— Аўдзей казаў, што гэта твой гуляў ды яшчэ яго зводзіў, а ён не паддаўся. Не, не такі Аўдзей, каб мяне на нейкую самадайку памяняць.
Маладзіца злосна падцяла вусны і пашыбавала міма. Таіса засталася задаволеная, што адпомсціла пляткарцы, і пайшла ў хату паглядзець на маладых. Вяселле гуло. За сталамі людзі елі, пілі, спявалі, гутарылі. Маладыя красаваліся ў цэнтры стала. Ленінку вельмі пасаваў Аўдзееў цёмна-шэры гарнітур з гальштукам у блакітную і сінюю палоску. Маладая з твару была вельмі падобная на маладога, бываюць жа такія супадзенні. «Мусіць, шчаслівыя будуць. У што б гэты малады апрануўся, каб нас не было? — сама ў сябе спытала Таіса.
Таіса пашукала вачамі Аўдзея, усміхнулася яму. Нейкі незнаёмы чалавек, мусіць, родзіч з дальняй вёскі бабы Рэчычанкі, пасунуўся, даў Таісе месца за сталом, наліў чарку. Піць яна адмовілася, патлумачыла, што корміць дзіця, але пакаштавала жур з вялікай міскі, вінегрэт, смажаную рыбу, падзякавала за добрую кампанію ды і зноў падалася на вуліцу. Ад свякрухі яна ведала, што тутэйшы люд часта займаецца чараўніцтвам. Каб людзі шмат не елі, пад стол утыкаюць іголкі. Смажаную рыбу пырскаюць сырою вадой, тады абжораў прабіраў панос. Мусіць, цётка Параска такога паскудства не рабіла, бо ўсе госці спраўна елі.
На вуліцы па-ранейшаму натоўп цешыўся з пудзіла, выстаўленага на высокай тычцы. Малаша стаяла ў гурце, смяялася разам з усімі. Яна паспела ўжо выпіць і закусіць, а цяпер мела намер выканаць заўсёдную сваю місію. На кожным вяселлі, куды яе запрашалі, яна пераапраналася ў ведзьму і ганялася за дзецьмі. Яе твар, вымазаны сажаю, распушчаныя валасы, вывернуты кажушок і памяло ў руках станавіліся ўвасабленнем магчымага зла, якое ў сапраўднасці можа напаткаць чалавека. Трэба быць заўсёды гатовым сустрэць яго, няхай лепш так ва ўяўным вобразе, чым на самай справе. Спачатку Малаша спудзіла дзяўчат, якія скакалі каля Ленінкавай хаты, потым пабегла ўздоўж вуліцы, бо ўдалечыні ўбачыла, што дзеці вяртаюцца са школы. Кінулася ім насустрач. Разагнала, бы куранят. Адны са страхам уцякалі, іншыя спрабавалі падражніць старую, трохі адбягалі, паказвалі языкі, крычалі:
— Ведзьма! Ведзьма!
— Зараз злаўлю! Вы ў мяне будзеце ведаць! — пагражала Малаша і гналася за нахабнымі хлапчукамі.
Ліза, вяртаючыся са школы, таксама ўбачыла бабу Малашу. На душы зрабілася прыкра і сорамна. Дзеці дражнілі старую, шпурлялі каменнем, ставіліся, як да блазна. Ліза не стала ўцякаць, пайшла сваёю дарогаю. Ведзьма таксама зрабіла выгляд, што не заўважыла яе.
Таіса здалёку ўбачыла пераапранутую старую і не адразу пазнала свякроў. Калі ж тая наблізілася, дык Таіса ажно здрыганулася і злосна падумала:
«Не баба, а чортава маці. Гэта ж трэба дадумацца да такога паскудства...»
