— Павел Іванавіч.
Вадзім назваў і сябе.
— О, то мы чакалі вас, думалі, што не прыедзеце. Мне Адам Вікенцьевіч казаў пра вас.
— А дзе ён сам? — сцішыў голас Вадзім. — Там у яго кабінеце.
— А-а, то адзін з органаў кампрамат на яго страчыў, нас па чарзе ўсё цягаў. Во жытуха, вайну перажылі, а гэтыя ўсюды і зараз шукаюць ворагаў. У Мінску, можа, не так. А нашы на месцах са скуры вылузваюцца, каб выслужыцца. Тут яшчэ па лясах фашысцкіх недабіткаў і іх памагатых хапае. Нападаюць на магазіны, забіваюць часам актывістаў. А гэтыя... Ат, што пра іх казаць.
— Майго сябра таксама хацелі выключыць з універсітэта, што ўтаіў пра бацькоў, якіх раскулачылі, хоць яны былі не больш, чым сераднякі. Хацелі з камсамола прагнаць, але мы ўсе разам неяк адбіліся.
— Вам пашанцавала, — ляпнуў далонню па стале Павел Іванавіч. — Не вельмі яны адступаюць ад таго, каму ўпіліся зубамі ў горла. Мальцава абвінавацілі ў нацыяналізме. Шыюць яму нейкі артыкул.
Вадзіма загадам в. а. рэдактара Галаўко прызначылі літсупрацоўнікам аддзела пісьмаў, даручыўшы, акрамя ўсяго іншага, раз у тры месяцы рыхтаваць літаратурную старонку. Загадчыкам аддзела быў былы літсупрацоўнік Максім Пятровіч Адашэвіч, досыць ужо сталы, пад пяцьдзясят гадоў, мужчына з вялікай дарожкай-лысінай праз усю галаву. У рэдакцыі ён лічыўся старажылам, выдатна ведаў раён, гісторыю вёсак, селішчаў, абхадзіў пешшу ці аб’ездзіў усе славутыя тут мясціны. Да Вадзіма ён паставіўся памяркоўна.
— Калі і назаўсёды застанешся, — казаў, паказваючы яму рабочае месца, — не пашкадуеш. Тут цікавыя людзі, якія многа перажылі, пабачылі. А дзяўчаты якія! Пабудзеш калі на танцах-шманцах, убачыш сам, колькі прыгажунь. Ды яны і самі цябе падчэпяць.
Перш-наперш Вадзім пачаў знаёміцца з падшыўкай «Бальшавіка». Узяў з першага студзеня і па сённяшні дзень. Матэрыялы былі галоўным чынам прысвечаны сельскім будням. Зараз распачалося жніво і карэспандэнцыі з месцаў з бляклымі фотаздымкамі расказвалі пра камбайнераў, якія сёлета збяруць ураджай не менш як па дваццаць цэнтнераў з гектара, пра даярак і свінарак, якія пад мудрым кіраўніцтвам роднай партыі, выконваючы яе запаветы, абавязваюцца даць дзяржаве шмат мяса і малака. Поспехам іхнім былі прысвечаны тры паласы. І толькі на чацвёртую старонку траплялі якія-небудзь допісы селькораў таксама з услаўленнем свайго жыцця-быцця. І рэдка калі мільгала штось крытычнае, галоўным чынам пра нядбайнага калгаснага брыгадзіра, які не паклапаціўся пра належны рамонт тэхнікі і тым самым байкатуе выкананне дзяржаўнага плана. Трохі чыхвосцілі п’яніц, тых, хто без дайпрычыны не выйшаў калі ў поле, на луг і тым самым нанёс гаспадарцы значную шкоду. Культурнае жыццё асвятлялася як бы мімаходзь, быццам галоўным было — напоўніць страўнік, амбар, бітон малака. Літаратурныя матэрыялы — вершы, апавяданні — страчаліся рэдка.
Чым больш Вадзім гартаў газету, тым больш расчароўваўся. Не, не сваім становішчам, у якое трапіў па добрай волі, а ўзроўнем журналістыкі. Можна ж і пра станоўчае пісаць больш жыва, укладваць у матэрыял душу, асабліва, калі размова ішла пра сапраўдных працаўнікоў, якія за мізэрныя заробкі (а што яны былі мізэрныя, ён ужо чуў ад многіх) не шкадавалі ні сіл, ні здароўя, робячы сваю справу. А як цікава можна было б паказаць чалавечыя лёсы! Людзі ж прайшлі праз пекла вайны. Многія вярнуліся ці то з арміі, ці то з партызан знявечаныя. Прыйшлі часта на папялішчы. І, знемагаючы ад ран, часта без усякай дапамогі дзяржавы, будаваліся, вылазілі з зямлянак, заводзілі сем’і. Вось пра ўсё гэта можна пісаць досыць цікавыя і змястоўныя нарысы. А прырода тут якая! Пра яе можна складаць цэлыя оды.
Пра ўсё гэта Вадзіму думалася са шкадаваннем, што, можа, давядзецца з тым-сім уступіць у спрэчку, адстойваючы свае пазіцыі. Ён ужо здагадаўся, што загадчык сельскагаспадарчага аддзела Замоцін тут задае тон усяму, бо яго сухія, расцягнутыя матэрыялы займалі дзве трэція плошчы газеты. Зараз і ён сам, і ягоны супрацоўнік Лявон Галкін былі на раёне і, пакуль Максім Пятровіч паказваў Вадзіму яго рабочае месца, яны на рэдакцыйным матацыкле памчаліся ў адзін з дальніх калгасаў. Так што ручкацца і знаёміцца з імі давядзецца толькі к вечару.
