— Здорава ты з яго пыху збіў, — сцішана і з захапленнем сказаў Максім Пятровіч, які спачатку і да канца спрэчкі слухаў абодвух. — Ён лічыць сябе пупам зямлі, бегае часта да першага сакратара райкама, паказвае свае матэрыялы, выхваляецца. Неаднойчы бачыў яго ў кампаніі з тым, з органаў. Можа, ён і накапаў на нашага рэдактара. Зараз я чамусьці не сумняваюся ў гэтым. Меціць, пэўна, на яго месца. Лепш ты яго сцеражыся. Наступіш на гаўно, доўга смярдзець будзе. А што ён гаўно, ведае кожны. Галкіна, а гэта зусім нядрэнны хлопец, заганяў. Што б той ні напісаў, па два-тры разы прымушае перарабляць. Падмяў пад сябе адзіны ў рэдакцыі матацыкл і нікога і блізка не падпускае да яго. А нарыс твой гучыць свежа, напісаны добрай мовай і з веданнем псіхалогіі чалавека. Быў у райвыканкаме, то многія пыталіся пра аўтара. Хвалілі матэрыял. Так што і далей так трымай лейцы.
Пахвала загадчыка аддзела акрыліла Вадзіма, дала новы імпэт працаваць так, каб пасля не было брыдка. Цяпер вечарамі ён абдумваў новыя тэмы, у дасланых пісьмах шукаў герояў, ну, і абдумваў канву чарговага вялікага апавядання, звязанага таксама з партызанскімі буднямі. А матэрыялу такога хапала. Людзі пасля вайны яшчэ загойвалі раны, успамінамі вярталіся да тых невыносна цяжкіх дзён. Помніў Вадзім і пра дыпломную і ўжо рабіў такія-сякія накіды, вызначыўся і з тэмай: «Чалавек і яго доля», паводле паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Назва пакуль умоўная. Але што па гэтай паэме, якую ён вывучыў амаль што на памяць, ён зробіць дыпломную, ужо не сумняваўся.
Першай адгукнулася Люся. У канверт, акрамя спісаных некалькіх старонак, яна паклала тры высушаныя пялёсткі ружы. Чытаў Вадзім, і душа напаўнялася незвычайнай любасцю, жаданнем хоць на дзень-два вырвацца са звычнага кола сваіх абавязкаў і як на крылах ляцець да яе, каб прытуліць, пацалаваць і супакоіць. Але, ведаў, сарвацца ніяк не атрымаецца, бо чакалі прызначэння новага рэдактара, ды праз паўмесяца ён падрадзіўся падрыхтаваць літаратурную старонку. Зараз знаёміўся з вершамі, замалёўкамі, байкамі. Было тры апавяданні, адно з іх, трохі паправіўшы, можна было б друкаваць, астатнія — выключная слабізна: ні мовы, ні сюжэта, ні характараў, ні дзеянняў, якія рухалі б гэты сюжэт. Карацей кажучы, абы-што. З вершаў таксама можна было выбраць тое-сёе, але, як разумеў Вадзім, на паўнавартасную старонку, якая запоўнілася б, гэтага малавата. Вадзім ужо ведаў ад загадчыка, што ў адным з сельсаветаў жыве цікавы хлопец, інвалід дзяцінства, і яго вершы з задавальненнем друкавала абласная газета. Нават аднойчы трапіў на старонкі маладзёжнага часопіса. Прозвішча яго ці Васілёнак, ці то Васільчык, добра не памятае, але жыве ён у такой глушэчы, куды не ходзіць ні аўтобус, ні які іншы транспарт, апроч выпадковай калгаснай машыны. Калі ўжо ехаць туды, то хіба на рэдакцыйным матацыкле. Але ж паспрабуй выклянчы яго ў Замоціна. Ён тысячу прычын выдумае, каб не даць. І ўсё ж трэба нешта прыдумаць. Ён рашыў перагаварыць з Лявонам Галкіным, які таксама за рулём, але перагаварыць тады, калі ў іхнім пакоі не будзе Замоціна. Падпільнаваўшы момант, калі той пайшоў на абед (а абедаў Замоцін заўсёды дома), Вадзім падсеў да Галкіна, умольна паглядзеў на яго.
— Што трэба? — не адрываючы ручку ад паперы, спытаў той.
— Ды падымі ты галаву, — Вадзім уляпіў яму па лбе пстрычкай, — а то сядзіш, як гною кучка. Вакол жыццё кіпіць, а ты ўнурыўся і свету божага не бачыш. Вунь, дзяўчат колькі па вуліцы шпацыруе, на акно тваё паглядваюць. Свісні — і кожная твая.
— Нешта ты на лірычны лад настроіўся, — усё ж адарваўся ад паперы Лявон. — Што трэба? У сваты звадзіць?
— Во-во, — падхапіў Вадзім, — толькі не звадзіць, а звазіць. Дзеўку адну стрэў тут нядаўна, то, кажа, прыязджай, гарбуз не выстаўлю, прывечу як мае быць, накармлю ад пуза і напаю.
— Го, дзеля баршчу і катлеты гатоў ехаць на край свету, — зрыфмаваў Лявон.
— Ну, на край свету не трэба, а вось у Церахаўку добра было б, каб заўтра-паслязаўтра падкінуў. Яй-бо, дружа, выручы, свечку ў царкве за цябе пастаўлю.
