілі на Міраславу. Дачку менскага немца-чыгуначніка, якая нібыта падманам ажаніла мяне з сабой, каб займацца сабатажам у савецкай навуцы. Мне пасля расказалі, што Мірачка ўсё пацвердзіла, свядома ўзяла віну. Дзеля майго ратунку. Каб я тады ведаў, што адбываецца... Але я толькі ўпарта адмаўляў свае грахі. Не ведаў, не чуў... Выходзіла, як бы пацвярджаў словы жонкі. І яе расстралялі. А мяне вызвалілі. Умоўна. Пад нагляд. З забаронай займацца даследваннямі.
Корвус выплёўваў словы, як пякуча-горкія ягады.
- А мы гадалі, чаму наш біёлаг вядзе не біялагічны, а археалагічны гурток?
Жэнька няўважна круціла ў пальцах выпадкова сарваную сцяблінку, якая яшчэ нядаўна была знітаваная каранямі з зямлёй і жыццём.
- Так, я не мог, не меў права займацца хоць чымсьці падобным да сваіх ранейшых навуковых доследаў, - глуха прамовіў Люцыян, апусціўшы галаву. - Паціху вар’яцеў ад гора і пачуцця віны. Гурток - гэта ў памяць пра бацьку... Ён, калі быў гімназістам, хадзіў разам з сябрамі да менскага антыквара Генрыка Татура, на Гандлёвую ўзбярэжную. Столькі ўспамінаў пра тое, што як бы і я там пабываў. Дом як музей. Рыцарскія латы, старадрукі, абразы, пажаўцелыя мапы... Татур, лысы, барадаты, падобны да прарока Елісея, апантана збіраў усё, што тычыцца гісторыі Беларусі. Астатняе прадаваў і, калі кліент быў фанабэрыстым арыстакратам, спецыяльна цану накручваў. Князь Антоні Радзівіл так і не змог набыць у яго даспехі свайго продка, зазлаваў...