Асвойтваўся Вадзім на новым месцы цяжэй, чым думаў. На грошы, якія ён павінен быў атрымліваць, цяжка было плаціць за гасцініцу, і ён ужо прыкідваў, дзе знайсці прыстойны пакойчык у прыватным доме, у якім было б ціха, цёпла і ўтульна. Максім Пятровіч паабяцаў пагаварыць з адной жанчынай, у якой няма малых дзяцей, а тыя, што былі, з’ехалі хто ў Мінск, хто ў Полацк, і яна (муж у мінулым годзе памёр) зараз кукуе адна. То, можа, жанчына згодзіцца ўзяць яго і са сталаваннем. У іхняй сталоўцы і дорага, і нясмачна.
Такая перспектыва Вадзіму прыйшлася па душы. Неяк пасля работы яны пайшлі па ціхім зялёным завулку ажно ў самы канец яго, дзе злева бачны быў яшчэ здалёку ярка размаляваны, унушальнага памеру дом з зялёнымі аканіцамі. Гаспадыня — назвалася Варварай Вікенцьеўнай — чакала іх. Яна ласкава глядзела на Вадзіма, прапанавала абодвум сесці.
— Я не супраць кватаранта, — сказала, калі Максім Пятровіч, пазнаёміўшы са сваім саслужыўцам, дадаў, што хлопец не п’е, не курыць і дзяўчат не збіраецца сюды вадзіць.
— Ну, дай бог. А то быў у мяне адзін з леспрамгаса, то такі выпівоха і неахайны, ледзьве пасля яго хату прывяла ў парадак. Ну, а наконт сталавання... Нават і не ведаю. Што я сама ем, вам жа, відаць, не падыдзе, вы, напэўна, харчаваліся ў кафэ ці рэстаранах. А так гатаваць, як там умеюць, я не змагу. Так што глядзіце.
— Ну, што вы, Варвара Вікенцьеўна, — горача ўсклікнуў Вадзім, — якія кафэ, якія рэстараны. Мы са сваёй стыпендыі не ведалі, як канцы з канцамі звесці. А ўсё хатняе я люблю. Там боршч, бульба, агурок ці памідор, а зімою селядзец які.
— Ну, пры такой умове можна згадзіцца. Толькі плата каб была рэгулярная. Той леспрамгасавец па тры месяцы, бывала, не плаціў, усё жлукціў.
— Я пастараюся даваць вам наперад, — запэўніў Вадзім. — Цану толькі скажыце. І за пакой, і за сталаванне.
Жанчына, падумаўшы, назвала суму.
— Не вельмі цяжка для вас? — папытала спагадліва.
Вадзім з радасцю згадзіўся. У той жа вечар ён разлічыўся за гасцініцу і перанёс свае рэчы на новае месца жыхарства. Вырашыў, што з першай палучкі, акрамя як аддасць абяцанае гаспадыні, купіць сабе дзве прасціны, коўдру, ну, калі хопіць, то і падушку. Вечарам сеў пісаць пісьмо Люсі. Падрабязна расказваў, як ехаў, якія магутныя карабельныя сосны цягнулі ўгору, да сонца, свае верхавіны. І так на працягу ўсяго шляху. Пра рэдактара, пра тое, што з ім здарылася, вырашыў прамаўчаць — ці мала хто можа ўспароць канверт і прачытаць, што піша малады супрацоўнік. Спяцоў на такое хапае. Паведаміў, дзе і як пасяліўся. Пра ўражанне ад газеты таксама змоўчаў. Напісаў пісьмо на ўніверсітэцкі адрас і Рыгору, бо не быў упэўнены, ці дойдзе яно на хутар. У гэты ж вечар, прагульваючыся перад сном, занёс і кінуў лісты ў паштовую скрынку, бо канверты з маркамі ў яго былі куплены загадзя.
3
Замоцін аказаўся чалавекам злым і нядобразычлівым. Прачытаўшы першы Вадзімаў нарыс пра партызана, які прыйшоў з лесу пасля вайны абмарожаны, з ампутаванай левай нагой, ён, чалавек жалезнага характару, волі, здолеў узначаліць сельсавет, не пабаяўся ўступіць у канфлікт са старшынёй калгаса, адстойваючы інтарэсы сяльчан, Замоцін кісла скрывіўся, сказаў, што ўлада, фактычная ўлада, уся ў старшыні калгаса, а сельсаветчыкі былі і будуць у яго на пабягушках.
— Дык гэта хіба справядліва?! — загарачыўся Вадзім. — Вы не чулі, што пра вашага любімца калгаснага важака людзі кажуць. Як ён за некалькі каласкоў дзвюх жанчын аддаў пад суд, як абразаў пад саменькія хаты соткі, калі хто па хваробе нават не змог даць мінімуму працадзён. Гэта хіба чалавек?
— Але ж, — не здаваўся Замоцін, — ён добры гаспадарнік, яго паважаюць у раёне, ставяць у прыклад. Як-ніяк і на Дошцы гонару вісіць.
— Гэта не козыр, — Вадзім стаяў на сваім. — Знайшоўся б смелы журналіст з Мінска, то ён такога гаспадарніка хутка вывеў бы на чыстую ваду. Людзі мне расказвалі, як ён утойвае засеяныя плошчы, таму і ўраджай нібыта большы.
— Вось ты, калі такі разумнік, напішы сам пра гэта. Думаеш, нехта надрукуе?
— То лепш і хваліць такога не варта.
Яны б яшчэ спрачаліся, але да Замоціна прыйшоў знаёмы аўтар, і яны выйшлі разам падыміць.