— Ты гэта сур’ёзна? — вырачыў вочы Галкін. — Туды ж толькі на верталёце можна. Дарога скрозь па лясным пнёўі. Адзін толькі раз былі з Замоціным, але праклялі ўсё на свеце. Так што твая суджаная знарок паслала цябе к чорту на кулічкі.
— І ўсё ж, — даводзіў Вадзім, — трэба мне ў Церахаўку. Рыхтую літаратурную старонку, то трэба там да аднаго самародка наведацца, інваліда.
— Ды ведаю я яго, ведаю, — палагоднеў Лявон. — Алесь Васільчык. Цікавы хлопец, з вялікімі паэтычнымі задаткамі. Эх, яму б вучыцца, ды хто ў інваліднай калясцы прыме яго куды. Скончыў дзесяцігодку на выдатна, атрымаў залаты медаль. У яго толькі маці, а бацька ў партызанах загінуў. Так што ў гэтай глушэчы яны гібеюць удваіх.
Сваім аповедам Лявон падагрэў яшчэ большую цікавасць да хлопца. Вадзім усё ж вырашыў пагутарыць з Замоціным і пад выглядам напісання матэрыялу для сельгасаддзела наведаецца разам з Лявонам куды трэба. Замоцін, памятаючы нядаўнюю не вельмі прыемную яго спрэчку з Гурко, трохі паморшчыўся, але даў згоду на паездку абодвух на матацыкле.
Яны выехалі рана, яшчэ і васьмі не было. Падруліўшы да бензакалонкі, залілі поўны бак бензіну і рушылі спачатку па брукаванцы, пасля па пыльнай пясчанай дарозе ў бок возера Ляснога, што ў дваццаці кіламетрах ад райцэнтра.
Вадзім упершыню сядзеў на матацыкле і пакуль што адчуваў сябе няблага. Было, праўда, трохі халаднавата, бо на роўнай дарозе Лявон выціскаў з машыны максімальную хуткасць. Вецер, хоць Вадзім і сядзеў ззаду, ажно ірваў на ім адзенне. Дых займала на паваротах, а таксама калі траплялі на якую ямку. На адной з такіх калдобін ён ледзьве ўтрымаўся на сядзенні.
За нейкай шыльдачкай, збавіўшы рух, Лявон завярнуў улева. Пайшла лясная дарога, густа пераплеценая каранямі магутных дрэў. Было ўжо не да хуткасці. Тут толькі сачы, каб на паваротцы не наляцець на елку ці сасну, не ўдарыцца аб пень. Хоць даўно стаяла суша, у нізкіх мясцінах былі яшчэ глыбокія лужыны, пакрытыя масляністай плёнкай.
Вадзім, калі зусім сцішылі рух, ехалі на першай скорасці, убачыў пры дарозе два чарнагаловікі.
— Давай спынімся, — прапанаваў Лявону. — Ды і мяккае месца ўжо адбіў. Ты звыклы, а я ўпершыню на такім кані.
Паставіўшы матацыкл на падножку, патэпалі туд-сюд і набралі разам штук пяцьдзясят баравікоў. Лявон дастаў з кішэні плеценую сетку, склаў туды дабро, сказаў:
— Алесю Васільчыку і ягонай маці будзе невялікі падарунак. Хоць, пэўна ж, з грыбамі ў іх праблем няма.
Ехалі яшчэ з гадзіну.
— А як мясцовы калгас тут называецца? — гукнуў Вадзім. Лявон не адазваўся, бо ўскочылі ў вялікую лужыну, і матацыкл, чыхнуўшы раз-другі, чамусьці заглух.
— Вада, ліха на яе, трапіла ў карбюратар. Цяпер нам труба, — зняўшы туфлі і закасаўшы штаны, сказаў, ступаючы ў жыжу, Лявон.
Тое ж самае зрабіў і Вадзім. Удвух яны выцягнулі цяжкую машыну на сухое месца. Лявон пачаў думаць, што рабіць-чыніць. Трэба было разбіраць як не ўвесь матор, а гэта, ведаў, задача з нялёгкіх. Ды і вопыт патрэбен.
— Пакукуем мы тут, — пачухаў патыліцу. — Хоць бы яшчэ ключы адпаведныя былі.
Ён адамкнуў скрыначку, з замасленай анучы выняў і расклаў на траве ўвесь інструмент. Вадзім пачуваўся як бы вінаватым, што схіліў хлопца на такую рызыкоўную паездку. Ён таптаўся вакол матацыкла, не ведаючы, як і чым памагчы. Перш чым разбіраць сэрца машыны, Лявон зрабіў яшчэ адну спробу ажывіць яго. Зноў жа чых-пых, і ніякага выніку.
— Заб’е мяне Замоцін, — сказаў азадачана. — Заўтра ён сам збіраўся некуды ехаць.
Хлопец, сцякаючы потам (сонца ўжо падбіралася к поўдню), пачаў разборку карбюратара, іншага нічога не заставалася. Гадзіны паўтары корпаўся, насосам нешта прадзімаў і сушыў на сонцы. Калі ўсё зноў паставіў на месца, перахрысціўся.
— Ну, пан ці прапаў. Калі і на гэты раз нічога не атрымаецца, трэба хаваць машыну і тэпаць за пяць кіламетраў, не менш, у тую Церахаўку, шукаць якога механіка, які ведае тэхніку. А мо якая машына будзе ісці насустрач?
Гэты раз з цяжкасцю, пускаючы клубы чорнага дыму, матацыкл завёўся.