17
Аўдзей працаваў два месяцы, а пасля геадэзісты і геолагі з’ехалі. Цяпер у яго з’явілася шмат вольнага часу. Ён зноў уліўся ў гурт маладых хлопцаў і мужчын, якія ад няма чаго рабіць збіраліся ў якой-небудзь хаце, выпівалі, гулялі ў карты, планавалі, куды ім паехаць на лета на заробкі, па-мужчынску бавілі час. Аўдзей не прыходзіў дамоў на абед і вячэру, бо там, дзе пілося, там знаходзілася і такая-сякая закуска. На каляды вярнуўся дамоў моцна п’яны пад ранне, спяваючы розныя брыдкія прыпеўкі. Таіса, колькі было сілы, трывала, а потым паскардзілася свякрусе, на што тая адказвала:
— Схавай сабе яго пад спадніцу!
Паўтаралася ўжо аднойчы перажытае, толькі ў значна горшым варыянце. Як жа так магло здарыцца, што яе Аўдзей, які раней п’янеў ад кухля піва, цяпер без усялякай меры жлукціў гарэлку? Хто вінаваты? Жыццё? Доля? Праклён бабулі Аксінні? Ужо ў які раз Таіса дакарала сябе, што згадзілася прыехаць сюды, дзе за ёю быццам зачынілася пастка, з якой немагчыма выбрацца. Ды хіба Таіса адна такая? Вунь і Піліп Машынка прывёз аднекуль маладую і прыгожую дзяўчыну, гарадскую, казаў, у цягніку пазнаёміўся. Угаварыў, паехала з ім. А цяпер ходзіць яна, бы ў ваду апушчаная. Не ўяўляла нават, што можна раптам трапіць у такую галечу ды нішчымніцу. Адна радасць, што слухаць, як Машынка на гармоніку грае. Ёй лягчэй, яна дзяцей не мае. Казала па сакрэце, што, мусіць, з’едзе адсюль вясною. Бяда жанчынам, вераць падманшчыкам, спадзяюцца на шчасце. А ці існуе яно наогул?
Добра, што Малаша сабралася ў госці да сястры ў іншую вёску, хоць сёння можна адпачыць ад яе спеваў, падобных на воўчае выццё. Але, адыходзячы загадала выкідаць гной з хлява. Хіба ж гэта жаночая справа? Паспрабавала Таіса з віламі падымаць тыя ўтрамбаваныя пласты ды і зразумела, што адной ёй гэтую справу не зрабіць. Аўдзей яшчэ зранку падаўся да Марціна, дзе звычайна збіраліся хлопцы. Дарэмна чакала да абеду, а потым вырашыла пайсці ды паклікаць яго дамоў. Яшчэ з сяней Таіса пачула спевы, пастаяла, прыслухалася.
Ой, прыйдзе Ладзька,
Ладзька кульгавы насміхаецца:
— Ой, за што, за што гэта басота напіваецца?
Яна ведала, што Ладзька — тутэйшы заможны гаспадар, які своечасова ўступіў у калгас, таму не быў вывезены, трымаў пасеку. У ягонай прасторнай хаце размясцілася школьная канцылярыя.
П’емо гарэлку, п’емо наліўку, будзем піць віно,
А як хто прыдзе з нас насміхацца, будзем біць таго.
Даляталі з хаты дружныя галасы. Песня абарвалася, але тут жа нехта зацягнуў прыпеўку:
Бегла мышка па дарозе.
Няма хлеба у калхозе.
У амбары трохі е,
Ладзькаў Вася не дае.
«Даўся ім гэты Ладзька, зайздросціць галыцьба багатаму чалавеку», — падумала Таіса. Яна ведала, што той Вася, пра якога спявалі, працаваў каморнікам у калгасе. Адчыніла дзверы. У хаце было моцна накурана, здавалася, што нават сцены вылучалі агідны тытунёвы пах, шмат хлопцаў масціліся вакол стала на лаве і ўслонах.
Таіса прывіталася і сказала мужу:
— Пойдзем, Аўдзей дахаты. Маці сказала, каб гной выкідалі...
— Добра, ідзі, зараз дагуляю і прыйду, — адказаў ён.
— Дык я буду чакаць.