— Пасядзі гондэ, — запрасіў Марцін, Аўдзееў равеснік, але яшчэ пакуль не жанаты, паказваючы на вольнае месца на лаве.
— Не, дзякую, пайду, дзіця адно дома пакінула. Пакуль спіць, вырашыла збегаць ды паклікаць.
— Ідзі, ідзі, — сказаў Аўдзей.
Таіса выйшла, а падслепаваты Якім, дваюрадны Аўдзееў брат, абурана сказаў:
— Гэта каб мною баба кіравала, я з ёю невядома што зрабіў бы.
— Спачатку ажаніся, а потым будзеш іншых вучыць, — адмахнуўся Аўдзей.
— Правучыў бы так, што яна і носа не высунула б з хаты, без майго дазволу.
Іншыя хлопцы падтрымалі Якіма, маўляў, бабе волю нельга даваць, бо на галаву сядзе, а дурноту трэба своечасова выбіваць, каб адчувала моцную руку. У Аўдзея ў душы паступова пачала закіпаць злосць на Таісу, якая ўнадзілася сачыць за ім, хадзіць на вячоркі, клікаць дамоў, быццам ён малое і неразумнае дзіця. Ён яшчэ не ведаў, што з ёю зробіць, як будзе вучыць розуму, але ўжо гняўліва падшукваў кару. Да ўсяго гэтага дадалася яшчэ адна прыкрасць. Думаючы пра жонку, страціў пільнасць у час гульні ў карты і застаўся дурнем. Адгульвацца не стаў, ведаў, што ўжо не выйграе, трэба было ісці дамоў і разабрацца з жонкаю. Таісу ён знайшоў у хляве, яна няўмела калупала віламі гной, не хапала сілы, каб падняць моцны пласт, утаптаны кароваю. Аўдзей, не кажучы ні слова, схапіў рыдлёўку, якая стаяла ў кутку хлява і з размаху цюкнуў жанчыну ў бок. Яна войкнула, спалохана зірнула на яго і, трымаючыся за бок, выбегла з хлява. Пакуль ён, хістаючыся выйшаў услед за ёю, пачуў, як бразнулі дзверы хаты.
— Нічога, я цябе і там знайду, — пагрозліва прамармытаў ён.
У сенцах прадбачліва прыхапіў таўкача, што ляжаў у чыстых начоўках, у якіх таўклі свінні бульбу. Таіса была ў хаце, расшпіліла ватоўку, і аглядала прасечаны бок. Ён моўчкі, толькі цяжка сапучы стукнуў таўкачом па нагах, разлічваў зваліць яе і потым добра адмалаціць, але яна ўтрымалася, кінулася ў сенцы і ўжо на двары ён пачуў яе крык.
— Хутка вернешся, я табе дадам, — гнеўна крыкнуў ён і сеў аддыхацца да стала.
Дзверы ў хату расчыніліся, на парозе з’явілася цётка Параска Рэчычанка, маці Ленінкі, яго сябра маленства, закрычала з парога:
— За што ты яе? За што? Яна дзяцей гадуе, тваю маці даглядае! Заб’еш яе, хто сірот будзе гадаваць?!
Рэчычанка шуляком наляцела на Аўдзея, біла яго па галаве, па плячы, быццам перад ёю сядзеў не дарослы мужчына, а паскудны падлетак. Яна яго так і ўспрымала, бо гадаваўся і рос на яе вачах. Наогул, у вёсцы так прынята, дзе не паспяваюць выхаваць бацькі, там дапамагаюць суседзі. Аўдзей трываў, нават не адбіваўся, толькі пасунуўся далей у кут, болю не адчуваў таксама, толькі сорам паліў яго, што Ленінкава маці дазналася пра ганебную ягоную справу. Нарэшце старая Параска адступілася ад Аўдзея, выйшла ў сенцы і прывяла Таісу, прымусіла яе зняць ватоўку, запэўніла маладзіцу, што Аўдзей яе болей не кране.
У Таісы быў не моцна прасечаны бок.
— Трэба рану гарэлкаю памазаць, — сказала яна Таісе. — Чым гэта ён цябе?
— Рыдлёўкаю.
— Скаціну рыдлёўкаю не б’юць, а ён чалавека, жонку родную! Ганьба! — абурана зірнула Параска на Аўдзея.
Той маўчаў, толькі пазіраў з-пад ілба.
— Што яшчэ баліць? — спытала Рэчычанка.
— Ногі, калені, — жаласліва адказала Таіса.
— Здымай панчохі.
Калені былі ў сіняках і апухлі.
— Вось гэта дык гэта, — толькі і сказала Рэчычанка. — Як на такіх нагах хадзіць будзеш? Вой, доля мая цёмная!
Яна пабегла дамоў, прынесла нейкую мазь, змазала пухліны, уздыхнула і сказала:
— Няма нічога горай, чым калі мужык сваю бабу не шкадуе. Няма ладу ў хаце — няма сям’і, няма нічога. Як тая талерка, што разбілася, дык не склеіш. Кладзіся ў пасцель, хварэй ды лячыся. Няхай здаровыя працуюць.
— Не, нельга мне, — запалохана запярэчыла Таіса.
— Кладзіся, кажу! Ён цябе болей не кране. Гэта ўсё па дурноце п’янай. Я пасяджу побач, павартую.
Калі Малаша вярнулася з гасцей, Таіса ўжо ляжала ў пасцелі. Пад вечар у нявесткі паднялася тэмпература, таму Рэчычанка паслала сваю нявестку па фельчарку Бабкову. Чакалі медыцынскай дапамогі.
— Твой дурань ледзь не забіў маладзіцу, — сказала Рэчычанка.